Уладзімір Яроменак: Плошча для мяне яшчэ не скончылася

Кацярына Жукава, UDF.BY
31 июля 2013, 00:14
Супраць маладафронтаўца Уладзіміра Яроменка ўзбуджаная крымінальная справа за парушэнне правілаў адбыцця прэвентыўнага нагляду. Пра новую крымінальную справу маладафронтаўцу следчы з Першамайскага РУУС Мінска паведаміў 14 ліпеня, пад час вянчання.

Як з’явіўся "міёрскі клан" у “Маладым фронце? Чаму для Уладзіміра Яроменкі Плошча дагэтуль не скончылася? Як хлопец сустрэў сваё каханне з першага позірку?

Уладзімір Яроменак раскрыў свае сакрэты дадатку "ПАЛIТЫКА".


"Міліцыянты ведалі, што ў мяне будзе вяселле"

- Міліцыянты становяцца неад’емнай часткай вяселляў маладафронтаўцаў. Калі на вяселле Міколы Дземідзенкі ў Міёрах з Віцебска прыгналі аўтобус АМАпа, нагналі міліцыянтвў у цывільным іў форме, то Вам 14 ліпеня следчы падараваў навіну пра новую крымінальную справу. За што такая любоў?

- Дакладна не ведаю; дакладна могуць сказаць куратары "Маладога фронта" ў КДБ і ў спецслужбах увогуле. Напэўна, таму, што мы іх загружаем працай па вушы. За актыўную грамадзянскую пазіцыю мяне і маіх сяброў актыўна прэсуюць; год таму гэты прэс абярнуўся суцэльнымі суткамі на Акрэсціна: любая акцыя ці прыезд віп-персон кшталту Мядзведзева або Пуціна суправаджалася зачысткамі "Маладога фронта" і суткамі на Акрэсціна.
Сёлета ўсё цішэй, спакайней, але атрымалася так, што завялі крымінальную справу.

- Следчы відавочна ведаў, што ў Вас вяселле, калі запрашаў на допыт. Прабачэння не прасіў?

- Не прасіў. Кажа, што яму гэтая справа сто гадоў непатрэбная; відаць, што крымінальную справу на мяне яму далі і загадалі хутчэй накіраваць у суд.
Міліцыянты ведалі, што ў мяне будзе вяселле (распісаліся з жонкай дагэтуль, а 14-га ў нас было вянчанне). Вянчаліся мы ў Міёрах, таму я мусіў прасіць у крымінальна-папраўчай інспекцыі дазвол на выезд з Мінска. Дазвол далі, але зрабілі такі "падарунак".

- Вы з Міколам Дземідзенкам землякі. Як Вы пазнаёміліся?

- Пазнаёміліся ў годзе, відаць, 2002 ці ў 2003-ім, калі яшчэ навучаліся ў школе. Мы не мелі супольных інтарэсаў у палітычнай дзейнасці. Але горад невялічкі – 9-10 тысяч насельнікаў, дый жывем мы недалёка адзін ад другога.

Пасля Мікола з’ехаў на вучобу ў Гомель,а я працягваў навучанне ў Міёрах. Калі Мікола паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыеэлектронікі ды перабраўся ў Мінск, я пачаў шукаць кантактаў з маладафронтаўцамі: шмат чытаў пра іх. Першы, хто прыйшоў на памяць, - Мікола Дземідзенка. Не скажу, што прывёў, але Мікола спрыяў майму прыходу ў "Малады фронт".

- І стварылі міёрскі клан у "Маладым фронце"…

- Так, я, Мікола, Зміцер Крэмянецкі – трое маладафронтаўцаў, трое з Міёраў.

- Як вы патрапілі ў балота, якое завецца беларускай палітыкай?

- Я ніколі не называў сябе палітыкам – грамадзянскі, ці маладзёжны, актывіст. Звычайны чалавек, які хоча жыць у нармальнай краіне. Балота не балота, але з прыходам у "Малады фронт" я пазнаёміўся з цікавымі сумленнымі людзьмі і рады, што лёс наканаваў мне сустрэчы з імі.

- Чаму вы звязаліся з "Маладым фронтам", а не з іншай маладзёжнай арганізацыяй? На той час яшчэ быў выбар маладзёжных арганізацый.

- Ён і зараз ёсць. Але “Малады фронт” – арганізацыя, пра якую я чуў яшчэ школьнікам. Я сачыў за дзейнасцю "Маладога фронта" ў інтэрнэце – пра яго я ведаў намнога больш, чым пра іншыя маладзёжныя арганізацыі.

А па-другое, нацыянальная ідэя, хрысціянскія прынцыпы - гэта тое, чым мусяць кіравацца і прытрымлівацца беларускія палітыкі.


