"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm

tuzin.fm

Партал Tuzin.fm па традыцыі падсумоўвае вынікі году і вызначае найлепшых у дзьвух намінацыях – «Адкрыцьцё году» і «Героі году». Вашай увазе – сьпіс галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароды.

Асноўная праблема, зь якой сутыкнулася рэдакцыя Tuzin.fm пры вызначэньні шорт-ліста – тонкая мяжа між дзьвума намінацыямі. Некаторыя гурты сталі адкрыцьцем у гэтым годзе, хоць дэбютантамі іх не назавеш. З гэтай прычыны мы палічылі больш карэктным называць дадзеную намінацыю «Адкрыцьцё году». Гэта значыць, што выканаўца можа ня першы год працаваць у музыцы, але патэнцыял свой напоўніцу прадэманстраваў толькі сёлета. І наадварот – ёсьць такія гурты, якіх нібы можна і ў дэбютанты залічыць, але яны маюць настолькі вялікі багаж дасягненьняў, што больш мэтазгодна разглядаць іх у намінацыі «Героі».

Такім чынам, у намінацыі «Адкрыцьцё году» вызначана пяцёра прэтэндэнтаў:


Haina

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Заснаваны пад канец 2013 новы рок-праект Ільлі Паплёўкі з «Абшару» у складзе баян-скрыпка-бубны сёлета актыўна сьведчыў пра сябе. Музыкі вельмі хутка зваявалі прыхільнасьць слухачоў – яны досыць актыўна канцэртавалі, выдалі EP і драматычны сынгл «Дыхаць», цэлы месяц трымаліся на вяршыні аўдыёчарту на «Тузіне» зь песьняй «Ціхі акіян», якая па выніку трапіла ў топ-12 найлепшых гітоў сэзону.

Слухаць EP




"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Праект Жэні Кучмейны з Іўя выдаў дэбютнік яшчэ тры гады таму, але толькі з другім альбомам «Унісон» пра яго пачула больш шырокае кола зацікаўленых. Рэліз, прэзэнтаваны на інтэрнэт-лэйбле «Пяршак», быў прыязна сустрэтны крытыкай і трапіў у топ-10 найлепшых альбомаў паўгодзьдзя, сам Жэня стаў часьцей наязджаць з выступамі ў Менск ды істотна павялічыў сваю калекцыю здымкаў каналізацыйных люкаў, якую зьбірае ад дня заснаваньня праекту. Яго песьня «Малады М.» напэўна самы дзіўны твор з тых, якія калі-небудзь удзельнічае ў чартах на «Тузіне».

Слухаць альбом «Унісон»


Сяргей Башлыкевіч (Leibonik)

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Дастойная зьмена Вайцюшкевічу расьце. Калі аднойчы пачуеш санграйтэра Башлыкевіча, не забудзеш ніколі – ён мае бясспрэчную харызму, талент да пераасэнсаваньняў і ўмее прыгожа загарнуць словы ў музыку. З плэй-ліста Сяргей у сацыяльных сетках можа скласьціся ўражаньне, што ён перапявае чужое, але ў яго стае сваіх песень. Да ўсяго, калі ён пяе чужое, то настолькі ўкладаецца, што ўспрымаеш ужо гэты матэрыял як ягоны. Выканаўца за год зрабіў пару аншлягаў у «Графіці», паезьдзіў па краіне з кватэрнікамі ды ўзяў прыз на «Бардаўскай восені». І гэта пры тым, што ён яшчэ анічога афіцыйна не выдаваў.

Слухаць


Віталь Варанко

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Для 22-гадовага вакаліста-баяніста з Акадэміі музыкі гэты год апынуўся надзвычай плённым. Ён зрабіў фурору на польскім тэлешоў «Голас» зь беларускамоўным кавэрам на гурт Piersi (у відэа на гэты момант больш за 630 000 праглядаў), засьвяціўся на расейскім «Голасе» і перамог у конкурсе «Засьпявай.by», што ладзіў партал Tuzin.fm з фондам «Вяртаньне». У выніку паўстала выдатная песьня – «Вяртайся» на словы Віталя Рыжкова, запісаная з саўндпрадусарам Уладам Яруном («Океан Ельзі», «ТІК», «Ляпіс Трубяцкі»).

