Беларускі эпатаж: майткі з арнаментам

Аляксандра Дорская, budzma.org
16 мая 2013, 17:18
Правакацыі на нацыянальныя тэмы любяць не толькі маладыя літаратары. Модны дызайнер з Гомеля Яўген Іванчык на нядаўнім "Млыне моды-2013" прадставіў смелую калекцыю "Гісторыя пра ГЭТА", у якой задраў расшытыя спадніцы, паказаўшы майткі з беларускім арнаментам.

Малады дызайнер Яўген Іванчык, які працуе ў Цэнтры моды і прыгажосці "Крыштальная німфа", шматлікі лаўрэат "Млына моды", пераможца многіх конкурсаў, распавядае, што стылізацыяй беларускага строя займаецца не першы год. У папярэдніх калекцыях выкарыстоўваў украінскія, рускія і беларускія нацыянальныя матывы. Сёлета ўпершыню паспрабаваў зрабіць цалкам беларускую калекцыю.

"Наш арнамент вельмі прыгожы, мне хацелася раскрыць усю эстэтыку ярка-чырвонай гамы, – распавядае Яўген. – І як патрыёт хацеў данесці, што нацыянальныя матывы цудоўна глядзяцца не толькі ў народных строях ці сукенках, але і ў бялізне".

На пытанне, як ён вырашыўся эксперыментаваць з такой сакральнай і некранутай для беларусаў тэмай, дызайнер зазначае, што ўвогуле не бачыць у сваёй калекцыі нічога эпатажнага. "Ніякай пошласці не меркавалася. Мяне здзівіла, што нехта пабачыў тут блюзнерства, – тлумачыць Іванчык. – Калекцыя прайшла адбор "Млына моды", яе абмяркоўвалі італьянскія дызайнеры, ніхто не выказваў мне падобных прэтэнзій. Я імкнуўся, выкарыстаўшы народныя матывы, надаць адзенню аб’ём, цікавыя формы. Калі ствараў майткі і гарсэты, мне наадварот хацелася схаваць цела, таму яны даволі высокія, закрытыя".

Беларускі эпатаж: майткі з арнаментам


Варыяцыямі на нацыянальныя тэмы на еўрапейскіх паказах даўно нікога не здзівіш. Беларускія ж дызайнеры чамусьці рэдка звяртаюцца да традыцый. "У Мілане, скажам, культ нацыянальнага сцяга, які лёгка можна ўявіць на майтках, – шукае прыклады Яўген. – Мне здаецца, падобнага пакуль няма ў Беларусі праз тое, што наша мода недастаткова развітая. Ніхто проста не зрабіў сапраўды сучасныя, якасныя, прыгожыя рэчы з народнымі матывамі, якія б можна было апранаць куды заўгодна – у клуб, на працу ці прагулку па горадзе". Малады дызайнер збіраецца і надалей працаваць з беларускім арнаментам, ствараючы ў тым ліку і калекцыі адзення для паўсядзённасці. Пасля "Млына моды" ён паспеў прадаць некалькі гарсэтаў з беларускай вышыўкай і кажа, што пакупніцы з радасцю носяць іх з джынсамі і шортамі.

Але ідэя запусціць дызайнерскія майткі з беларускім узорам у больш шырокую вытворчасць альбо прадаваць у якасці сувеніраў Яўгену не падабаецца: "Мне здаецца, гэта адразу ператварылася б у пошласць. Майткі з беларускай вышыўкай для нас усё ж перабор. То бок гэта павінны быць унікальныя, адзінкавыя рэчы для паказаў, для відовішча, не на штодзень".

У калекцыі "Гісторыя пра ГЭТА" выкарыстана як машынная вышыўка, так і зробленая рукамі вясковых бабуляў. Ручнікі і вышыванкі дызайнер збіраў у вёсках Гомельскай вобласці. "У 2006 годзе, калі першы раз прыехаў – ставіліся да мяне насцярожана, некаторыя прыносілі ручнікі, аддавалі за шакаладку, – згадвае Яўген. – А пасля, калі перамог у першым "Млыне моды", уся вёска ўжо ведала. Адна бабулька пазнала недзе ў навінах па тэлевізары свой накоўдранік, які стаў сукенкай. І ўжо тады майстрыхі з радасцю самі неслі мне сваю вышыўку".

Па выніках "Млына моды-2013" Іванчык паедзе на міжнародны конкурс "Рускі сілуэт", праўда, з іншай калекцыяй. "Але рускія былі ў захапленні ад майткаў з нашым арнаментам, так што вазьму з сабой і некалькі мадэляў з беларускай калекцыі", – разважае дызайнер.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Беларускі эпатаж: майткі з арнаментам