Вечны агонь - толькі па святах

"Еўрарадыё"
5 мая 2009, 16:27
У рэгіёнах Вечныя агні пераводзяць на антыкрызісны рэжым працы.

У Камянцы каля брацкай магілы савецкіх воінаў не гарыць Вечны агонь. Бо, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай працы Камянецкага райвыканкама Ірыны Нігерыш, падчас эканамічнага крызісу трэба лічыць капейку:

"Ён у нас гарыць у святочныя дні, у нас жа не Брэсцкая крэпасць... А калі ў нас праходзяць святы (23 лютага, дзень вызвалення, дзень горада), мы абавязваем "Гаргаз" і яны падключаюць. Але цэлы дзень ён у нас, вядома, не гарыць... У эканамічны крызіс кожны лічыць капейку...".

Менавіта таму на мемарыяльных комплексах зараз усталёўваюць газавыя лічыльнікі. Па словах начальніка аддзела Жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гомельскага гарвыканкама Сяргей Кадола, ўлады выконваюць рашэнне ўрада:

"Існуюць у нас з нядаўняга часу правілы ўліку прыроднага газу, якія зацверджаныя на ўзроўні ўрада ў канцы 2008 года. Правілы прадугледжваюць наяўнасць прыбораў уліку газу там, дзе ёсць яго спажыванне"
.

У Гомелі лічыльнік усталююць толькі пасля таго, як мемарыяльны комплекс закрыюць на рэканструкцыю.

Як даведалася Еўрарадыё, Вечны агонь у Брэсцкай крэпасці абыходзіцца штомесяц у 5 тысяч долараў. Раней яго ўтрыманне забяспечваў "Газпрам". Аднак сёлета, па словах дырэктара комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Валерыя Губарэнкі, падобная дамова пакуль не падпісана.

Валерый Губарэнка: "Летась ён плаціў, але ўжо скончыў усе плацяжы ў гэтым годзе. А на наступны год у нас дамовы з ім няма. Пакуль гэта пытанне ніяк не вырашалі, таму за газ плаціць Рэспубліка Беларусь з бюджэту. За гэты газ, за гэты агонь. У месяц ідзе 5 тысяч долараў за газ".

Вечны агонь на плошчы Перамогі ў Мінску абыходзіцца Цэнтральнаму раёну сталіцы прыкладна у 4 мільёны 740 тысяч рублёў. Як адзначыла намесніца начальніка службы ўліку і метэаралагічнага забеспячэння Мінгазу Раіса Мірановіч, Мінгаз прадае яго Адміністрацыі Цэнтральнага раёна па тым жа кошце, што і ўсім іншым прадпрыемствам.

Ды наогул у Мінску шмат Вечных агнёў, якія не гараць увесь час, а толькі ўключаюцца на святы.

Раіса Мірановіч: "Ёсць Вечныя агні, якія, да прыкладу, на свята Перамогі ўключаюцца. Спачатку іх падключаюць, а калі свята заканчваецца — адключаюць".
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиЭкономика ❯ Вечны агонь - толькі па святах