Баранавічы: нацыстоўскае можна, нацыянальнае — не!

"Радыё Свабода"
4 июня 2009, 13:03
Другі тыдзень шапік і прыпынак ля Баранавіцкага аўтавакзалу размаляваны нацыстоўскай сымболікай. Улады практычна не зьвяртаюць на яе ўвагі.

Карэспандэнт "Свабоды" атрымаў скаргі ад мясцовых жыхароў. Баранавіцкі грамадзкі актывіст Уладзімер Гундар, чый дзед ваяваў супраць фашызму, зьдзіўляецца, як такое можа быць у Беларусі:

"За графіці нацыянальна-беларускага зьместу строга прыцягваюць да адказнасьці. Каб атрымаць штраф, дастаткова напісаць "Жыве Беларусь!" А калі гэта будзе надпіс у падтрымку апазыцыйнай арганізацыі ці палітвязьня, то й на "суткі" могуць кінуць".

Праваабаронца Сяргей Гоўша абураецца тым, што зусім нядаўна ледзь ня выгналі зь мясцовага ўнівэрсытэту Пятра Рузава за графіці "Свабоду Аўтуховічу!":

"Студэнта ўратаваў толькі рэзананс у СМІ. Затое разгортваньня нэанацыстоўскага руху ў Баранавічах улада не заўважае. А праявы нэанацызму ў нас пачаліся даўно".

Сяргей Гоўша прыгадвае ранейшыя рэпрэсіі супраць апазыцыйнай моладзі, прыцягнутай да адказнасьці за графіці:

"Напрыклад, быў затрыманы Яраслаў Грышчэня са сваім таварышам. Амаль кожны год нешта такое адбываецца. Асуджалі на штрафы. І суткі давалі".

Суразмоўца гэтак тлумачыць падобныя праявы:

"Мы зьвярталі ўвагу ўладаў на нацыстоўскія надпісы. Але — безвынікова. Толькі мы і зьвярталі ўвагу. Улады на надпісы не рэагавалі. Яны ведаюць, што гэта іхныя набліжаныя, таму іх не чапаюць".

Чаму такі строгі падыход да аўтараў апазыцыйных графіці?

"Дзяржава робіць усе захады, каб ня даць моладзі, перадусім студэнтам, уключыцца ў барацьбу за дэмакратыю, за незалежнасьць краіны. Таму іх моладзевыя арганізацыі не рэгіструюцца і ўсімі шляхамі забараняюцца іх дзеяньні. Што тут казаць, калі сам Лукашэнка казаў: у Гітлера ня ўсё было кепскае. Чаго тут можна чакаць іншага?!" — падсумоўвае Сяргей Гоўша.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Баранавічы: нацыстоўскае можна, нацыянальнае — не!