Крызіс: полацкая “Сафія“ пайшла з малатка

regionby.org
9 апреля 2009, 10:05
Кожнае трэцяе прадпрыемства лёгкай прамысловасьці на Віцебшчыне – стратнае.

Гэта мусіў прызнаць сам губэрнатар А.Косінец, выступаючы на пасяджэньні аблвыканкаму. Некаторым прадпрыемствам улады паабяцалі даць грошы на "латаньне дзірак", іншым загадана ратавацца ўласнымі сіламі.

Галіну лёгкай прамысловасьці на Віцебшчыне прадстаўляюць 63 прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на вытворчасьці адзеньня, тэкстыльнай і сувэнірнай прадукцыі. Галоўная цяперашняя праблема для іх – збыт прадукцыі: на складах прадпрыемстваў захоўваюцца запасы гатовых тавараў на суму больш як 137 мільярдаў рублёў. Інакш кажучы, колькасьць нерэалізаванай прадукцыі у два разы перавышае сярэднюю месячную норму вырабу.

Прадпрыемствы працуюць на склад, бо іх прадукцыя не вытрымлівае канкурэнцыі. Часта яна вырабляецца на састарэлым абсталяваньні – на некаторых заводах і фабрыках амартызацыя станкоў ды вытворчых ліній складае больш за 90 працэнтаў. У такіх умовах немагчыма наладзіць вытворчасьць якасных і даступных па коштах вырабаў.

Першымі здаліся невялікія прадпрыемствы – такія, да прыкладу, як полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў "Сафія", дзе ўжо распрадаюць маёмасьць і звальняюць працаўнікоў.

Колішнія гіганты лёгкай прамысловасьці таксама перажываюць цяжкія часы: на аршанскім ільнокамбінаце то адключаюць электрычнасьць у мэтах эканоміі, то затрымліваюць выплату заробкаў. Калі адміністрацыя кажа, што камбінат, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, усё ж працуе і не скарачае работнікаў, тыя ведаюць, якім коштам гэта дасягаецца: па Воршы ходзяць панічныя аповяды пра тое, што на складах гніе нераспраданая тканіна, і яе перыядычна спальваюць, каб вызваліць месца для новых "неліквідаў". Зрэшты, з чаго тут будуць рабіць тканіну ў новым сэзоне, таксама пакуль невядома. Бо з 18 льнозаводаў, якія забясьпечваюць аршанскі льнокамбінат сыравінай, 12 таксама стратныя. А пакупка сыравіны недзе за мяжой зробіць прадукцыю камбінату яшчэ даражэйшай…

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму загадаў прыцягваць да вырашэньня эканамічных праблем моладзь, перадусім выпускнікоў віцебскага тэхналягічнага ўніверсытэту, дызайнэраў ды мадэльераў. Іхную працу спадзяюцца больш шырока выкарыстоўваць і на аршанскім льнокамбінаце, дзе будуць шыць адзеньне з тканіны ўласнага вырабу, і на віцебскім ААТ "КІМ", якае спэцыялізуецца на панчошна-трыкатажных вырабах. Аднак "КІМ", калісьці вядомы на ўвесь былы Савецкі Саюз, ды нават за яго межамі, сёньня плаціць работнікам такія невялікія заробкі, што маладых адмыслоўцаў утрымаць на працы будзе цяжкавата.

Усім прадпрыемствам лёгкай прамысловасці загадана шукаць новыя рынкі збыту ды распрацоўваць "больш агрэсіўную гандлёвую палітыку". Але маючы зношанае абсталяваньне, пакрыўджаны на затрымкі заробкаў працоўны калектыў і няясныя пэрспэктывы, быць "агрэсарам" на сусьветным рынку ва ўмовах крызісу дужа няпроста.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиЭкономика ❯ Крызіс: полацкая “Сафія“ пайшла з малатка