Слухаць сынгл «Вяртайся»


Bristeil

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Праект вакаліста самай крутой ангельскамоўнай індзі-каманды краіны Haire Peace Salon Алега Вяля стартаваў зь беларускамоўнага міні-альбому «Цырульня сьвету», дзе адна песьня пякнейшая за другую. Алег мае бездакорнае пачуцьцё густу і выдатны вакальны і кампазытарскі талент. Сёлета гурт таксама дарабіў трэк, напісаны для Трыкі і атрымаў лішні плюсік у карму.

Слухаць EP «Цырульня сьвету»


У намінацыі «Героі году» сямёра прэтэндэнтаў.


Лявон Вольскі

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Нарэшце Вольскі запісаў альбом, які ад яго чакалі мусіць яшчэ з часоў бескампраміснага праекту ZET. Гранічна шчыры, у меру іранічны, у меру жорсткі, у меру мэлядычны ды яшчэ і добра прычасаны (часам аж занадта, праўда) наймітамі з Нарвэгіі. Па такім Вольскім яўна засумаваліся. Як вынік – поўная «Teatro Arena» у Вільні – бліжэйшым месцы, дзе магчымая поўнавартасная прэзэнтацыя такога матэрыялу.

Слухаць альбом «Грамадазнаўства»


Navi

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Мы вырашылі так, што ў намінацыю «Адкрыцьцё/Дэбют» гурт можа трапляць толькі аднойчы. Navi намінаваліся на яе летась, а сёлета ўжо далі сур’ёзныя падставы для залічэньня ў лік герояў беларускай незалежнай сцэны. Іх кліп «Абдымі мяне» сёлета працягнуў сваё пераможнае шэсьце і быў прызнаны найлепшым відэа сэзону паводле галасаваньня на «Тузіне», яны ўрэшце выдалі свой дэбютны альбом, пасьля якога перадумалі сваю музычную канцэпцыю і сталі выступаць ды запісвацца поўным рок-складам. Новае гучаньне ўвасобілася ў цудзе пад назваю «Шчасьце». Да ўсяго музыкі пакрысе скараюць суседнія тэрыторыі – яны займелі прыхільнікаў на Падляшшы пасьля выступу на Halfway Festival і ў гасьцявой частцы «Бардаўскай восені».

Слухаць альбом «Лови»


Dzieciuki

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Чаго толькі зь «Дзецюкамі» сёлета не здаралася – іх выступ забараняў КДБ, а здымкі кліпа перапыняў АМАП. Але галоўнае ня гэта, а творчы плён. Іх альбом «Гарадзенскі гармідар» толькі на «Тузіне» набраў больш за 7 000 праглядаў. Музыкі праехаліся з турам па Эўропе, даўшы 14 канцэртаў у пяці краінах за два тыдні. Сёлета гарадзенцы ўзяліся таксама за відэаўвасабленьне сваіх песень, зьняўшы кліпы на «Ладзьдзю роспачы», «Сумнае рэгі», «Лясных братоў» і «Хлопцы-балахоўцы». Адзьняты матэрыял для апошняга згаданага роліку канфіскаваны міліцыянтамі, але можа быць будзе вернуты пасьля праверкі на прадмет ідэалягічнай дывэрсіі.

Слухаць альбом «Гарадзенскі гармідар»


Ляпіс Трубяцкі

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Самая вядомая на постсавецкай прасторы беларуская група чарговы раз намінуецца на «Герояў», праўда сёлета ўжо ў стадыі поўнага распаду і разладу. Гурт выдаў антыімперскі альбом «Матрёшка» зь песьняй-саўдтрэкам да гэтага жахлівага года «Воіны света», за што трапіў пад забарону яшчэ і ў Расеі. Дайшло да таго, што з дзярждумы РФ у генпракуратуру асабліва пільныя напісалі данясеньне – каб нага Міхалка не ступала на рускую землю. Музыкі далі разьвітальны міні-тур ды ціха-мірна падзяліліся на два гурты – Brutto i Trybetskoy. Поўная ідылія была б, каб ня пост ад імя Міхалка на адрас былых паплечнікаў, які справакаваў далейшыя непрыгожыя разборкі. Але мы захоўваем аб’ектыўнасьць – «Ляпісы» рэальныя героі нашага часу.

