Перадрэвалюцыйная сітуацыя ў беларускім FM

www.udf.by
29 октября 2009, 15:03
Ініцыятары кампаніі "Наш FарМат" паставілі за мэту карэнным чынам змяніць сітуацыю ў айчыннай FM-прасторы. Актывісты кампаніі звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі і ва ўсе рэдакцыі радыёстанцый і збіраюцца сустрэцца з міністрам культуры і намеснікам міністра інфармацыі. Мэта – давесці, што беларускамоўная музыка не горшая за музыку на любой іншай мове свету.

"Музычныя рэдактары маюць своеасаблівы стэрэатып, які захаваўся з савецкіх часоў: калі па-беларуску – дык гэта абавязкова "калгас", то бок нейкія фальклорныя спевы. Таму яны папросту ігнаруюць беларускамоўнае"- кажа адзін з каардынатараў кампаніі Адам Птушка.

"Мы гатовы ўзяць на сябе функцыі незалежнага прадзюсарскага цэнтру, бо маем што прапанаваць: у нашай базе якасная поп-музыка, танцавальныя версіі нефарматных трэкаў, поп-рок хіты. І базу мы перыядычна папаўняем", - кажа адзін з ініцыятараў кампаніі Міхал Нядзвецкі. У гэтым ён бачыць істотную розніцу ад кампаніі "Штурм FM", якую беларуская моладзь праводзіла пяць год таму: "Тады сэнс палягаў у тым, каб замаўляць на радыё беларускія песні, але ды-джэі казалі, што шмат якія творы не маюць. Цяпер яны не змогуць адмовіць, бо песні мы самі гатовы прадаставіць".

Канкрэтная прапанова ініцыятараў кампаніі "Наш FарМат" да ўладаў - замацаваць квоту ў 25 працэнтаў музыкі на беларускай мове, пры агульнай норме беларускай музыкі ў 50% (зараз якраз рыхтуецца рашэнне аб зніжэнні існай нормы ў 75%).

Некалькі радыёстанцый ужо адказалі актывістам на звароты. У прыватнасці, дырэктар "Радыё Рокс" Валянціна Пісьмак пагадзілася, што абавязковая квота на беларускамоўнае вяшчанне будзе спрыяць развіццю нацыянальнай беларускай культуры пры ўмове яе разумнасці, але пра ўласную гатоўнасць змяніць сітуацыю – ні слова.

"Адным валявым рашэннем гэту праблему не вырашыць. Патрэбна комплексная дзяржаўная праграма", - зазначыла яна.

Ад кіраўніцтва іншых FM-станцый пакуль прыходзяць фармальныя адпіскі, ад Міністэрства інфармацыі таксама:

"Міністэрства праводзіць рэгулярныя маніторынгі радыёэфіраў адносна выканання рашэння аб 75% квоце айчыннай музыкі ў эфіры FM-радыёстанцый. На сённяшні дзень сур’ёзных парушэнняў не выяўлена", – адказаў намеснік міністра Аляксандр Слабадчук.

Кіраўнікі кампаніі рукі не складаюць і накіроўваюць паўторныя звароты і канкрэтныя прапановы. У лістападзе яны дамовіліся на сустрэчу з міністрам культуры Паўлам Латушкам.

Дарэчы

Аляксандр Кулінковіч, гурт "Остап Бендер": "Я запісаў сваю песню "17" у беларускамоўным і рускамоўным варыянце. Другі варыянт з ахвотай узяла большасць радыёстанцый, а вось беларускі варыянт у эфір не пайшоў. Сітуацыя паўтарылася і на тэлебачанні, калі я запытаў, на якой мове мне падкладаць трэк пад відэашэраг, мне адназначна сказалі, што на рускай".

Ігар Загумёнаў, гурт Zigzag: "Мае беларускамоўныя творы на радыё не бяруць, а вось песні па-англійску трапляюць у актыўную ратацыю. Таму вымушаны рабіць англійскамоўныя версіі сваіх твораў. Так выйшла і з апошняй песняй "Знаю" на верш Наталлі Арсенневай: па-беларуску не ўзялі, а па-англійску загучала".

Сяргей Будкін, для www.udf.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Перадрэвалюцыйная сітуацыя ў беларускім FM