Галоўная задача АДС – абарона сацыяльных правоў грамадзянаў

"Радыё Рацыя"
4 апреля 2009, 14:17
Дапамога грамадзянам у вырашэнні іх непасрэдных сацыяльных праблем павінна стаць галоўным накірункам дзейнасці Аб’яднаных дэмакратычных сіл падчас крызісу. Менавіта ў гэты бок скіраваны другі этап Сацыяльнага марша, пра які распавядалася падчас Антыкрызіснага форума, які адбыўся ў панядзелак у Менску.

Паводле каардынатара Сацыяльнага марша Валерыя Ухналёва, першы этап кампаніі адбыўся яшчэ ў 2007 годзе, пасля таго як улады пазбавілі насельніцтва большасці сацыяльных ільгот. Тады па ўсёй краіне адбываліся пікеты, а вынікам кампаніі стала правядзенне масавай акцыі пратэсту ў Менску. Аднак выцягнуць на вуліцу шмат людзей апазіцыя не здолела. Цяпер фармат кампаніі вырашана перагледзіць, распавёў у інтэрв'ю "Радыё Рацыя" Валер Ухналёў:

- Мы б хацелі, каб удзел у Сацыяльным маршы прыняла больш шырокае кола людзей, а не толькі нашыя актывісты, якія ў любым выпадку падтрымліваюць нашыя акцыі. І толькі пасля таго, як мы паразмаўляем з людзьмі, калі яны даведаюцца, што мы прапануем у плане сацыяльнай абароны, і чаго ня здольныя зрабіць улады, мы будзем рыхтаваць масавыя акцыі пратэсту.

Эканаміст Аляксандр Чубрык у сваім выступе перад удзельнікамі форума таксама адзначыў, што сацыяльная абарона людзей ва ўмовах крызісу выходзіць на першае месца. Эксперт параіў апазіцыі звярнуць увагу на такую частку насельніцтва, як беспрацоўныя:

- У нас зараз па дадзеных, якія нідзе не публікуюцца, недзе каля 300 тысячаў беспрацоўных. З гэтых 300 тысячаў 40 тысячаў – зарэгістраваныя беспрацоўныя, але толькі палова з іх атрымоўваюць дапамогу ў памеры каля 50 тысячаў беларускіх рублёў. Гэта нельга назваць сацыяльнай абаронай.

На яшчэ дзве сацыяльна неабароненых групы людзей звярнуў увагу прысутных былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта Анатоль Паўлаў:

- Гэта моладзь і пенсіянеры. І мы павінны ў межах Антыкрызіснай платформы больш сур’ёзна папрацаваць над рэформай пенсіённай сістэмы і сацыяльнай абароне моладзі. Улады ўжо дайшлі да абсурда. Хутка дзяржаўныя ўступныя іспыты абітурыенты будуць здаваць за ўласныя грошы. Я нават не магу ўзгадаць, дзе яшчэ такое ў свеце практыкуецца.

Кіраўнік зарэгістраванай ў Кіеве арганізацыі "Саюз – Чарнобыль – Беларусь" Аляксандр Ваўчанін прапанаваў дадаць да сацыяльна неабароненых тых людзей, якія ўзялі ў банках крэдыты, а зараз не ведаюць, як разлічыцца па пазыках:

- Я не хачу спекуляваць на фінансавым крызісе, і казаць, што трэба таўчы ўлады, але без нашай дапамогі дзяржава ніколі самастойна не будзе вырашаць гэтае пытанне. Але калі сям'і няма чаго есці, а не тое што расплочвацца па крэдытах, то яе гэта тэма павінна ўсхваляваць. І мы, як прадстаўнікі апазіцыі, павінны наўпрост пра гэта казаць.

Паводле сацыялагічных дадзеных, пакуль беларусы яшчэ не адчулі на сабе ўсіх наступстваў крызісу. Аднак арганізатары Сацмарша ўпэўненыя, што да восені градус незадавальнення ўладамі сярод простых грамадзянаў будзе падвышацца, што можа прывесці да масавых акцый пратэсту. Прычым, падчас гэтых акцый апазіцыя будзе выходзіць ужо і з палітычнымі патрабаваннямі – адстаўкі ўраду і правядзення ў краіне свабодных дэмакратычных выбараў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDF ❯ Галоўная задача АДС – абарона сацыяльных правоў грамадзянаў