Слухаць альбом «Матрёшка»


Vuraj

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Гурту Сяргея Доўгушава пайшоў пяты год, але толькі сёлета ён паказаў на што здольны ў сваім альбоме «Rajok», які поўніцца сьвежымі ідэямі і ўласным арыгінальным поглядам на народны здабытак. Даўно ўжо не было такога, каб перасьпеў народнага твору трапіў у лік галоўных гітоў году. А вось іх «Вэлытай пэрэпылко», выканананя да ўсяго на палескім дыялекце, яўна пайшла ў масы. Доўгушава варта намінаваць на «Героя» яшчэ за адну справу – ён быў адным з ініцыятараў «Сьпеўных сходаў», добраахвотных курсаў, дзе людзі вучацца пяяць песьні сваіх продкаў.

Слухаць альбом «Rajok»


Landau

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Музыкі з гэтага цудоўнага гурта могуць сьмела сказаць: гэты год – наш. Яны яго правялі з максымальнай карысьцю – выдалі ангельскамоўны EP і беларускамоўны EP, які адкрыў іх для большай аўдыторыі, зьнялі цудоўны кліп, урэшце выбраліся ў Менск з сольнікам. Музыку берасьцейцаў належным чынам ацанілі ў Польшчы. Сёлета гурт узяў Гран-Пры на фэсьце Wielki Ogień, першае месца на XVI Iławska Fama Rock Festiwal і ZMRock ды стаў ляўрэатам фэсту Around the Rock. У дадатак да ўсяго іх песьня «Сьнежань» перамагла ў галасаваньні наведнікаў Tuzin.fm за найлепшы гіт сэзону.

Слухаць EP «Сьнежань»


Akute

"Героі году-2014" - шорт-ліст прэміі ад Tuzin.fm


Героі 2012 году маюць усе шанцы вярнуць сабе гэты тытул, бо маюць усе падставы. Сёлета магілёўцы выдалі новы альбом «Рэальнасьць і сны», варты самых высокіх адзнакаў. Рэліз сярод галоўных прэтэндэнтаў на званьне найлепшага ў гэтым годзе. Пасьпяховыя канцэрты па ўсёй Беларусі, выдатная відэапраца «Сьцены», зварот да спадчыны Ulis’а і «Песьняроў» – усё гэта дае падставы казаць пра Akute як пра адзін з самых актыўных ды крэатыўных гуртоў 2014.

Cлухаць альбом


Абвяшчэньне пераможцаў, а таксама ўручэньне прызоў за найлепшую песьню, кліп і альбом сэзону пройдзе падчас вялікага канцэрту «Героі году», які пройдзе 12 сьнежня ў клюбе «Піраты». У ім сыграюць некалькі прэтэндэнтаў на перамогу ў абедзьвюх намінацыях. Поўны лайн-ап вечара будзе абвешчаны 19 лістапада. Да гэтае даты квіткі можна набыць па кошце (з улікам камісіі апэратара) – 102 000 (танцпляц) і 132 000 (столік). Потым будзе даражэй.

Квіткі на цырымонію можна набыць онлайн або ў касах KVITKI.BY па ўсёй краіне.

*Шорт-ліст падрыхтаваны паводле адзнакаў сябраў рэдакцыі парталу Tuzin.fm, у якую ўваходзяць Сяргей Будкін, Вецер Мэханічны, Алег Хаменка, RWD, Яўген Шапчыц, Віктар Сямашка, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак, Мікалай Тамашэвіч.

Заметили ошибку нажмите Ctrl+R

Читайте также

Новости других СМИ

Дорогие читатели, в дискуссиях на нашем сайте все чаще стали проявляться нарушения правил комментирования. Троллинг, флуд и провокации затопили вдумчивые и остроумные высказывания. Не имея ресурсов на усиление модерации и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили без предупреждения отключить комментирование. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники