Патрэбна рэальная роўнасць дзвюх моў

БелаПАН
27 июня 2009, 12:39
У XXI стагоддзі беларуская мова стане мовай Еўрасаюза, лічыць старшыня ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў. Такое меркаванне ён выказаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 20-годдзю заснавання грамадскага аб'яднання.

Як адзначыў Трусаў, 27 чэрвеня 1989 года ў Мінску адбыўся ўстаноўчы сход ТБМ, а праз тры месяцы арганізацыя была зарэгістравана Вярхоўным Саветам БССР. Практыка паказала жыццеўстойлівасць аб'яднання, легальная і законная дзейнасць якога адпавядае карэнным патрэбам нацыі, падкрэсліў Трусаў.

Ён нагадаў, што ТБМ з'яўляецца адной з нямногіх арганізацый, сімволіка якіх уключае герб "Пагоня" і бел-чырвона-белую стужку. Паводле яго слоў, аб'яднанне з'яўляецца адзіным, якое выпускае дзве газеты: "Наша слова" і "Новы час", што выдаюцца разавым накладам не менш як 7 тысяч асобнікаў, уключаны ў афіцыйны падпісны каталог і распаўсюджваюцца па ўсім свеце.

Аб'яднанне складаецца з 5 тысяч актыўных членаў (у тым ліку амаль 500 замежных грамадзян) і каля 20 тысяч прыхільнікаў, якія аб'яднаны амаль у 60 рэгіянальных структур, уключаючы арганізацыі ва ўсіх буйных гарадах Беларусі і шэрагу замежных краін.

За 20 гадоў ТБМ выдала больш за 50 кніг і брашур, каля 100 календароў, мастацкіх канвертаў і паштовак у гонар вядомых дзеячаў і слаўных падзей беларускай гісторыі і культуры.

Да найважнейшых дасягненняў аб'яднання за 20 гадоў старшыня аднёс стварэнне незалежнага спадарожнікавага канала "Белсат" , пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, а таксама яе станаўленне як сродку зносін гарадской эліты і моладзі. Паводле яго слоў, ідзе змена пакаленняў і да ўлады прыходзяць "дзеці перабудовы" — выхаванцы ТБМ. Адзін з іх — Павел Латушка — нядаўна прызначаны міністрам культуры, адзначыў лідэр аб'яднання. Як лічыць Трусаў, дзякуючы намаганням ТБМ ёсць надзея, што ў наступным годзе будуць унесены змяненні ў Закон аб мовах, якія дазволяць забяспечыць рэальную роўнасць дзвюх дзяржаўных моў краіны.

Ён паведаміў, што ў межах святкавання 20-годдзя ТБМ выпушчаны значкі, кішэнныя календары, буклеты, паштовыя канверты, выдадзены летапіс аб'яднання і святочныя нумары яго газет, прайшлі ўрачыстае пасяджэнне рады, а таксама навукова-практычная канферэнцыя "Сучасны стан беларускай мовы".
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Патрэбна рэальная роўнасць дзвюх моў