Косінцу няма куды падзець грошы?

regionby.org
27 апреля 2009, 13:01
Дасюль цэнтрам Віцебска лічылася плошча Свабоды. Аднак А.Косінец паведаміў, што цяпер культурніцкія і грамадскія імпрэзы будуць ладзіцца на Плошчы Перамогі.

Яе архітэктурны ансамбль складаецца з двух частак: уласна мэмарыяльнай зоны, дзе б’юць так званыя "Фантаны слёз" ды стаіць помнік у памяць пра загінулых, і зоны адпачынку – таксама з фантанамі, клумбамі і "альпійскімі горкамі". Кожная з зон, раздзеленых дарогай, мае адрознае функцыянальнае прызначэнне. Мемарыяльная частка выкарыстоўваецца адносна рэдка: тут спыняюцца хіба вясельныя картэжы, ды грамадскія арганізацыі праводзяць урачыстыя ўскладанні вянкоў ды кветак па адпаведных святах. А праз дарогу на лавачках сядзяць пенсіянеры, прагульваюцца маладыя мамы з вазочкамі, а ўлетку працуюць шматлікія дзіцячыя атракцыёны.

Адпаведна рашэнню губернатара, архітэктурная і функцыянальная канцэпцыя выкарыстання Плошчы Перамогі вымагае перапрацоўкі. І, адпаведна, грошай.

Зрэшты, на адмысловай нарадзе, якая прайшла ў віцебскім гарвыканкаме з удзелам архітэктараў, Аляксандр Косінец падтрымаў і іншыя прапановы па змене аблічча Віцебска. На разгляд абласных і гарадскіх уладаў свае ідэі высунулі інтытут "Віцебскграмадзянпраект", фірма "Сіці-Арт плюс" і праектная група БНТУ з Менска. Некаторыя праекты віцебскі губернтар назваў "сырымі" і вартымі далейшай дапрацоўкі, аднак маштабы перпектыўных зменаў уражваюць.

Так, у раёне Летняга амфітэатра прапанавана высадзіць дэндрапарк, а вуліцу Суворава зрабіць пешаходнай ды аздобіць яе элементамі кунструктывізму, супрэматызму і кубізму, аддаўшы даніну мастацкай славе Віцебска пачатку 20 стагодддзя. Таксама прапанавана пабудаваць аквапарк і іпадром, абнавіць два праспекты – Маскоўскі і Гагарына, а на вежы на будынку аблвыканкама абсталяваць глядзельную пляцоўку.

Жыхары Віцебска зусім не супраць абнаўлення роднага горада, але шмат у каго ўзнікае пытанне: ці мэтазгодна якраз цяпер, калі эканоміка вобласці перажывае далёка не лепшыя часы, выдаткоўваць грошы на рэалізацыю такіх ідэяў, як перанос гарадскога цэнтра.

Бо цягам апошніх дзесяцігоддзяў у развіцьцё інфраструктуры вакол цяперашняй цэнтральнай плошчы Свабоды і так укладзена нямала сродкаў: тут штогод абнаўляецца Летні амфітэатр, аднаўляюцца Уваскрасенская і Успенская цэрквы, недалёка месцяцца ўрадавыя будынкі – аблвыканкам і гарвыканкам, знешні выгляд якіх дбайна падтрымліваецца ў належным стане, паблізу знаходзяцца тры музеі, два тэатры…

Або ідэя пераносу цэнтра горада – гэта праект-"аднадзёнка", звязаны з тым, што сёлета святкуюцца 65-я ўгодкі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? На добраўпарадкаванне да гэтай даты грошы сапраўды ёсць: на ўшанаванне памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны ў 2009 годзе выдаткавана 400 мільёнаў рублёў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиЭкономика ❯ Косінцу няма куды падзець грошы?