Гледачы “Басовішча“ атрымаюць бясплатныя візы?

"Еўрарадыё"
11 мая 2009, 14:38
На юбілейным "Басовішчы" выступяць "Мроя" і "Бонда", а конкурсу маладых гуртоў не будзе.

20-е "Басовішча" ўсё ж мае адбыцца, нягледзячы на тое, што падрыхтоўка да яго толькі распачынаецца. Ужо на наступным тыдні стане вядома, ці будуць бясплатныя "фестывальныя" візы для беларусаў. Пра гэта Еўрарадыё распавяла намесніца старшыні Беларускага аб’яднання студэнтаў у Польшчы (БАС) Кася Кузьміч:

"Мы вядзем размовы з консульствам Польшчы пра візы для беларусаў. Думаю, што на наступным тыдні ўжо будзе ясна. Каб, вядома, не ўсе, але хаця б некаторая колькасць людзей атрымала гэтыя візы".

Як даведалася Еўрарадыё, у гэтым годзе конкурса маладых гуртоў не будзе.

На "Басовішчы-2009" вырашылі правесці "гістарычны перагляд" усіх папярэдніх фестываляў. Да вытокаў вернуцца "Крама", якая выканае песні "Бонды", ды "N.R.M" з песнямі "Мроі".

Кася Кузьміч: "У такім складзе гэтыя гурты можна было пачуць на Басовішчы 10 гадоў таму. "N.R.M" пагадзіліся на тое, каб не рабіць асобнага канцэрту "Мроі". Падчас свайго выступу яны падрыхтуюць спецыяльную праграму з песень "Мроі" і выступяць як гурт "Мроя". А гурт "Крама" зайграе песні "Бонды".

Усіх пераможцаў папярэдніх Басоў запрасіць не давядзецца — многія гурты ўжо не існуюць. Тая ж сітуацыя з колішнім лаўрэатам першых "Басовішчаў" — польскім гуртом RF Braga, частка музыкантаў якога зараз жыве за мяжой ці проста не займаецца музыкай.

"Гэта дае нам падставу для разважанняў", — кажа Кася Кузьміч. — "Бо атрымоўваецца, што ёсць гурт, ён прыязджае на конкурс "Басовішча", перамагае ў ім і ў хуткім часе перастае існаваць".

Зараз арганізатары "Басоў" шукаюць хэдлайнераў фестывалю.

Кася Кузьміч: "На днях вырашым, ці дазволяць нашыя фінансавыя магчымасці запрасіць "Ляпис Трубецкой". Нам вельмі патрэбна такая зорка, якая б прывезла за сабой з Беларусі шмат людзей".

Ужо вядома, што запрошаны шмат лаўрэатаў мінулых гадоў. Дакладна будзе бярозаўскі гурт ":B:N:", "IQ 48", "Zygimont Vaza", першы раз на сцэне Гарадка апынецца гурт "ДетиДетей".

Да таго ж Еўрарадыё даведалася, што для англамоўных гуртоў не будзе абмежаванняў. Арганізатары толькі раяць развучыць хаця б адну песню на беларускай мове.

"Самі разумееце, як успрымаюць гурт, які спявае толькі на ангельскай мове!
— запэўнівае мяне Кася. — На маю думку — гэта праблема. Але калі ідзе гаворка пра тое, ці могуць англамоўныя гурты прымаць удзел у Басовішчы – з нашага боку адказ "Так!"

Каб слова "рэтраспектыва" было жывым, рыхтуецца адмысловае відэа.

Кася Кузьміч: "Польскае тэлебачанне рабіла запісы і рэпартажы з фестываляў, напрыклад, 1994-95 гадоў. Мы выкарыстаем гэты матэрыял, каб адлюстраваць, як "Басовішча" выглядала раней і як выглядае зараз".

Еўрарадыё працягне сачыць за падрыхтоўкай да самага вядомага open-air-фэсту Польшчы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Гледачы “Басовішча“ атрымаюць бясплатныя візы?