Адзіны ў Магілёве беларускамоўны клас збіраюцца зачыняць

gorad.by
18 сентября 2013, 15:59
Два гады запар Яліна Салаўёва – адзіная беларускамоўная вучаніца. Бацькі спрабуюць знайсці дачцэ аднакласнікаў, аднак ахвотных вучыцца па-беларуску ў 360-тысячным горадзе пакуль няма.

У госці да Салаўёвых прыходзім раніцай, Яліна акурат збіраецца ў школу. Дзяўчынка вучыцца ў першай школе. Яе дзень распісаны амаль па хвілінах: спачатку ўрокі, потым дададковыя заняткі па англійскай мове, гурткі.

– Больш за ўсё я люблю фізкультуру ды англіскую мову, – ледзь не адзінае, што кажа нам Яліна.

– Бо на гэтых уроках яна разам з іншымі дзецьмі, – тлумачыць маці, Надзея Салаўёва. – Быць адной ў класе – не нармальная сітуацыя, і гэта разумее і яна, і мы. Але ў нас няма выбару, альбо мы вучымся па-беларуску так, альбо ніяк.


"Каб вучыцца па-беларуску, мы пайшлі ў школу ў 5 гадоў"

Яліна не самая гаваркая дзяўчынка. Значна ахвотней яна гуляецца з катамі ды хаваецца ад нашага фатографа. Мы ж размаўляем з бацькамі.

– Аддаваць яе ў школу так рана не хацелі, на той момант ёй яшчэ 6 год не споўнілася. Але гэта быў адзіны шанс вучыцца па-беларуску, бо заявы падалі адразу 4 сям’і. Праўда, чыноўнікі цягнулі з адказам да апошняга. І калі 30 жніўня сказалі, што клас усё ж будзе, тыя бацькі ўжо аддалі дзяцей у іншыя школы. Нам саступаць было няма як, – распавядае Надзея.

Пры ўсіх мінусах, плюсы такога навучання ў індывідуальным падходзе, амаль як рэпэтытарства. А зараз дзяўчынка рыхтуецца да алімпіяды па матэматыцы.

– Па беларускай мове яна пераможа і так. Амаль усе яе аднагодкі мовы не ведаюць, нават на прымітыўным узроўні, – кажа Надзея Салаўёва.


Беларуская мова ў школе выкладаецца як замежная

Адзіны ў Магілёве беларускамоўны клас збіраюцца зачыняцьПакуль мы размаўляем з дарослымі, Ялінка гартае кніжкі. Любімыя – "Малы і Карлсан", а таксама "Чыпаліна". Некаторыя кнігі падпісаныя вядомымі пісьменнікамі. У кватэры на відавоку здымкі з Уладзімірам Арловым ды Нілам Гілевічам. Бацькі імкнуцца, каб дзяўчынка чула мову не толькі ад мамы і таты.

– Да 3 гадоў яна размаўляла толькі па-беларуску. Але потым пайшла ў сад і школу, дзе хутка пераключылася на рускую, калі адчула што дзеці яе не разумеюць. Праблема ў тым, што 80% свайго часу дзеці праводзяць у школе, з сябрамі, на гуртках. І нават калі бацькі беларускамоўныя, рускую мову дзіці чуюць часцей, бо яна паўсюль.

Таму нават у Яліны слоўнікавы запас даволі абмежаваны. А дзеці ў рускамоўных класах маюць толькі 2 гадзіны беларускай мовы на тыдзень. У выніку – беларуская мова для іх як замежная.


Бацькі баяцца, што іх дзеці будуць "белымі варонамі"

Многія беларускамоўныя бацькі аддаюць дзяцей ў рускамоўныя класы, каб тыя не былі "белымі варонамі". Калі дачка сяброў Салаўёвых здавала іспыты пасля 11 класа па-беларуску, настаўніца ўвесь час казала: "Ну што ты выпендрываешся?". Таму бацькі баяцца.

– А вы не баіцеся? – пытаемся ў Надзеі і Змітра.

–– Баімся, але ад усіх глупых людзей дзіця ўсё адно не ўратуеш, – кажа Надзея. – Мы абралі беларускую мову, бо для нас важна, каб дачка ўспрымала яе як родную. Без гэтага немагчыма быць беларусам. Выбар на карысць рускай мовы - гэта адмаўленне ад нацыянальнай культуры на карысць суседней. А рускую, англійскую трэба вывучаць дадаткова. Чым больш, тым лепш. Калі вырасце, сама вырашыць, на якой мове размаўляць.


Людзям мова патрэбная, але яны не бачаць перспектыў

– Каб бацькі павялі дзяцей у беларускі клас, у краіне павінны быць хаця б адзін беларускі універсітэт, – лічыць Надзея Салаўёва.

– А сёння ў краіне моўнае пытанне зрабілі палітычным, – кажа Зміцер Салаўёў. – Але ж для чалавека мова атаясамляецца найперш з культурай, сям’ёй, традыцыямі. Таму, калі дзяржава захоча, людзі вельмі хутка загавораць па-беларуску.


Клас збіраюцца зачыняць

Пачатковая школа, дзе вучыцца Яліна, месцілася ў асобным будынку. Але там пацёк дах. Грошы на рамонт не знайшлі, і будынак проста зачынілі. Сёлета дзяцей перавялі ў асноўны корпус школы, але класаў на ўсіх не хапае. Пакуль Яліна займаецца ў кнігасховішчы, якое плануюць зрабіць класам.

– Але дырэктар школы нам сказала, што ў наступным годзе клас зачыняць. Калі ў класе будзе мінімум 10 вучняў, то яго не маюць права зачыніць. Толькі заяваў ад бацькоў і дапамогі ад чыноўнікаў няма. Прыйсці на бацькоўскія сходы і распавесці пра клас іншым мне не дазваляюць. Зараз мы рыхтуем відэаролік са зваротам да бацькоў, які змесцім у сацыяльных сетках.

Бацькі Яліны будуць дамагацца, каб дачка і надалей вучылася па-беларуску. Калі спатрэбіцца, то нават праз суд: "Канстытуцыю пакуль ніхто не адмяняў…"
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Адзіны ў Магілёве беларускамоўны клас збіраюцца зачыняць