Іван Шыла: У “Маладым фронце“ - раскол

Глеб Хмяльнiцкi, UDF.BY
2 ноября 2013, 00:11
26 кастрычніка ў Мінску прайшоў VII з'езд зарэгістраванай у Чэхіі моладзевай патрыятычнай арганізацыі "Малады фронт". Сустаршынямі абраныя Дашкевіч, Цянюта, Лобаў. Чацвёрты сустаршыня будзе абраны на другой сесіі з’езда.

Чаму з’езд МФ пайшоў не па сцэнарыі? Чаму з’езд не адпусціў Зміцера Дашкевіча з пасады старшыні? Што сталася прычынай расколу кіраўніцтва арганізацыі?

Пра падводныя камяні з’езда ў інтэрв’ю UDF.BY-"ПАЛІТЫКА" расказаў былы намеснік старшыні МФ Іван Шыла, якога ледзь не выключылі з арганізацыі.

- Зміцер Дашкевіч вярнуўся з турмы з цвёрдым намерам пакінуць пасаду старшыні “Маладога фронта”. Як сталася што з’езд не адпусціў Зміцера Дашкевіча?

- З’езд "Маладога фронта" прайшоў не па тым сцэнары, на які розныя бакі дамаўляліся. На момант вызвалення Змітра Дашкевіча ў арганізацыі склалася не тая сітуацыя, каб мы ўвогуле казалі пра канкурэнцыю. Існавала папярэдняя дамова актыву, якой нам бачыцца будучыня МФ. Калі казаць пра сённяшні "Малады фронт", не хачу прыдумляць лічбы пра тысячу чалавек, то не хочацца гаварыць пра квоты, пра сходы мясцовых арганізацый, якія абіралі дэлегатаў на з’езд.

Дэлегатаў на з’ездзе было зарэгістравана 60 дэлегатаў, хаця чакалася каля 30. Палова з іх аказалася незнаёмая другой палове, незнаёмая Насці Дашкевіч, Міколе Дземідзенку, мне, Васільеву, Яроменку, Крэмянецкаму.

Працэдура вылучэння дэлегатаў не распрацоўвалася; існавала дамова – прысутнічаюць сябры "Маладога фронта". Сумленная дамова. Ніхто і не думкі не дапускаў, што на з’ездзе з’явяцца актывісты Маладых хрысціянскіх дэмакратаў, значная частка якіх увайшла ў каманду падтрымкі Андруся Цянюты, ці нехта прыцягне знаёмых, каб уплываць на галасаванне.

Хоць фармальна і забароны не было. Вось і скарысталіся.

У выніку і я, і Наста Дашкевіч, і Мікола Дземідзенка не пагадзіліся ўдзельнічаць у такім з’едзе. Дашкевіч сапраўды збіраўся сыходзіць, але калі пайшло на тое, што кіраваць МФ будзе адзін Цянюта, відавочна, пакінуць арганізацыю ён не мог. Разумеў гэта і Севярынец, які і вылучыў кандыдатуру Зміцера Дашкевіча, якога з’езд безумоўна падтрымаў.

Дарэчы, 28 галасоў аддадзена за Дашкевіча, 26 - за Цянюту. Тым, хто больш-менш у нашых справах арыентуецца, абсалютна зразумела, што лічба нерэальная.

- Якую партыю спрабаваў разыграць Цянюта? Што пайшло не так на з'ездзе?

- За ўвесь з’езд Цянюта сказаў чатыры-пяць сказаў. Літаральна: сітуацыя кепская, бо кепскае было кіраўніцтва. Бракуе кансерватызму, педарастыя. За яго казаў Севярынец: маўляў, трэба бараніць хрысціянскія прынцыпы. Вечная барацьба ў МФ.

- А як сталася, што на з'езд у якасці дэлегатаў патрапілі сябры МХД?

