“Басовішча-2009“. Вяртанне рок-легендаў

www.udf.by
17 июля 2009, 18:25
Пачнем з сумнай навіны. Сёлета на "Басовішчы" не будуць раздаваць грошы і каштоўныя падарункі.

З 1992 году на фестывалю ладзіўся конкурс маладых выканаўцаў. Пераможцы атрымлівалі права на бясплатны запіс альбому ў беластоцкай студыі, грашовыя прэміі, новыя гітары. Менавіта з перамогі ў конкурсе на "Басовішчы" пачынаўся зорны шлях шмат каго з беларускіх выканаўцаў. У розныя часы перамагалі такія гурты, як Zet, Cьцяна, IQ48 і нават Віктар Шалкевіч.

Адмену конкурсу арганізатары патлумачылі тым, што на юбілейнае "Басовішча" ім хацелася зрабіць канцэрт, дзе бы выступілі выключна зоркі. Ёсць і неафіцыйнае тлумачэнне – пераможцы конкурсу здрабнелі. Большасць лаўретаў апошніх год пасля фестывалю ніяк сябе не выяўлялі.

У любым разе, сёлетняе "Басовішча" сапраўды вельмі насычанае. Хоць у канчатковую праграму не трапілі шэраг цікавых гуртоў. З беларускай "5’nizza" – гуртом Jab club арганізатары не здолелі дамовіцца, этна-шоў OSIMIRA не паспелі зрабіць візы, а "Голая манашка" вымушаная зрабіць перапынак у сваёй дзейнасці з-за таго, што іх лідэр папаўся на наркотыках.

Затое выступяць практычна ўсе вядучыя беларускія гурты і шэраг цікавых адкрыццяў апошніх год. З іх можна вылучыць найперш гурт "Дзецідзяцей" на чале з акторкай Купалаўскага тэатру Ганнай Хітрык. У іх двух альбомах усе песні па-расейску, але дзеля фэстывалю каманда вырашыла падрыхтаваць беларускамоўную праграму. Выступіць і некалькі гуртоў з Польшчы, якія спяваюць па-беларуску – гэта беластоцкія Rima і Zero-85.

Адна з галоўных цікавостак "Басовішча-2009" вяртанне на сцэне легендаў беларускага савецкага року – гуртоў "Мроі" (распалася ў 1995 годзе) і "Бонды" (існавала да 1991 году). Першапачаткова арганізатары наогул хацелі аднавіць старыя склады гэтых гуртоў, але дамовіліся на тое, што група Вольскага і група Варашкевіча згадаюць колькі старых гітоў. N.R.M.- "Мроя" нават возьмецца аднавіць антураж пачатку 90-х, апрануўшы па модзе тых часоў.

Фестываль стартуе ў 19.00 17 ліпеня, а скончыцца позна ўначы 18 ліпеня. Усяго на сцэну выйдуць 20 гуртоў.

Сёлета пройдзе 20-ты па ліку фэст, але ў наступным годзе таксама будзе нагода для святкаванняў. У 2010 годзе споўніцца 20 год "Басовішчу" як музычнай з'яве. Першы фэст прайшоў якраз у 1990 годзе.

Сяргей Нятрэба
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ “Басовішча-2009“. Вяртанне рок-легендаў