Віктар Марціновіч напісаў “баявік пра беларускую мову“

Юрась Ускоў, "Наша Ніва"
14 февраля 2014, 15:25
У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што сёлета мае выйсці новы раман Віктара Марціновіча пад назвай "Мова". Гэта будзе ўжо другі (пасля кнігі "Сцюдзёны вырай") яго твор, напісаны па-беларуску.

"Пакуль я магу расказаць вельмі няшмат, — кажа пісьменнік. — Раман называецца "Мова", ягонае дзеянне адбываецца ў будучыні, у Мінску, у той час, калі ніякай Беларусі ўжо няма. Гэта не смешны раман. Калі мая папярэдняя кніга "Сфагнум" была нечым накшталт рамана-анекдота, то "Мова" будзе цалкам сур’ёзнай".

Новую кнігу, як і папярэднюю Віктар Марціновіч плануе выдаць на дзвюх мовах, але калі ў выпадку "Сфагнума" арыгінал быў расейскамоўны, то цяпер перакладчык працуе над расейскай версіяй "Мовы".

"Я бачыў пераклад, ён атрымліваецца выдатна, хаця тут перакладаць надзвычай складанна, — расказвае Марціновіч. — Рэч у тым, што беларуская мова — гэта асноўны персанаж рамана, там хапае і іншых цікавых асобаў, аднак мова найважнейшая".

Віктар Марціновіч напісаў "баявік пра беларускую мову"Выхад рамана папярэдне плануецца на верасень, вокладка з выявай карціны Язэпа Драздовіча, якая з’явілася ў інтэрнэце, гэта пакуль фантазія дызайнера сайта 34mag.net, аднак, па словах спадара Віктара, вельмі ўдалая.

"Цікава, што стваральнік гэтай вокладкі рамана не бачыў, аднак вельмі трапна ўхапіў аўтарскую задуму. — кажа Марціновіч. — Гэта кніга мікс жанравай і інтэлектуальнай прозы. Атрымаўся такі сабе баявік на тэму мовы. У беларускай літаратуры так склалася, што мы, пісьменнікі, імкнемся запоўніць вольныя прасторы літаратуры. Няма ў нас гарадскога рамана — пішам гарадскі раман. Няма смешнай крымінальнай кнігі — я сядаю і пішу яе. Аднак "Мова" гэта тое, чаго я не бачыў нідзе. Я вельмі шмат чытаю, і нідзе не сустракаў такога, каб канкрэтная мова была галоўным персанажам кнігі. Я вельмі спадзяюся пры дапамозе гэтага рамана прывабіць да беларускага свету нават тых, каму ён абыякавы, ці тых, хто пра яго ніколі не чуў".
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Віктар Марціновіч напісаў “баявік пра беларускую мову“