Дырэктар “Аўтарадыё“: За намі праўда

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY
10 марта 2011, 11:01
"Аўтарадыё" адстаяла ў судзе сваё права на вяшчанне і даказала неабгрунтаванасць дзеянняў чыноўнікаў, якія спынілі вяшчанне радыё з-за перадвыбарчага роліка Андрэя Саннікава. Пасля заключнага паседжання ў Вышэйшым гаспадарчым судзе кіраўнік "Аўтарадыё" Юры Базан у інтэрв'ю парталу навінаў www.UDF.BY распавёў, калі адновіцца вяшчанне і чаму яго навучыў гэты судовы працэс.

- Як лічаце, чаму суд узяў ваш бок?

- Суд не мусіць браць чыйсці бок, ён мае выслухаць усе аргументы і прыняць рашэнне на карысць таго, хто не парушае. І калі мы змяшчалі той перадвыбарчы ролік, мы дакладна ведалі, што нічога не парушаем.

- Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі пераканаліся ў вашай рацыі?

- Не, яны па-ранейшаму ўпэўненыя, што ў фразе "Лёс краіны вырашаецца не на кухнях, а на плошчы" ёсць заклік да масавых беспарадкаў. Параіў бы ім зайсці ў кнігарню, што знаходзіцца ў тым жа будынку, што і міністэрства, ды пачытаць казкі, дзе праўды столькі ж, колькі ў іх аргументах.

- Суд абавязаў міністэрства сплаціць "Аўтарадыё" 700 тысячаў рублёў. Наколькі гэта пакрывае вашы страты за два месяцы адсутнасці эфіра?

- Канечне, гэта абсалютна не пакрывае тыя выдаткі, якія мы панеслі за час адлучэння. Гэта тычыцца толькі затратаў, што пайшлі на падачу скаргі. Буду яшчэ кансультавацца з юрыстамі наконт таго, ці магчыма спагнаць хоць бы частку нашых стратаў. Але тут ёсць праблема – тая камісія па радыёвяшчанню, што прымала рашэнне аб ануляванні нашага вяшчання, не з’яўляецца юрыдычнай асобай і не мае разліковага рахунку, з іх нічога не возмеш.

- Як хутка адновіцца вяшчанне "Аўтарадыё"?

- Афіцыйнае рашэнне мусім атрымаць цягам пяці дзён і адразу трэба вырашаць пытанне аб аднаўленні дазволу на эксплуатацыю перадатчыка. Мы плануем пачаць эфір пры канцы наступнага тыдня. Калі будзе затрымка, то толькі з боку структураў Міністэрства сувязі.

- Ці зменіцца эфірная палітыка адноўленага "Аўтарадыё"?

- Яна застаецца той жа. Людзі не разбегліся, але ўсім трэба ўключыцца ў працоўны рытм. Можа па першым часе будзе больш музыкі, але паступова адновім увесь праграмны цыкл, вернуцца праграмы Алега Хаменкі і Змітра Вайцюшкевіча.

- За час адсутнасці ў эфіры "Аўтарадыё" іншыя радыёстанцыі нібы атрымалі спіс выканаўцаў, песні якіх непажаданыя для эфіру. Ці будуць гучаць на вашых хвалях пералічаныя выканаўцы, той жа Вайцюшкевіч, "Палац" Хаменкі, N.R.M., што запісалі песню ў падтрымку "Аўтарадыё"?

- Мы такога не атрымлівалі, я на падобныя спісы не звяртаю ўвагу, бо не лічу, што нечая творчасць можа апынуцца пад забаронай на чыёсьці меркаванне. Не ведаю, ці чакаць у гэтай сувязі новага закрыцця (смяецца). Мы па-ранейшаму будзем ставіць беларускамоўную музыку. І канечне N.R.M. са сваім "Аўтарадыё" будзе гучаць у нас.

- Якія вы самі для сябе зрабілі высновы з гэтага судовага працэсу?

- Працэс засведчыў галоўнае: калі ты адчуваеш, што за табой праўда, не варта нічога баяцца. Трэба рабіць усё, што ты можаш, і не зважаць на акалічнасці. Спадзяюся, што высновы зробіць і міністэрства наконт працэдуры прыняцця рашэнняў, адсутнасці нарматыўнай базы. Гэты працэс быў важны ў прынцыпе для беларускага радыёвяшчання, бо паказвае неўзгодненасць заканадаўства ў гэтай сферы і неабходнасць працаваць над гэтым.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Дырэктар “Аўтарадыё“: За намі праўда