Бюджэтныя грошы закапалі у зямлю

regionby.org
12 июня 2009, 10:26
Падрыхтоўку да "Сляванскага базару" кантралюе асабіста Аляксандр Косінец, які толькі сёлета быў прызначаны старшынёй Віцебскага аблвыканкама. Іншы раз сп. Косінец аглядае аб’екты будаўніцтва нават з верталёта.

Старое у Віцебску з лёгкасцю разбураецца, новае расце як на дражджах, а ў мясцовых СМІ раз-пораз з’яўляюцца артыкулы пра тое, як губернатар дае "прачухану" адпаведным службам за невыкананне яго даручэнняў.

Са зруйнаваннем Плошчы Перамогі гараджане змірыліся. Маўляў, нічога тут не паробіш: калі начальства загадала знішчыць шматгадовыя дрэвы ў зоне адпачынку ды паабяцала ўсё роўненька закласці тратуарнай пліткай, так яно і будзе.

Наступны крок губернатара ўразіў не менш. З газонаў уздоўж цэнтральных вуліц знялі верхні слой глебы, нешта пасеялі ў голую зямлю ды зверху закрылі адмысловай тканінай – спанбондам – для стварэння "парніковага эфекту". Зрэшты, ніякага эфекту не атрымалася: калі пакрыццё знялі, з зямлі выглядала чэзлая траўка, хаця побач, на адкрытай прасторы, буяла сакавітая зелянота. Як аказалася, камунальнікі пасеялі газонную траву, але чамусьці такую, якая павінна ўзысці толькі на наступны год.

"Славянскі базар" пачнецца ўжо праз месяц. На адкрыццё, як заўжды, чакаюць Аляксандра Лукашэнку. Арганізатары плануюць звазіць Прэзідэнта ў пасёлак Лужасна, каб паказаць добраўпарадкаваную тэрыторыю вакол тамтэйшага аграрнага каледжа, а таксама адрамантаваную школу-інтэрнат. Аднак падчас візіту губернатара у тыя мясціны высветлілася, што рэстаўрацыя будынка школы робіцца няякасна, стадыён каля каледжа някошаны, ўмовы пражывання ў інтэрнатах каледжа не вытрымліваюць ніякай крытыкі, а на 900 яго навучэнцаў усяго адна маленькая сталоўка.

Але паляпшэнне ўмоў жыцця навучэнцаў прызнана не самай важнай справай. Куды больш губернатар незадаволены маруднымі тэмпамі абнаўлення вуліцы Ленінградскай – менавіта па ёй Прэзідэнт будзе ехаць у Лужасна. Таксама ў бюджэце вобласці ёсць сродкі, каб на кожным уездзе ў горад стаяў герб Віцебшчыны, а сам Віцебск ззяў уначы светладыёднай рэкламай.

Жыхары спачатку пыталіся адзін у аднаго: можа, у вобласці знайшлі радовішча золата альбо нафты, што бюджэтныя грошы так лёгка "укладаюцца" ў газоны ды тратуарную плітку? Аднак потым пачалі разумець, што крыніца фінансавання эстэтычных ідэй губернатара – гэта яны самі. Штотыдзень розныя арганізацыі і прадпрыемствы бясплатна працуюць на "суботніках", якія ўжо таксама сталіся прыкметай новага стылю губернатараскага кіравання.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Бюджэтныя грошы закапалі у зямлю