Названая галоўная беларуская песня сезону

партал навінаў www.UDF.BY
27 августа 2010, 14:05
Хітом сезону ў беларускамоўнай музыцы прызнаная песня гурта "Глюкі" – "Краіна 2.0", якая перамагла ў выніковым мегатуры на інтэрнэт-партале "Тузін Гітоў".

Шорт-ліст прэтэндэнтаў быў сфармаваны экспертнай радай з прадстаўнікоў тэлеканалаў, што працуюць у Беларусі.

Цягам месяца на галоўным музычным інтэрнэт-партале краіны – "Тузін Гітоў" праходзіў выбар самых годных беларускамоўных твораў. У прэтэндэнтаў было 72 кампазіцыі выканаўцаў абсалютна розных жанраў, якія ўдзельнічалі ў хіт-парадзе цягам музычнага сезону 2009-2010. Шорт-ліст твораў было даручана скласці прадусарам тэлеканалаў, якія працуюць у Беларусі. Кожны з экспертаў меў свае ўпадабанні.

"Мне падабаецца мелодыка, гэта адна з прычын, чаму цяжкія гурты ў маім хіт-парадзе адсутнічаюць", - зазначыў дырэктар дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампаніі Дзяніс Шпітальнікаў.

Шмат адкрыццяў для сябе зрабіў генеральны прадусар СТВ Павал Каранеўскі. Асаблівы рэспект ён выказаў Юры Дземідовічу з беларускай версіяй "Чароўнага кроліка" і вакалістцы гурта Naka Насце Шпакоўскай: "Я разам з ёй паміраю ды зноў нараджаюся, дзякуючы голасу і моцы пачуццяў".

Музычны дырэктар тэлеканалу Белсат Вераніка Самолінская і дырэктар каналу A-ONE у Беларусі Алег Скарабагаты звярнулі ўвагу найперш на беларускі андэграўнд, а генеральны прадусар MTV-Беларусь Валянцін Грышко на патэнцыйную камерцыйнасць выканаўцаў.

Далейшы выбар быў за наведнікамі парталу "Тузін Гітоў". У змаганні на званне галоўнага беларускага хіта сышліся дзве каманды, якія прыпынілі дзейнасць, таму і падтрымка з боку іх прыхільнікаў была найбольш адчувальная. У выніку перамогу атрымаў гурт "Глюкі" з песняй "Краіна 2.0", запісанай пры ўдзеле гуртоў MAUZER і Green Che. Яна ўсяго на некалькі галасоў апярэдзіла гурт "Дзецідзяцей" з песняй "Раптам".

Восьмы па ліку сезон на "Тузіне Гітоў" стартуе 17 верасня. Па задумцы рэдакцыі хіт-параду, сёлета галасаванне стартуе з ПОП-тура, у якім возьмуць удзел як прызнаныя выканаўцы, так і тыя, якія толькі пачынаюць сваю музычную кар’еру.

Тузін лепшых беларускіх песень музычнага сезону 2009-2010 па версіі інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў":

1. Глюкі feat. MAUZER і Green Che - Краіна 2.0

2. Дзецідзяцей - Раптам

3. Akute - Адзіноцтва

4. :B:N: feat. Vinsent - Развага

5. MAUZER - Я люблю боль

6. Neuro Dubel - Касманаўты

7. Рокаш - Дзеці паўночнага ветру

8. Naka - Бяжы

9. esprit - Да сініх скалаў

10. J:морс - Маё сонца (канцэрт у тэатры)

11. Спрат - Казачныя сны

12. Rahis - Чароўныя ноты
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Названая галоўная беларуская песня сезону