Вяртаньне ў 1914 год: унікальны кінафэстываль у Менску

"Радыё Свабода"
10 июня 2014, 11:40
9 чэрвеня ў Менску ў кінатэатры "Перамога" адкрываецца фэстываль кіно, прысьвечаны 100-годзьдзю пачатку Першай усясьветнай вайны "1914 revisited".

Каардынатар праекту - Інстытут Гётэ ў Менску. Фэст падтрымалі таксама амбасады Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Чэскай Рэспублікі і Злучаных Штатаў Амэрыкі.

На фэстывалі пакажуць дакумэнтальныя і мастацкія фільмы зь Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Чэхіі, БССР і СССР, аб’яднаныя агульнай тэмай падзеяў 1914-1918 гадоў.

Праграма фэстывалю адметная ня толькі геаграфіяй, але і той палітрай жанраў, якія арганізатары ўключылі ў сьціслыя межы аднаго кінатыдня. Гледачы ўбачаць дакумэнтальнае і гульнявое кіно, музычныя фільмы, ваенныя драмы і нават ваенную хроніку 100-гадовай даўніны.

Каардынатар праекту ад Інстытуту Гётэ ў Менску Ігар Куксін распавёў Радыё Свабода:

"Гэта была наша ідэя - паказаць да 100-годзьдзя пачатку Першай усясьветнай вайны цікавыя фільмы. І мы зьвярнуліся да дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў Эўразьвязу, ЗША, Расеі і папрасілі іх заняцца падборам фільмаў, бо кожная амбасада лепш ведае, што цікавага і ўнікальнага зь іхняга кінэматографу можна паказаць беларускаму гледачу. Беларускія кіназнаўцы раілі нам, што цікавага можна паказаць з раньняй савецкай спадчыны, зь беларускага кіно. І ў выніку мы адабралі 10 вялікіх карцін і тры кароткамэтражкі. Прычым адна стужка - 1914 году, то бок часу самой вайны. Яе нам прадставіў Дзяжфільмафонд Расеі. Гэта сапраўдная разынка фэстывалю - кароткамэтражны фільм "Агнём і крывёю" Міхаіла Мартава, зьняты ў 1914 годзе".

Ігар Куксін гаворыць, што вельмі цяжка было дастаць старыя стужкі:

"У праграме фэстывалю - некалькі фільмаў 1930-х гадоў. Давялося даволі доўга ліставацца і з Масквой, і зь "Беларусьфільмам". Да прыкладу, "Беларусьфільм" прадставіў нам на дабрачыннай аснове фільм беларускага рэжысэра Ўладзімера Корш-Сабліна "Першы ўзвод", зьняты ў 1933 годзе. Толькі на "Беларусьфільме" засталася копія вельмі добрай якасьці. Расейскі Дзяржфільмафонд прадставіў фільм "Ваколіца", зьняты савецкім рэжысэрам Барысам Барнетам таксама ў 1933 годзе.

Брытанская амбасада знайшла ў Брытанскім гістарычным музэі хроніку ваенных гадоў. Падчас Першай усясьветнай вайны здымаліся тэматычныя падборкі на вуліцах Лёндана - як жывецца жанчынам на вайне, здымалі на фабрыках, на вуліцах, а таксама на фронце. Гэтую хроніку будуць паказваць у выглядзе такой кароткамэтражкі перад пачаткам брытанскіх фільмаў „О, гэтая цудоўная вайна“ 1969 году і "Чароўная флейта" 2006 году".


На фэстывалі пакажуць фільм "Жанчына і чужынец" (ГДР, 1984 г.), які атрымаў "Залатога мядзьведзя" Бэрлінскага кінафэстывалю 1985 году; ваенная драма "Забытая рота" - амэрыканскі вострасюжэтны фільм, зьняты паводле рэальных падзеяў Першай усясьветнай. Ня менш прывабным для гледачоў можа стаць чэхаславацкі фільм "Збораў", зьняты ў 1938 годзе. Ён распавядае пра змаганьне чэхаславацкіх легіянэраў за дзяржаўную і нацыянальную незалежнасьць Чэхіі.

Аматары музычнага кіно змогуць паглядзець два фільмы зь Вялікай Брытаніі - "О, гэтая цудоўная вайна" і "Чароўная флейта".

Француская амбасада прадстаўляе стужку "Парыж 1919, мірная дамова", якая набліжае гледача да гістарычных рэаліяў пасьляваеннага часу і перадае атмасфэру, у якой адбывалася Парыская мірная канфэрэнцыя, а таксама фільм "Тры нямецкія жаўнеры", у якім празь лёсы паасобных людзей перадаецца гістарычная спэцыфіка рэгіёну Лятарынгія. Пра лёс першых ваенных лётчыкаў распавядае француская мастацкая стужка "Вялікая ілюзія" (1937 г.).

Акрамя кінапаказаў у межах праекту "1914 revisited", арганізатары падрыхтавалі дзьве эксклюзіўныя выставы, якія будуць працаваць у фае кінатэатру "Перамога" на працягу цэлага тыдня. Пасольства ЗША пакажа тэматычную падборку плякатаў часоў Першай усясьветнай вайны, а пасольства Чэхіі прапануе гасьцям фотавыставу пра дзейнасьць чэскіх легіёнаў у Расіі ў 1914-1920 гадах.

Уваход на ўсе кінапаказы вольны. Фэстываль працягнецца да 13 чэрвеня.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Вяртаньне ў 1914 год: унікальны кінафэстываль у Менску