Як стаць назіральнікам за парламенцкімі выбарамі?


Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» запрашае актыўных беларусаў да назірання за парламенцкімі выбарамі, што пройдуць у верасні. Стаць назіральнікам на беларускіх парламенцкіх выбарах вельмі проста. Паводле закона, любы грамадзянін Беларусі, якому ўжо ёсць 18 гадоў, мае права ўдзельнічаць у кантролі за выбарамі. Назіраць можна ў любой кропцы краіны, незалежна ад месца рэгістрацыі.

«Назіранне за выбарамі дае магчымасць кожнаму на свае вочы ўбачыць, як адбываюцца выбары ў Беларусі, — кажа кіраўніца праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» Анастасія Матчанка. — Назіранне можа даць вельмі шмат не толькі для разумення функцыянавання дзяржавы, але і пойдзе на карысць усяго грамадства. Я раю ўсім, хто збіраецца назіраць падчас гэтай кампаніі, азнаёміцца з заканадаўствам, найперш выбарчым Кодэксам і адпаведнымі пастановамі ЦВК, каб быць больш падрыхтаванымі і назіраць з улікам існых правіл і працэдур. Уся інфармацыя аб іх будзе збірацца на сайце www.eotp.info».

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» дапаможа кожнаму, хто вырашыў стаць назіральнікам за выбарамі. Для гэтага дастаткова запоўніць невялікую анкету на сайце праекту і быць гатовым правесці на ўчастку для галасавання як мінімум 13 гадзін у дзень выбараў.

Даведка: Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» спрыяе распаўсюду ідэі назірання за выбарамі на Беларусі і мае на мэце скарыстаць міжнародны досвед правядзення выбараў у Беларусі. Праект з’яўляецца непалітычным, прасоўвае ідэю незалежнага, грамадскага назірання на Беларусі і прыцягвае да назірання неабыякавых актыўных беларусаў.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров