Рэзервовы фонд прэзідэнта павялічаны на 8 трыльёнаў

"Еўрарадыё"
9 июня 2009, 09:49
Палата прадстаўнікоў дагэтуль афіцыйна не атрымала прэзідэнцкі ўказ па скарачэнні расходнай часткі бюджэта, але дакумент нарэшце з'явіўся ў адкрытым доступе. Перш-наперш Еўрарадыё пацікавілася ў старшыні камісіі па бюджэце Аляксандра Антоненкі, па кім ударыць скарачэнне найперш. Дэпутат не хавае: "Калі скарачаецца бюджэт, гэта адчуюць усе".

Амаль на 10 мільярдаў скарачаюцца расходы на ўтрыманне самога парламента, на 7 мільярдаў скарачаюцца расходы на структуры, што забяспечваюць дзейнасць прэзідэнта. На 250 мільярдаў патаннеюць чарнобыльскія расходы (гэта амаль на траціну). Міліцыянты таксама страцяць каля 200 мільёнаў бюджэтнага фінансавання. Што цікава — адначасова рэзервовы фонд прэзідэнта павялічваецца адразу на 8 (!) трыльёнаў. Для параўнання: расходы Фонда сацыяльнай абароны скараціліся на 1,5 трыльёна рублёў.

Аднак дэпутатаў такія ракіроўкі не бянтэжаць:

Аляксандр Антоненка: "Магу толькі здагадвацца, што гэта пакуль залічваецца ў рэзервовы фонд. Але выкарыстоўвацца будзе ўсё адно па прызначэнні. Залічэнне ў рэзервовы фонд не значыць, што яны растворацца. Гэтыя сродкі — ва ўсякім выпадку, запланавана — выкарыстаць па прызначэнні".

Кіраўнік бюджэтнай парламенцкай камісіі, наадварот, перакананы, што гэта ўзмоцніць кантроль над грашыма. А за сацыяльныя расходы можна не хвалявацца.

Аляксандр Антоненка: "Уласна кажучы, дзеля ўзмацнення кантролю за расходаваннем сродкаў гэта зроблена. Ёсць абароненыя артыкулы, якія, натуральна не падлягаюць секвеставанню. У ахове здароўя гэта — медыкаменты, заработная плата, камунальныя паслугі, яны, вядома, секвеставанню, скарачэнню не падлягаюць. Магчыма, скароцяцца выдаткі па капбудаўніцтве, капрамонце, — развіццё можа некалькі запаволіцца. Усе абароненыя артыкулы павінны пакрывацца на 100%".

Эканаміст Леанід Заіка, наадварот, сцвярджае, што атрымальнікаў сацыяльных трансфертаў чакаюць цяжкія часы.

Леанід Заіка: "Бюджэтныя пераўтварэнні адчуюць на сабе атрымальнікі сацыяльных трансфертаў, пагоршыцца матэрыяльна-тэхнічная база бальніц, дзіцячых дамоў, школ".

Паводле слоў эксперта, цяпер удакладненне бюджэту можна рабіць кожны месяц.

Леанід Заіка: "То расіяне не далі крэдыт, то экспарт паляцеў, то сусветныя рынкі дрэнна для Беларусі рэагуюць. Бюджэты будуць мяняцца цягам года, паўгода, перапісвацца. З пункту гледжання навуковага, макраэканамічнага, гэтыя меры будуць мець слабое значэнне. Усё будзе залежаць ад паступленняў у бюджэт. Няма паступленняў — бюджэт будзе перапісвацца. Пры гэтым чым вышэй будзе інфляцыя, тым лепш будзе выконвацца бюджэт".

Увогуле любы нармальны беларус павінен задацца пытаннем, якое не задаюць сабе міністры. Працягвае Леанід Заіка:

"Паважаны прэзідэнт, прэм’ер-міністр! Вы кажаце пра тое, што ВУП Беларусі вырас на 1,5%. Скажыце: калі гэтак вырас ВУП — навошта вы тады скарачаеце расходы бюджэту?".
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиЭкономика ❯ Рэзервовы фонд прэзідэнта павялічаны на 8 трыльёнаў