"Любыя жыццёвыя выпрабаванні трэба выносіць з годнасцю"

- Ці не шкадуеце, што 19 снежня 2010 года выйшлі на Плошчу, за якую ў выніку атрымалі 3 гады зняволення? Яна для Вас закончылася трагічна…

- Можна сказаць, што Плошча для мяне яшчэ не скончылася.

Не шкадую. Ніколі не шкадаваў, бо любы досвед, нават адмоўны, гэта досвед. Любыя жыццёвыя выпрабаванні трэба выносіць з годнасцю. Я не шкадую: як ёсць, так ёсць. Калі б можна было перайграць, я б нічога не стаў мяняць.

- Чаму Плошча закончылася крывавай нядзеляй?

- Многа людзей у Мінску здолелі пераадолець свой страх і сказаць "не!" гэтаму рэжыму. Відавочна, рэжым спужаўся: калі б такія акцыі працягваліся б яшчэ колькі дзён, перакінуліся з Мінска на іншыя гарады, то сённяшні пахіснуўся б.

- Лукашэнка памілаваў Вас увосень 2011 года. А ўжо ў 2012 годзе Вам далі год прэвентыўнага нагляду, тэрмін якога потым быў працягнуты яшчэ на паўгода, за ўдзел у акцыях салідарнасці. Улада Вас ператварае ў прафесійнага рэвалюцыянера…

- Хоча зламаць, адбіць жаданне займацца тым, чым займаецца. Хочуць забіць маю прагу жыць у нармальнай цывілізаванай дзяржаве. Я не магу назваць гэта ўладай, бо ўлада – ад Бога, а тут пануе рэжым: шайка бандытаў, якая захапіла ўладу.

Хай паспрабуюць, я не баюся.

- Дарэчы, "умераная" апазіцыя кажа, што рэвалюцыя не дапаможа Беларусі, у той час як "радыкальнае" крыло перакананае ў адваротным – толькі рэвалюцыя і прынясе перамены. Як лічыце Вы?

- Я многа думаў над гэтым пытаннем, асабліва калі сядзеў на сутках.

Рэвалюцыя безмоўна будзе. Відавочна, яна не будзе падобная да рэвалюцый ва Украіне ці ў Афрыцы. Беларусь – цэнтр Еўропы, тут мусіць адбывацца нешта адметнае. Прапаганда супакойвае нас, што ў нас усё добра, што дэвальвацыі ў нас не будзе. Ёсць такі дэматыватар: выява сённяшняга так званага "прэзідэнта", які кажа: дэвальвацыі не будзе! І каментар: "Як, ізноў не будзе? Толькі ж нядаўна не было!".

Ніводны аўтарытарны рэжым доўга не ўтрымліваецца. Цягам гадоў дзесяці ў Беларусі адбудуцца змены. Я не раблю вясёлкавыя прагнозы кшталту "вось-вось, не праз год, дык праз два дыктатура рухне". І нават пасля змены ўлады першы час прыйдзецца цяжкавата, бо эканоміка даведзеная да ручкі. Але змены заўсёды лепш, чым увесь час – адно і тое.


"Я не сабака"

- Што ўяўляе сабой крымінальная справа за парушэнне правілаў прафілактычнага нагляду? Ці маюць пад сабой падставы крымінальныя абвінавачанні?

- Падставы, можа, і ёсць, бо я не надта прымтрымліваўся нагляду. Калі першы раз усталявалі за мной нагляд, я сказаў: я не сабака. Я не буду моўчкі сядзець на ланцугу і чакаць, калі за мной прыйдуць. Калі мне трэба некуды ісці, я пайду.

Каб павесіць на чалавека чарговае правапарушэнне, дастаткова рапарту, што прыходзілі, званілі ў дзверы, але ніхто не адчыніў. Можа ніхто і не прыходзіць, а напісаць адзін рапарт – і будзе парушэнне. Як казаў непалітычны сусед, які разам са мной сядзеў на сутках, - гэта крок назад у турму.

Калі з’явіцца жаданне ва ўчастковага інспектара ці прыйдзе загад зверху – цябе зноў пасадзяць у турму.

- Чаму крымінальную справу ўзбудзілі ў маі, а матэрыялы ў суд перадаюць толькі зараз?

- Гэтае цікавае пытанне я ўсё збіраюся задаць інспектару. Я яшчэ паднагляданы, раз на тыдзень мушу адзначацца. Таму ў наступны візіт у інспекцыю задам яму гэтае пытанне: чаму?

З-за датавай блытаніны могуць узнікнуць замінкі ў крымінальнай справе. Справу завялі ў канцы мая, але накіроўваюць на хуткі разгляд. Але як патлумачыла мне давакат, калі заводзяць справу па хуткай вытворчасці, трэба перадаць справу ў суд цягам 15 дзён. У маім выпадку прайшлі два месяцы… Адвакат патлумачыла, што справу, хутчэй за ўсё, вернуць следчаму.

