{headers} Аўтар “Born in Bielorussia“: Гэта тролінгавы нумар - відэа

UDF.BY

Аўтар “Born in Bielorussia“: Гэта тролінгавы нумар - відэа

[xfgiven_playlist]
[/xfgiven_playlist]

Суаўтар песні "Born in Bielorussia" Віктар Рудэнка, з якой спявачка Анастасія Віннікава будзе прадстаўляць Беларусь на конкурсе "Еўрабачанне", даў інтэрв’ю парталу навінаў www.UDF.BY.

Адзін са стваральнікаў песні "Born in Bielorussia" Віктар Рудэнка лічыць сябе больш рок-музыкантам, чым поп-песеннікам. Віктар – лідэр гурта Dali, удзельнік праекту "У нескладовае". Некалькі разоў ён намагаўся трапіць на "Еўрабачанне" са сваёй камандай. Найбольш блізка Dali падыйшлі да гэтага ў 2009 годзе, калі трапілі ў фінал нацыянальнага адбора ў Польшчы. Але пры гэтым, Рудэнка часта піша тэксты для эстрадных выканаўцаў. І зусім не саромеецца таго, што ў яго выходзіць.

- Віктар, не ведаю, ці бачыў ты, якую рэакцыю выклікала песьня "Born in Bielorussia" на інтэрнэт-форумах?

- Не яшчэ.

- Яна на 99 працэнтаў рэзка негатыўная.

- Гэтага можна было чакаць.

- Асноўныя нараканні выклікала слова "Белараша". Гэта здзек, свядомая правакацыя?

- Яна не была створана пад "Еўрабачанне". Першапачаткова яна ў нечым нагадвала песню "Рождённый в СССР" Шаўчука. І я быў нават здзіўлены, што яна трапіла на конкурс. Для тых, хто пажыў у той краіне, яна можа быць прымальнай, так лічу. Яна не пра палітыку, а пра газіроўку, досыць жартоўная і не трэба да яе ставіцца сур’ёзна. Хоць разумею, што яна магла выклікаць абурэнні, бо ўсе чакаюць нечага іншага.

- Дык а навошта тады яе было прасоўваць?

- Я не ведаю, чаму выбралі менавіта яе. Але калі зрабіць вясёлае шоў, то яна можа выглядаць някепска.

- У чым сэнс гэтай настальгіі? Ёсць нейкі пасыл: у БССР жыць было весела, ці што?

- Там больш тролінгавы тэкст. Нешта падобнае па настрою было у Сярдзючкі на "Еўрабачанні", калі яна спявала "Лаша тумбай". Калі ўявіць шоў, то менавіта ў такім рэчышчы. Бо рабіць нешта сур’ёзнае на "Еўрабачанне" – глупства.

- Але ў Сярдзючкі прынамсі ёсць харызма, у адрозненні ад Анастасіі Віннікавай.

- Трохі ЛСД і ўсё атрымаецца:). Калі сур’ёзна, то працаваць ёсць над чым. Сам толькі што пазнаёміўся з творчасцю Насці. Арганізатары адбора вырашылі, што на конкурсе павінны выступіць нехта з маладых. Калі ёсць такая зададзенасць, трэба з гэтым працаваць. Галоўнае падаць нават несур’ёзнае – цікава, прыгожа і драйвова.

- Сур’ёзны разлік на поспех песні маеш?

- Па-шчырасці невялікі, хоць перамагчы заўжды хочацца. Шмат залежыць ад пастаноўкі. Калі ўсе будуць стаяць слупікамі на сцэне, як было ў Аляхно, то шанцаў ніякіх.

- Па-твойму, як можа выглядаць ідэальная беларуская песня для "Еўрабачання"?

- Яна можа быць якой заўгодна, бо гэта не "Грэмі", гэта не конкурс для музычных інтэлектуалаў.

- А сэнс тады ў ім удзельнічаць?

- Наша краіна бярэ ў ім удзел і трэба рабіць песні, якія б адпавядалі гэтаму фармату. Натуральна, калі бы браў удзел мой гурт Dali – песня была б іншай. Ці калі б ўдзельнічаў аўтар "Born in Bielorussia" Яўген Алейнік з сваім праектам Aura. Да "Еўрабачання" не трэба ставіцца як да конкурса, дзе неабходна "адстаяць гонар Радзімы".

- Ёсць, напрыклад, магчымасць годна прадставіць сваю краіну, як той жа Zdob si Zdub у свой час. Каб хоць сораму не было.

- Zdob si Zdub выкарыстоўваюць трэнд, цікавасць да якога ў Еўропе вялікая, дзякуючы Кустурыцы і яго аркестру. Гэта хутчэй камерцыя, чым імкненне паказаць сваю культуру. У астатнім стаўка на нацыянальнае на гэтым конкурсе не апраўдвалася. "Еўрабачанне" - конкурс больш жартоўны, таму і трэба рыхтаваць адпаведны нумар.

- Ці ты маральна гатовы да хвалі крытыкі, якая абрынецца на цябе, як аднаго з аўтараў "Born in Bielorussia"?

- Крытыка была б у любым выпадку. Разумею, што яна будзе больш жорсткай у гэтай сітуацыі і ў дачыненні да мяне ў тым ліку, як чалавека, які займаецца рок-н-ролам. Давядзецца праглынуць ды ісці далей.