• Проекты UDF.BY:
  • Выборы США 2016
  • Выборы в Парламент 2016
  • Посредник
  • UD@F
  • Прас-Тайм
  • Цитаты недели
  • Проект-ПОЛИТИКА
  • Другие проекты

Рух “За Свабоду”

Пра стварэнне руху было абвешчана 25 сакавіка 2006 года. З той пары пачалася арганізацыйная праца. Праведзены чатыры ўстаноўчых сходы. Аднак толькі ў снежні 2008 года рух "За свабоду" быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі. Узначальвае рух былы кандыдат у прэзідэнты ад Аб'яднаных дэімакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.

Стратэгічнымі мэтамі руху "За Свабоду" з'яўляецца дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі, узмацненне незалежнасці краіны, развіццё грамадзянскай супольнасці і абарона правоў чалавека, а таксама — паступовая інтэграцыя Беларусі ў Еўрасаюз.

На сённяшні момант рух прадстаўлены ў 64 са 118 раёнаў Беларусі і ў Мінску.

У дзейнасці руху ўзялі ўдзел больш за 1200 грамадзян па ўсёй краіне. Бальшыня актывістаў руху (61%) з'яўляюцца беспартыйнымі, сярод іх шостая частка прымае таксама ўдзел і ў дзейнасці іншых НДА. 21% прадстаўлены актывістамі палітычных партыяў. Каля 18% з'яўляюцца сябрамі моладзевых грамадска-палітычных арганізацыяў ды ініцыятываў.

Цягам 2007-2008 гадоў рэгіянальнымі актывістамі руху было праведзена больш за 50 лакальных і рэгіянальных мерапрыемстваў.

Шмат працы праводзілася па папулярызацыі "пазітыўнай альтэрнатывы і еўрапейскага выбару для Беларусі". Агулам было распаўсюджана больш за 15 тысячаў інфармацыйных буклетаў.

Ад лістапада 2008 года адбываюцца штотыднёвыя "Еўрапейскія-Ўік-энды".
Па ініцыятыве руху "За Свабоду" была створана "Рада Еўрапейскай Інтэграцыі".

На сённяшні дзень рух "За Свабоду" стала супрацоўнічае з выдаўцамі 48 рэгіянальных бюлетэняў. Інфармацыйныя матэрыялы рэгулярна распаўсюджваюцца накладам 100-120 тыс. асобнікаў на месяц. Каардынацыйная сетка руху мае магчымасць вырабіць і распаўсюджваць да 500 тыс. разавых накладаў інфармацыйных матэрыялаў.
Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 году быў створаны і дзейнічае Камітэт абароны рэпрэсаваных. На сённяшні дзень па дапамогу ў Камітэт звярнулася больш за 1500 чалавек.

Прыярытэтнымі для руха "За Свабоду" застаюцца наступныя накірункі дзейнасці па дэмакратызацыі і еўрапеізацыі Беларусі: інфармацыйны; адукацыйны; праваабарончы; аналітычны; культурніцкі.

Рух "За Свабоду" будзе працягваць развіццё дыялогу з уладамі Беларусі, Еўрасаюзам і ЗША з мэтай паскарэння працэсаў дэмакратызацыі краіны, пашыраць і легалізаваць свае структуры ў рэгіёнах.


Мілінкевіч Аляксандр Уладзіміравіч


Нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, абараніў дысертацыю "Механізм генерацыі звышмоцных лазерных імпульсаў" (1976), скончыў аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР, малодшы навуковы супрацоўнік (1972), фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, спецыяльнасць – настаўнік (1969).

Працаваў дацэнтам фізічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта ім. Янкі Купалы (1994-2000 гг.); намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Займаўся пытаннямі адукацыі, культуры, рэлігіі, аховы здароўя, СМІ, міжнародных адносінаў, спорту, моладзі і аховы гістарычнай спадчыны (1990-1996 гг.); загадчыкам кафедры Сетыфскага універсітэта (Алжыр, 1980-1984 гг.); дацэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы (1978-1980 гг., 1984-1990 гг.); інжынерам і старшым выкладчыкам Гродзенскага педінстытута (1976-1978 гг.); малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН БССР (1972-1976 гг.); школьным настаўнікам (1969 г.).

У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе Дэмакратычных сіл Беларусі быў абраны адзіным кандыдатам у прэзідэнты РБ ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл (10.2005-03.2006 гг.); кіраўнік праграм Фонда Садзейнічання лакальнаму развіццю (2003-2006 гг.); кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў Прэзідэнты РБ – С.М.Домаша (2001 г.); ініцыятар стварэння рэспубліканскага аб'яднання "Рэгіянальная Беларусь" (2001 г.); старшыня Гродзенскага гарадскога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Таварыства Беларускай Школы" (03.2003-02.2005 гг.); кіраўнік Беларускай Асацыяцыі Рэсурсных Цэнтраў (1999-2005 гг.); старшыня Гродзенскага абласнога грамадскага аб'яднання "Ратуша" (1996-2003 гг.).

Лаурэат прэміі Еўрапарламента ім.А.Сахарава "За свабоду думкі" за 2006 г. (10.2006 г.).

Вядомы краязнаўца, даследчык гісторыі і рэстаўратар вядомага, найстарэйшага ў Еўропе гродзенскага вежавага гадзінніка (XV – XVI стст.). На працягу 10 гадоў быў аўтарам і вядучым праграмы па гісторыі краю на гродзенскім тэлебачанні.

Паходзіць з праваслаўнай сям'і.

Жанаты, мае двух сыноў.

Валодае, акрамя роднай беларускай, чатырма замежнымі мовамі – англійскай, французскай, польскай і рускай.


Кантакты


Сайт: www.milinkevich.org

Тэлефоны: Мілінкевіч Аляксандр Уладзіміравіч (старшыня) - +375-17-280-88-63

Эл.пошта: info@milinkevich.org