J:Морс адваявалі канцэрт у Палацы спорту

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY
Обновлено: 25 ноября 2010, 18:16 | Опубликовано: 25 ноября 2010, 17:16
Адмена канцэрта гурта J:Морс займела вялікі розгалас. Выступіць на сцэне Палаца спорту музыкантам усё ж дазволілі.

Гурт J:Морс збіраўся прадставіць свой новы альбом "Электричество" у Палацы спорту 11 снежня. Рашэнне зрабіць канцэрт у такой вялікай зале было рызыкоўным, але яно апраўдалася – за тры тыдні да пачатку ўжо было прададзена пад дзве з паловай тысячы квіткоў. Але раптоўна музыкам паведамілі – канцэрт давядзецца адмяніць. Афіцыйнае тлумачэнне – трэба рыхтавацца да валейбольнага чэмпіянату. Неафіцыйнае, якое агучыў лідэр гурта Уладзімір Пугач у сваім блогу: помста з боку тэлеканалу ОНТ за адмову гурта ўдзельнічаць у зборным канцэрце "Беларусь – это мы", які таксама быў запланаваны на 11 снежня.

Гурт J:Морс заўжды пазіцыянаваў сябе па-за палітыкай. Напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў, ён адмовіўся ад ўдзелу ў серыі прапагандысцкіх канцэртаў "За Беларусь!", музыкі таксама не выйшлі на сцэну цырымоніі "Рок-Каранацыя" у 2006 годзе, бо ў зале прысутнічаў Аляксандр Мілінкевіч.

Кіраўніцтва тэлеканалу ОНТ адмаўляе сваё дачыненне да адмены канцэрту J:Морс, але ўдзельнікі гурта кажуць, што факты сведчаць самі пра сябе: 22 лістапада музыкі адмовіліся ад ўдзелу ў брэсцкім канцэрце "Беларусь – это мы" тэлеканалу ОНТ, 23 ім патэлефанавала дзяўчына з прыёмнай кіраўніка ОНТ з пагрозай, што калі музыкі не зменяць сваёй пазіцыі, то будуць прыбраныя з тэлеэфіру. Гурт адмовіўся ізноў і маментальна атрымаў звесткі ад знаёмых пра адлучэнне ад эфіру. У гэты ж дзень кіраўніцтва Палаца спорту паведаміла, што правядзенне канцэрту немагчымае.

"Канцэрт быў адменены па тэлефанаванню зверху. Канечне, мы гэта звязваем найперш з гісторыяй з тэлеканалам ОНТ. Я дапускаю, што гэта мог быць і данос з боку калегаў-музыкаў праз элементарную зайздрасць: іх заганяюць на зборны канцэрт, а мы ў гэты ж дзень граем сольнік. Факт у тым, што канцэрта па заканадаўстве магло не дапусціць упраўленне культуры Мінгарвыканкаму, але там яшчэ не ў курсе, што дазволены імі выступ не адбудзецца. Нехта дэманструе сваю ўладу. І гэта глупасць, бо такія дзеянні адбіваюцца на рэпутацыі гэтых людзей", - кажа дырэктар J:Морс Руслан Старыкоўскі. Страты, якія мог панесці гурт за адмену канцэрта, можна было ацаніць у некалькі тысячаў даляраў.

Калі навіна пра адмену канцэрта разыйшлася па СМІ, кіраўніцтва Палаца спорту перагледзела сваё рашэнне ды адмяніла падрыхтоўку да валейбольнага турніру. "Морсам" сказалі, што яны могуць рыхтавацца да выступа. Тым не менш, ніхто з беларускіх музыкаў не можа пачуваць сябе спакойна ў сучаснай Беларусі, бо кожны іх канцэрт можа быць адменены праз тэлефанаванне зверху.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ J:Морс адваявалі канцэрт у Палацы спорту