- Нехта прыняў рашэнне іх зарэгістраваць. Я не бачыў. Казалі, што асабіста Дашкевіч, я не магу сцвярджаць. Далей давялося выступаць супраць Севярынца. Ён маральны аўтарытэт, гучна кажа, шанцаў змяніць нешта было мала ў мяне. З улікам таго, што пярэчыць Севярынцу ніхто і не стане.
Мяне год восем вучылі, што гэта маладафронтаўская традыцыя - старэйшым пярэчыць, і відаць, добрая традыцыя. Мне - 22, Паўлу - 37. Я вырашыў, што настаў час сказаць сваё слова, хоць і ў піку Севярынцу.
І я запярэчыў.

Вось менавіта такімі словамі і запярэчыў. І ў першым ж выступе сказаў, што стаю я перад "левымі" людзьмі і таму сітуацыя мая кепская. Так яно і выйшла. Абвінавацілі мяне ў прапагандзе ЛГБТ (хоць гэта, скажам, далёка ад праўды). Але паводле прынятай рэзалюцыі з’явіліся падставы для майго выключэння з арганізацыі. Не выключылі – і на тым дзякуй.

- То бок, Вы не збіраецеся прэтэндаваць на пасаду сустаршыні ў часе другой сесіі з'езду? Ад пачатку планавалася, што на з'ездзе спаборніцтва будзе паміж "лібералам" Іванам Шылам і "кансерватарам" Андрусём Цянютам.

- Не, так не планавалася.

Нхто на дадзены момант не збіраецца балатавацца на пасаду сустаршыні: ні Наста, ні Мікола, а трэцяй асобы не існуе. Сэнс у тым, што на другой сесіі будзе абірацца толькі адзін сустаршыня. Мікола, Наста і я ішлі адной камандай, з адзінай праграмай, супольным бачаннем будучыні арганізацыі. Сёння такая сітуацыя, што мы адмаўляемся ад гэтага, і я, напрыклад, не зусім гатовы прызнаваць тое, што адбылося. Бо баюся, што калі пагаджацца на такія варыянты пачнецца спаборніцтва "вагонаў". А гэта проста дурнота.

- Значыць, вы не гатовы прызнаваць тое, што адбылося? Я правільна зразумеў?

- Я гатовы прызнаць: каб не дапусціць мяне ў кіраўніцтва МФ, Павал Севярынец і Андрусь Цянюта скарысталіся абсалютна непрымальнымі метадамі. Але я ўжо казаў, дамова пра сустаршынства - гэта кампраміс.

А пасада мне не дужа і трэба. Добра, што не выгналі, але матывацыя нешта рабіць для МФ пасля такіх з’ездаў зменшылася. Дый арганізацыя, якая на з’едзе вырашае цэнзураваць суполку ў сацыяльнай сетцы і галасуе за сустаршыню як за адміна… Дурнота.

- Трэба разумець, што інстытут сустаршынства - вымушаная мера? Мера, якая дапамагла пазбегнуць рэйдэрскага захопу?

- Гэта вымушаная мера, калі ніхто адзінаасобна не ў стане арганізацыяй кіраваць. Існавала каманда: Палажанка, Дземідзенка і я, у выніку выйшла - Дашкевіч і Цянюта. Адзін Цянюта з чатырма сказамі наўрад бы на нешта прэтэндаваў. І ніхто б самаадводы не браў пры чэсных умовах для галасавання.

- Ці можна казаць, што адбыўся раскол у кіраўніцтве МФ?

- Так, у арганізацыі раскол. З таго, што я бачыў на сустрэчы пасля з’езду. Сціпла скажу, што Севярынец кепска ўразіў многіх сябраў арганізацыі, а Цянюта проста не ўспрымаецца ўсур’ёз.

Але жадаю ім поспеху. Не ў пасадах, вядома, справа. Хай менш займаюцца цэнзурай інтэрнэту, геямі ці абаронай маралі. Ёсць больш важныя справы, альбо хаця б такія, у якіх яны лепш арыентуюцца.

- Тройка лідэраў, якая фактычна рыхтавала стратэгію МФ, аказалася па-за гульнёй. Які лёс чакае планы арганізацыі? Прынамсі, МФ збіраўся актыўна правесці мясцовую кампанію ў Салігорску. Усё - кату пад хвост?