Але гэта – у ідэале. Я ілюзій не маю; будзе як будзе, як Бог дасць. Калі не перанакіруюць, то цягам месяца мусіць прайсці суд.

Як казаў Зміцер Дашкевіч, спадзявайся на лепшае, але рыхтуйся да горашага. Рыхтуешся да чарговай турэмнай пасадкі. Праўда, ужо не так складана мне будзе, як маёй жонцы. Адзін раз я ўжо прайшоў праз гэта, і ведаю, што можна чакаць. І ў любым выпадку расстанне будзе куды цяжэй перажыць.


"Я тут нарадзіўся, гэта мая краіна"

- Як Вы пазнаёміліся са сваёй жонкай?

- Пазнаёміліся з ёй у судзе, калі судзілі затрыманых на Дзень Волі: яна прыйшла ў суд як назіральнік, а я – падтрымаць затрыманых. На Дзень Волі не трапіў, мяне вывезлі з Акрэсціна і затрымалі, пакуль не скончыцца акцыя. Там і пазнаёміліся.

- Даўно?

- Сёлета.

- Гэта тое самае, што завецца каханнем з першага позірку?

- Так.

- Вы стварылі сям’ю. Цяпер трэба ствараць умовы… Ці маеце адукацыю, працу, каб забяспечваць дабрабыт?

- Пастаяннай працы зараз я не маю. Інспектар крымінальна-папраўчай інспекцыі заўсёды казаў: давай мы цябе ўладкуем на працу. Куды, пытаюся, дворнікам? Хоць бы і дворнікам, адказвае. Не, чым атрымліваць мільён на месяц, я дробнымі падпрацоўкамі змагу зарабіць больш. Распішыся, што табе прапаноўвалі, што сам працу знойдзеш.

Афіцыйна на прыстойную працу з май біяграфіяй немагчыма ўладкавацца. Зараз я працую падсобнікам на будоўлі, грузчыка працую – грошай пауль хапае, дзякуй Богу.

Адукацыяй збіраўся заняцца пасля заканчэння нагляду. Але нагляд ўсё не сканчваецца і не сканчваецца. Аднойчы я паспрабаваў аднавіцца ў Беларусі – мяне зноў адлічылі. Адразу пасля вызвалення я аднавіўся на вучобе, але пасля першай сесіі мяне папрасілі забраць дакументы. За той семестр я ўжо двойчы паспеў пабываць на Акрэсціна. Другі раз прыпадаў на гадавіну Плошчы; выходжу з сутак, мне тэлефануюць і кажуць: ты не здаў ніводнага заліку, а без залікаў мы не дапуцім да іспытаў. Забірайце дакументы. Я адмовіўся забіраць дакументы – адлічайце.

- Ці звязваеце Вы надзеі на перамены з 2015 годам?

- Я не надта ўпэўнены, што ў 2015 годзе нешта зменіцца. Але на ўсё воля Божая.

- Якой Вам уяўляцца ўласная будучыня, ці звязваеце яе з Беларуссю?

- Я ўсё ж збіраюся атрымаць адукацыю, бо нават з прыходам пераменаў давядзецца жыць на карысць свайму народу, сваёй краіне. Трба атрымаць адукацыю.\

Але ў любым выпадку я звязваю сваю будучыню з Беларуссю: я тут нарадзіўся, гэта мая краіна.

Даведка.

Уладзь Яроменак нарадзіўся ў Мёрах Віцебскай вобласьці 22 гады таму. Скончыўшы школу, пераехаў у Менск, дзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, зь якога быў выключаны пасьля Плошчы-2010. Чалавек адукаваны, разьбіраецца ў кампутарах ды тэхніцы. Чалавек таленавіты — піша вершы, сьпявае пад гітару, смачна гатуе.

У 2011 годзе Уладзімір Яроменак быў асуджаны на 3 гады зняволення за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года, у тым жа годзе быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

За ўдзел у шэрагу акцыяў салідарнасці з палітвязнямі Уладзімір Яроменак на пачатку 2012 года атрымаў год прафілактычнага нагляду, тэрмін якога потым быў працягнуты яшчэ на паўгода.

Летась і сёлета Уладзіміра Яроменку некалькі разоў садзілі «на суткі» ў ізалятар на Акрэсціна з надуманых, як лічаць праваабаронцы, прычын.

На пачатку 2012 года Яроменка адлічылі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

14 ліпеня 2013 году актывіст "Маладога фронту" вянчаўся, вяселле адбылося раней.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиЛицом к лицу ❯ Уладзімір Яроменак: Плошча для мяне яшчэ не скончылася