Рэбрэндынг “Лістапада“ - топ-5 галоўных фільмаў фестывалю

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
28 октября 2010, 18:47
На 17-ты год правядзення арганізатары фестывалю "Лістапад" заявілі, што хочуць зрабіць яго ў адпаведнасці з усімі міжнароднымі патрабаваннямі, каб стаць у шэраг з прэстыжнымі еўрапейскімі кінафэстамі.

"Лістапад" па звычцы ўспрымаецца як кінааналаг "Славянскага базара". Па-першае, таму што ладзіцца на дзяржаўным узроўні з адпаведным пафасам, а па-другое, таму што не можа пахваліцца вялікай прадстаўнічасцю зорак сусветнага маштабу, а арыентуецца толькі на постсавецкія краіны. На 17-ты фэст таксама не прыедуць Джэймс Кэмерон ды Эмір Кустурыца, не адбудзецца гучных еўрапейскіх прэм’ер, а за яго правядзенне па-ранейшаму будуць адказваць чыноўнікі з Мінкульта і Мінгарвыканкама. Але сёлета заўважнае імкненне зрабіць фестываль па-іншаму. Дзеля гэтага, напрыклад, упершыню ўзнагароды будзе ўручаць міжнароднае журы, а не гледачы. Гэта дазволіць выканаць адно з патрабаванняў, каб фестываль трапіў у спіс акрэдытаваных Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў разам з Канскім ды Берлінскім. На самім фестывалю запланаваны якраз шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі кінаіндустрыі краінаў Еўрасаюзу. Да ўсяго ў праграме будзе багата цікавых паказаў як ад рэжысёраў з постсавецкіх краінаў, так і еўрапейскіх знакамітасцяў.

Конкурсную праграму сёлета падзялілі на чатыры часткі. У першай будуць прадстаўлены ігравыя фільмы, у другой – працы маладых рэжысёраў, у трэцяй – неігравыя, у чацвертай – стужкі маладых дакументалістаў. Плюс да гэтага – традыцыйны фестываль у фестывалі – "Лістападзік", дзе будуць прадстаўленыя фільмы для дзетак.

Асобную цікавасць выклікаюць пазаконкурсныя праграмы. У праграме "Без пяці Оскар" пакажуць кіно з Аўстрыі, Аргенціны і Японіі, а ў "Французскім майстар-класе" – апошнія кіназдабыткі гэтай краіны. У асобную праграму вылучылі фільмы на рэлігійную тэму і тэму Вялікай Айчыннай вайны.

Фестываль будзе праходзіць з 5 да 12 лістапада. Квіткі на паказы будуць каштаваць ад паўтары тысячы беларускіх рублей.

Топ-5 фільмаў "Лістапада", якія варта паглядзець


Шчасце маё (рэж. С.Лозніца)

Фільм рэжысёра, што нарадзіўся ў Беларусі, хоць беларусам сябе можа лічыць адносна, бо пражыў тут толькі год. Гэты змрочны фільм быў зняты ва Украіне, ужо здабыў шэраг узнагародаў на кінафэстах і быў уключаны сёлета ў праграму Канскага кінафестывалю. Па сюжэце, кіроўца-дальнабойшчык вандруе па расійскай правінцыі. Цягам фільму ён акунаецца ў свет страху і жорсткасці, які трансфармуе яго асобу.

Аўрора (рэж. К.Пую)

Фільм румынскага режысёра, адзначаны ўжо на еўрапейскіх фестывалях. Па сюжэце, галоўны герой, якога сыграў сам режысёр – саракагадовы інжынер з Бухарэста - вырашае кінуць працу ды пазбавіцца ад пачуцця пастаяннай няўпэўненасці. Зробіць ён гэта з дапамогай ружжа. Сам Крысці Пую кажа, што гэта гісторыя чалавека, які дайшоў да мяжы і аддаўся на волю лёсу, не задаючы пытання, чаму адбываецца так, а не інакш.

Масакра (рэж. А.Кудзіненка)

Галоўны беларускі кінаспадзеў году – фільм колісь апальнага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі, якога чыноўнікі "Беларусьфільма" вярнулі з Расіі рэанімаваць айчынны кінематограф. Фільм заяўлены ў жанры "бульба-хорар" і апавядае пра падзеі, якія здарыліся пасля паўстання 1863 года, калі ў адным з маёнткаў сталі адбывацца містычныя і жахлівыя гісторыі.

Самсон і Даліла (рэж. У.Торнтан)

Фільм аўстралійскага рэжысёра будзе паказаны на конкурсе маладога кіно, дзе ён з’яўляецца безумоўным фаварытам. За два гады стужку адзначылі ўжо на фестывалях у Славакіі, Амерыцы, Ірландыі, а летась на Канскім фестывалю рэжысёр атрымаў прыз за лепшы дэбют. Па сюжэце, падлеткі Самсон і Даліла пазнаюць несправядлівасць свету, пасля таго як упершыню пакінулі сваё ізаляванае паселішча ў аўстралійскай пустыні.

Сховішча (рэж. Ф.Азон)

Апошні фільм скандальнага режысёра будзе паказаны ў межах пазаконкурснай праграмы "Французскі майстар-клас". У стужцы апавядаецца пра жыццё маладой, заможнай і прыгожай пары, якая мае толькі адзін недахоп – наркатычную залежнасць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Рэбрэндынг “Лістапада“ - топ-5 галоўных фільмаў фестывалю