- Паспрабуем рэалізаваць тое, што планавалі. Гэта - Моладзевы аналітычны цэнтр, які будзе яднаць маладых аналітыкаў, замежных студэнтаў, клуб дэбатаў, прэмію "Люблю Беларусь", якую ладжу пяты год, выбары ў Салігорску.

З пэўных прычынаў у статусе актывіста я больш абмежаваны, але пакуль ад імя МФ магу працягваць нешта рабіць, буду старацца. Здаецца, прапаганды ЛГБТ ці ігнаравання хрысціянскіх каштоўнасцяў у гэтым няма.

А суполка, з якой усё пачалося, будзе весціся Змітром Дашкевічам. Калі, канешне, ён створыць акаунт у "Вконтакте".

- МФ па-ранейшаму плануе вылучаць 40 кандыдатаў на Салігоршчыне?

- Думаю, сёння гэтая лічба будзе меншай.

- Колькі гадоў вы аддалі МФ? Як туды прыйшлі? Ці памятаеце, з чаго пачыналася ваша маладаронтаўская дзейнасць?

- Да "Маладога фронта" далучыўся восем гадоў таму. Раней з’яўляўся сябрам "Зуброў". Пасля сустрэчы з Дашкевічам далучыўся да "Маладога фронта".
Маладафронтаўская дзейнасць пачалася фактычна з затрыманняў. За гэтыя гады разоў 120 быў у міліцыі, большую частку акурат у першыя гады. Больш спякотныя часы былі для моладзевых рухаў.

- Чым прыцягнуў вас МФ?

- Спачатку проста так атрымалася. Пасля – людзі. Класныя людзі былі і ёсць у "Маладым фронце".

- Якімі дасягненнямі ў МФ вы ганарыцеся найбольш?

- Ды нічым такім не ганаруся. Класны быў Салігорскі "Малады фронт", пакуль усе не раз'ехаліся. Рэальна кампаніі з перамогамі былі, ды і проста добрыя кампаніі.

- Бацькі не супраціўліся вашаму сяброўству ў МФ? Пастаянныя пасадкі, арышты, праблемы...

- Бацька сам сядзеў на сутках больш за 60 дзён. Таму, ясна, што і пытання нават не паўставала.

- Вы прайшлі праз сур'ёзныя праблемы ў школе, аказаліся адным з палітпрызыўнікоў у войску. Статункі з рэжымам у вас яўна не заладзіліся. А як складваецца цяпер вашае асабістае жыццё?

- Я атрымаў дыплом бакалаўра ў Польшчы па спецыяльнасці "Публічная адміністрацыя", зараз вучуся на той жа спецыяльнасці ў магістратуры.

- Якія перспектывы бачыце з працаўладкаваннем у Беларусі? ці гэта - з вобласці фантастыкі?

- Я буду доўга вучыцца, пакуль такія планы. Будзе ўсё добра - пасля магістратуры паступлю ў дактарантуру.

- Месца сабе ў сённяшняй Беларусі не бачыце?

- Бачу. Па вялікім рахунку, на днях праглядаў абвесткі. Патрабуюцца спецыялісты, якія ведаюць польскую мову, напрыклад. Ангельскую ведаю. Думаю, як прыйдзе час скончыць з вучобай, буду жыць у Менску.

- Давайце скончым на тым, з чаго і пачалі. Ці бачыце вы шляхі пераадолення расколу?

- Я думаю, натуральным чынам гэты канфлікт і скончыцца. Пройдзе час, нехта сыдзе, нехта сыдзе канчаткова, а хтосьці далучыцца. Катастрофы няма, МФ і горшыя часы перажываў. Нават калі аналізаваць апошні з’езд, то бачна, што ішла барацьба, у тым ліку ідэалагічная. Ні ў адной моладзевай арганізацыі такога няма, а з’ездаў з інтрыгамі за апошнія гадоў пяць я і не памятаю ўвогуле ў апазіцыі. Таму, нічога страшнага, пройдзе час і нешта будзе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиЛицом к лицу ❯ Іван Шыла: У “Маладым фронце“ - раскол