Канцэрт The Prodigy абыдзецца ў 1 мільён долараў

"Еўрарадыё"
28 августа 2009, 16:22
А таксама Еўрарадыё даведалася, чаму да Беларусі не даязджаюць Rammstein і Aerosmith і калі ў Мінску выступіць Джо Банамаса і Кевін Костнер.

Бюджэт мінскага фестывалю Ultra music з удзелам гурта The Prodigy складае 1 мільён долараў. Толькі на рэкламную кампанію арганізатары вырашылі патраціць 140 тысяч долараў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў дырэктар рэкламна-канцэртнага агенцтва "Ультразвук" Павел Калачоў:

"Акрамя Мінска і ўсіх тэлеканалаў, якія ідуць у Беларусі, задзейнічаны таксама 5 радыё станцый, ва ўсіх абласных гарадах задзейнічаны бігборды, расцяжкі, кінатэатры ўсе па Беларусі. Усё толькі пачнецца ў верасні".

Нядаўна ўсіх здзівіла рэклама канцэрта The Prodigy на курыных яйках. Таксама ўражвае колькасць плакатаў, афіш і бігбордаў на вуліцах Мінска. Але, па словах Калачова, сапраўдная рэклама фестывалю яшчэ не пачыналася. Неўзабаве арганізатары выбухнуць новым крэатыўным падыходам, які пакуль трымаецца ў сакрэце.

"Еўрарадыё" пацікавілася ў іншых канцэртных агенцтвах Беларусі, ці не збіраецца хтосьці рабіць канцэрт такога маштабу ў бліжэйшым часе. Аказалася, што цяпер такія мерапрыемствы праводзіць вельмі небяспечна і нявыгадна, ды і пляцоўкі ў Мінску нармальнай няма, таму арганізатары часам адмаўляюцца ад прапановаў вядомых каманд. І прагназуюць няўдачу для Ultra music.

Дырэктар канцэртнага агенцтва "Канцэпт Стыль" Андрэй Старцаў, лічыць што ў Беларусі пракаціў бы "Рамштайн", а больш за ўсіх народу збіраюць "Ляпісы".

"На маю думку, пракаціў бы гурт "Рамштайн". Сабраў бы народ па поўнай праграме. А так больш за ўсіх збірае "Ляпіс Трубяцкой". Больш чым замежныя зоркі. 8 - 10 тысяч гэта нармальна для "Ляпіса Трубяцкога".

А вось прэс-сакратар канцэртнага агенцтва "Клас-клуб" Святлана Гур'ева кажа, што яны ўжо тры гады адмаўляецца ад таго ж "Рамштайна", бо эканамічна нявыгадна.

"Нам ужо 3 гады "Рамштайн" прапануюць прывезці ў Беларусь. Але мы пралічваем эканоміку канцэрта і выходзіць, што сярэдні білет будзе вельмі дарагі, каля 100 долараў, таму пастаянна адмаўляемся".

Таксама прыйшлося адмовіцца ад "Аэрасміт". А вось арганізатарам фестывалю Ultra music з удзелам The Prodigy прадстаўнікі розных агенцтваў жадаюць удачы, каб яны хаця б выйшлі ў нуль.

Але дырэктар рэкламна-канцэртнага агенцтва "Ультразвук" Павел Калачоў упэўнены, што фестываль выйдзе ў плюс. Ужо прадалі каля 7 тысяч білетаў. У асноўным білеты пайшлі ў продаж па абласных гарадах, шмат білетаў замаўляе Прыбалтыка, Чарнігаў, Смаленск, Бранск, а на Мінск ужо засталося не так шмат білетаў, кажа Калачоў:

"Мы выйдзем у плюс. У нас няма сумневаў. Гэта першае такое маштабнае мерапрыемства ў Беларусі, ну мы не ўлічваем Славянскі базар і інш. Гэта фэст з зоркай сусветнага маштабу. Prodigy узрывала сэрцы яшчэ ў 90-х. Таму ў нас зараз на танцпол расхоплівае білеты моладзь, а на сектары на стадыёне актыўна выкупаюць людзі, якім ужо за 30".

Адзначым, што білеты на фестываль Ultra music каштуюць ад 90 да 200 тысяч, а ў VIP-зону — 350 тысяч. Арганізатары разлічваюць прадаць 35 - 40 тысяч білетаў.

Хто яшчэ можа прыехаць з канцэртам у Беларусь?


У лістападзе прыедзе экс-салістка легендарнага гурта Morcheeba Скай Эдвардс, фінская паўр-метал каманда Stratovarius, амерыканскі блюз-гітарыст Bernard Allison. У лютым Карл Палмер, брытанскі барабаншчык і кампазітар, вядомы ўдзелам у гуртах The Crazy World of Arthur Brown, Atomic Rooster, Emerson, Lake and Palmer і Asia.

"Ну і таксама ў нас планаваўся канцэрт гітарыста Джо Банамаса, але ён не змог прыехаць, таму канцэрт адбудзецца у 2010 годзе хутчэй за ўсё у лютым — сакавіку. Яшчэ паступіла цікавая прапанова, якую мы зараз разглядаем, гэта Кевін Костнер са сваім бэндам", — распавялі "Еўрарадыё" ў Клас-клубе.

Таксама у нашу краіну завітае яшчэ частка Prodigy — іх былы танцор Лірай Торнхіл. У планах агенцтва "Ультразвук" і канцэрт "Чароўнага трусіка" Юры Дземідовіча.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Канцэрт The Prodigy абыдзецца ў 1 мільён долараў