Беларусаў звольняць, каб прывезці на працу кітайцаў

"Еўрарадыё"
12 мая 2009, 09:55
Кітайцам, якія збудуюць беларусам цеплаэлектрастанцыю, дастаткова двух квадратных метраў жыллёвай плошчы на час працы. А хадзіць на свае працоўныя месцы яны будуць калонай.

Тэндэр на будаўніцтва новай цеплаэлектрастанцыі на месцы старой ЦЭС-5 непадалёк ад гарадскога пасёлка Рудзенск Пухавіцкага раёна выйгралі кітайцы. Прывабнасцю сваіх прапаноў яны абыйшлі 11 канкурэнтаў. Прычым не толькі беларускіх, але і замежных. Згодна са словамі галоўнага інжынера ЦЭС-5 Вячаслава Шыманоўскага, кітайцы выйгралі тэндэр на будаўніцтва абгрунтавана.

Вячаслаў Шыманоўскі: "Паводле паказчыкаў — справядліва. У іх больш эканамічны блок і больш танны, чым у расіян".

А вось намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама па пытаннях будаўніцтва, архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Іосіф Кучко лічыць, што тут не абыйшлося без палітыкі.

Іосіф Кучко: "Тут больш, напэўна, палітыкі, мне так падаецца. Апроч таго, і абсталяванне кітайскае, турбіну яны сваю вязуць з Кітая. Таму ў падмурак пакладзена тое, што ўсё кітайскае, выраблена ў Кітаі, і наладка — таму, відаць, і будаваць у нас будуць яны".

Ды й народ кітайцы непатрабавальны. Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама, кіраўнікі кітайскай фірмы супакоілі мясцовае кіраўніцтва тым, што іх працоўным трэба ўсяго 2 квадратныя метры жылой плошчы на чалавека.

Іосіф Кучко: "Там ёсць будынак вольны, трохпавярховы, дзе ў іх будзе інтэрнат. Наколькі я валодаю сітуацыяй, іх кіраўніцтва сказала, што ім патрэбна не больш за 2 квадратныя метры на чалавека плошчы. Апроч таго, яны на працу і з працы калонамі ходзяць. Таму яны і перашкаджаць там нікому не будуць".

Але галоўны інжынер ЦЭС-5 абверг словы чыноўніка райвыканкама. Як кажа Вячаслаў Шыманоўскі, інтэрнатаў пры электрастанцыі і сваім не хапае. Таму кітайцам давядзецца самастойна будаваць сабе нейкае жытло.

Вячаслаў Шыманоўскі: "У нас зараз няма ніякага інтэрната, якога было б дастаткова кітайцам! Зараз прапрацоўваюцца розныя варыянты, у тым ліку і будаўніцтва інтэрната і выдзялення ім плошчаў пад гэта будаўніцтва. Бо тыя інтэрнаты, якія сёння ў нас ёсць, яны занятыя нашымі спецыялістамі і спецыялістамі падрадных арганізацый упраўлення будаўніцтвам".

Дарэчы, згодна з яго словамі, не ўсе працы на новай ЦЭС будуць выконвацца кітайцамі — пэўны кавалак перападзе і айчынным арганізацыям.

Вячаслаў Шыманоўскі: "Вялікія праблемы з прыцягненнем замежнага персаналу. Нейкі будзе, канечне, я так мяркую, спецыялісты вузкага профілю кітайскія будуць. Але, хутчэй за ўсё, будуць прыцягвацца і ЦЭМы (Цэнтрэнергамантаж), і будаўніча-мантажны комплекс нашы, без гэтага нікуды не дзецца".

Галоўны інжынер ЦЭС-5 Вячаслаў Шыманоўскі не сумняваецца ў якасці будаўнічых і інжынерных работ, якія будуць выконваць кітайскія будаўнікі і спецыялісты.

Вячаслаў Шыманоўскі: "Гэта сучасны і эканамічны блок, які яны будуць будаваць у нас, на базе японскага абсталявання. Яны закупілі ліцэнзіі, заводская вытворчасць вельмі высокага ўзроўня. Такіх блокаў яны ўжо зрабілі 16 штук. І паспяхова 12 эксплуатуюць у сябе і за мяжой".

Вось толькі Леанід Рыгоравіч, спецыяліст па электрамантажных работах, не стаў бы так безаглядна давяраць кітайскім спецыялістам. Асабліва ў тым, што тычыцца наладкі абсталявання.

Леанід Рыгоравіч: "Хто будзе праводзіць наладку? Калі гэта хочуць рабіць кітайцы і здаць ЦЭС "пад ключ", то тут могуць узнікнуць праблемы. Бо нейкія такія недаробкі можна лёгка і схаваць".

А тое, што беларускім арганізацыям далі "падпрацаваць" на будоўлі беларускай ЦЭС, кажа ён, не выратуе іх у сённяшніх складаных эканамічных умовах ад скарачэнняў працоўных.

Леанід Рыгоравіч: "Прыходзіць малады чалавек і пытаецца: "Чаму мяне скарацілі?!" Скарачаюць у першую чаргу тых, у каго кантракт скончыўся, а потым пачынаюць дабірацца і да астатніх. Я магу сказаць: на 20 адсоткаў скарачэнне штатаў будзе".
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиЭкономика ❯ Беларусаў звольняць, каб прывезці на працу кітайцаў