Deviation: Пад вечнай забаронай

www.udf.by
21 июля 2009, 11:16
Іх дэбютны выступ на сцэне скончыўся вялікім скандалам. "Deviation" выканалі песню пад назвай "Міліцэйскі тэрор" з прысвячэннем былому начальніку Бераставіцкага РУУС, які застрэліў з табельнай зброі сваю жонку і параніў сына. Пасля канцэрту лідэр гурта Стас Пачобут, якому на той час не было 18 год, трапіў на 10 сутак за краты – "за заклік да самасуду".

Тады ішоў 1993 год. Толькі вяліся размовы пра ўвядзенне пасады прэзідэнта, вядучыя беларускія рокеры ладзілі фэст "Рок супраць рэвалюцыяў" і пра забароны на выступы яшчэ не вялося. З прыходам да ўлады першага прэзідэнта, Devation запісалі альбом "Lukashenka…Uber Alles", дзе не шкадавалі моцных слоў на адрас кіраўніка дзяржавы.

Дасталося потым і Зянону "Пазнякі адляцелі ў космас, б…дануўшы нам змагацца за волю". Першы свой легальны канцэрт яны далі разам з N.R.M. на сваё пяцігоддзе. 1999 год – зорны час Deviation.

Яны перамаглі на "Басовішчы", а да ўсяго атрымалі пачэснае званне – "Найлепшага беларускага рок-гурта году" па версіі "Музыкальной газеты". Наступны іх альбом выйшаў у Францыі, пасля чаго яны практычна зніклі з інфармацыйнай прасторы. Праз сем год маўчання ў ліпені 2009 гарадзенскія панк-рокеры выдалі новы альбом пад назвай "ЧарговыЙ дзень пад акупацыяй" – такі ж з’едлівы і бескампрамісны, як і ранейшыя. Размова з лідэрам гурта – Стасам Пачобутам.

- Ці гэта вяртанне?

- Мы нікуды не адыходзілі, увесь гэты час гралі канцэрты і не перажывалі з нагоды таго, што пра нас мала чаго чуваць. Мы ж не прэзідэнт РБ, пра якога ў тэлевізары штодня. Мы не камерцыйны гурт, які штодзень займаецца прамоўшнам.

- Чаму ў такім разе "Deviation" выпаў з абоймы беларускага року?

- Тое, што мы дыстанцыянаваліся ад так званых беларускіх рокераў – гэта праўда. Мы маем сталую пазіцыю ў адносінах да ўлады, кантактаў з чыноўнікамі, выкарыстання іх пляцовак. А ў большай часткі так званых рокераў няма такой пазіцыі, таму мы ад іх адышлі. У назве нашага альбому якраз і выказваецца асноўная думка – з таго часу, як утварыўся наш гурт 16 год таму ў нашай краіне нічога не змяніліся. І мы ўспрымаем гэтую ўладу, як акупацыйную, бо назваць іх нашымі не выпадае.

- А тыя змены, якія адбываюцца апошнім часам у звязку з курсам на лібералізацыю, як ты ўспрымаеш?

- Гэтая лібералізацыя – смешная. Ёй займаюцца тыя ж людзі, якія праводзілі ранейшыя выбары. Няўжо з’явіцца столькі незалежных газет, колькі было ў 90-х? Добра, няхай, а потым яны ізноў знікнуць, калі будуць замінаць. Для мяне гэта не змена, а гульня, фарс. Павінна змяніцца нешта радыкальна, каб ужо ўсур’ёз размаўляць пра дэмакратызацыю. Хаця бы з’явіцца люстрацыя.

- Крымінальны артыкул "паклёп на прэзідэнта РБ" ужо ўжываўся ў дачыненні да творчых людзей. Ці не засцерагаешся ты з сваімі спевамі пад яго патрапіць?

- Кожнае маё слова – абдуманае. І рабіць вадэвіль я не хачу. Калі гэта г…о, то трэба казаць, што гэта г…о, а не маса, якая нам не падабаецца. Калі творцу спрабуюць пасадзіць за тое, што ён зрабіў, то гэта гаворыць пра спецыфіку сітуацыі. А баяцца можна і па вуліцы хадзіць і засцерагацца, што цябе паб’юць. Канешне, не хацелася бы скончыць каля муру і апошняе што пачуць: "Агонь". Але баяцца за свае словы я не збіраюся.


- Дзе вы цяпер граеце?

- Цяпер вельмі моцная D.I.Y.- сцэна, таму мы граем пераважна па гаражах ці месцах, якія здымаюцца для выступаў аднаразова. Канцэрты праходзіць без афішаў, інфармацыя пра іх распаўсюджваецца праз знаёмых. На апошнім нашым канцэрце ў Менску было ля 300 чалавек, што сведчыць, што гэта сістэма працуе і яе цяжка кантраляваць. Альбом

"ЧарговыЙ дзень пад акупацыяй" таксама будзе распаўсюджвацца праз рукі, да ўсяго мы яго выклалі ў інтэрнэт.

Сяргей Нятрэба
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Deviation: Пад вечнай забаронай