Сяргей Калякін абяцае злавіць фальсыфікатараў за руку

Радыё "Свабода"

Грамадзянская кампанія "За свабодныя выбары" накіравала ў ЦВК падрыхтаваную сумесна з праваабарончымі арганізацыямі заяву аб парушэньнях, дапушчаных ініцыятыўнай групай, якая зьбірае подпісы за вылучэньне Аляксандра. Лукашэнкі. Галоўнае абвінавачаньне — у выкарыстаньні адміністратыўнага рэсурсу.

Зварот у Цэнтравыбаркам падпісаў адзін з сустаршыняў кампаніі "За свабодныя выбары", старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін. У ім пералічаныя канкрэтныя выпадкі, калі подпісы за А. Лукашэнку зьбіралі не сябры ягонай ініцыятыўнай групы, а таксама прыклады ўдзелу адміністрацыяў арганізацый у зборы подпісаў. Такое зафіксавана ў шэрагу ВНУ, школ і дзіцячых садкоў, — зазначыў Сяргей Калякін:

"Тут прысутнічаюць у асноўным працаўнікі асьветы, і выбарнікі справядліва зьвязваюць гэта з тым, што ініцыятыўную групу А. Лукашэнкі ўзначальвае міністар адукацыі грамадзянін Радзькоў. Гэты адміністратыўны рэсурс выкарыстоўваецца ў парушэньне закону".

На думку Сяргея Калякіна, ЦВК, якая вынесла папярэджаньне Ўладзімеру Някляеву, мусіла б адрэагаваць і на гэтыя факты парушэньняў Выбарчага кодэксу. Апрача таго, спадар Калякін далей настойвае на тым, што сама ініцыятыўная група А. Лукашэнкі была зарэгістраваная незаконна, бо той не падаў дакумэнты ў ЦВК асабіста, і патрабуе, каб скарга наконт гэтага была разгледжаная Цэнтравыбаркам як калегіяльным органам.

Яшчэ адзін дакумэнт кампанія "За свабодныя выбары" накіравала ў ЦВК за подпісамі ўдзельнікаў выбарчай гонкі Алеся Міхалевіча, Віталя Рымашэўскага, Рыгора Кастусёва, Уладзімера Някляева і Яраслава Раманчука. У гэтым дакумэнце прадстаўленыя шэсьць праектаў пастаноў, якія ЦВК мелася б прыняць, каб забясьпечыць празрыстыя і справядлівыя выбары,— паведаміў іншы сустаршыня кампаніі "За свабодныя выбары" Віктар Карняенка:

"Мы не патрабуем зьмены выбарчага заканадаўства. Зразумела, што падчас правядзеньня выбараў гэтым займацца немагчыма. Мы зьвяртаемся да ЦВК з такой прапановай, каб зрабіць тлумачэньне палажэньняў закону, каб па ўсёй краіне выбарчы закон прымяняўся аднолькава".

У прыватнасьці, прапануецца зафіксаваць прыярытэт палітычных партыяў у фармаваньні выбарчых камісіяў, надаць кандыдатам роўнае права на ўдзел у сустрэчах з выбарцамі і доступ да дзяржаўных СМІ, гарантаваць, каб назіральнікі маглі бачыць працэс падліку бюлетэняў.

Сама кампанія "За свабодныя выбары" зьбіраецца вылучыць каля 1200 сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, а таксама 1650 назіральнікаў. Для ўсіх іх бліжэйшым часам будуць арганізаваныя трэнінгі, — паведаміў Сяргей Калякін.

Спадар Калякін заявіў, што актывістам кампаніі вядомыя асноўныя мэтады масавых фальсыфікацыяў і маніпуляцыяў з выбарчымі бюлетэнямі, таму назіральнікі будуць дамагацца права кругласутачна сачыць за выбарчым працэсам ад самага пачатку датэрміновага галасаваньня.

"Мы абяцаем, што мы зловім за руку, не татальна, але абавязкова зловім за руку і пакажам усёй Беларусі, як вядзецца фальсыфікацыя шляхам такога ўкідваньня галасоў. Для гэтага ёсьць дастаткова магчымасьцяў, але я пра іх пакуль ня буду прадметна казаць".

Паводле спадара Калякіна, цяпер улады рыхтуюць варыянт фальсыфікацыі, пры якім бюлетэні ўвогуле ня будуць лічыць, а будуць толькі агучваць даведзеныя зьверху лічбы:

"У выканкамах даўно ўжо створаныя так званыя сакрэтныя пакоі, куды мае доступ вельмі абмежаванае кола людзей. І іх актыўна выкарыстоўваюць падчас выбарчай кампаніі: вырабляецца два камплекты бюлетэняў — ня 7 мільёнаў, а 14. Зь іх адна частка загадзя складваецца ў выканкаме ў такім пакоі, і патрэбны вынік даводзіцца старшыням камісіяў, а другі камплект сапраўдных бюлетэняў складваецца ў зусім іншым месцы. А потым адбываецца іх падмена".

Сяргей Калякін папярэдзіў улады, што актывісты кампаніі "За свабодныя выбары" маюць у выканкамах сваіх інфарматараў і будуць рабіць усё магчымае, каб выкрыць такія фальсыфікацыі.

У кампанію "За свабодныя выбары" ўваходзяць 14 розных аб'яднаньняў, яе падтрымліваюць ініцыятыўныя групы апазыцыйных кандыдатаў на ўдзел у выбарчай гонцы. Сяргей Калякін мяркуе, што кампаніі ўдасца паставіць пад татальны кантроль 250 участкаў па краіне.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров