Міністры пераходзяць на беларускія тавары

"Еўрарадыё"
1 июля 2009, 18:08
Людзі з акружэння беларускіх віп-чыноўнікаў расказалі Еўрарадыё пра тое, як іх шэфы ўслед за міністрам эканомікі Мікалаем Зайчанкам выконваюць праграму імпартазамяшчэння.

Днямі міністр эканомікі расказаў журналістам пра тое, як забараніў жонцы купляць імпартныя тавары. Такім чынам Мікалай Зайчанка дае прыклад простым беларусам, як павялічыць попыт на нацыянальныя тавары і зменшыць імпарт замежных у Беларусь.

Еўрарадыё высветліла, што міністр эканомікі ў гэтых справах не адзіны перадавік. Аказваецца прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі таксама перайшоў на айчынную прадукцыю. У прыватнасці, на адзенне з матэрыялаў беларускіх фабрык.

"Я не сачу, якія рэчы носіць прэм’ер-міністр, але магу вам сказаць па асабістых назіраннях, што касцюмы ў яго айчынныя, — кажа Аляксандр Цімашэнка, прэс-сакратар Сяргея Сідорскага. — Ён шые касцюмы ў атэлье. Кашулі таксама айчынныя, па-мойму, "элізаўскія". Праўда, мае назіранні могуць быць недакладнымі. Як вы разумееце, на біркі я глядзець не стараюся".

У свой час краіна ўжо даведалася, што ў атэлье адзенне шые і віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Падчас візіту ў Беларусь Муамара Кадафі фатографы здымалі не столькі эпатажнага лівійскага лідэра, колькі віцэ-прэм’ера ў яго экстравагантным паліто. Рэч у тым, што рукавы таго самага гістарычнага чорнага паліто срэбнага адліву цалкам пакрывалі далоні Уладзіміра Сямашкі. Складалася ўражанне, што паліто большае на некалькі памераў і лёгка налезла б не тое што на віцэ-прэм'ера, але і а баксёра-грамілу Мікалая Валуева.

Міністры пераходзяць на беларускія тавары


Выконвае праграму імпартазамяшчэння і міністр прыродных рэсурсаў Уладзімір Цалко. Яго сакратарка Марына Аўсянік таксама прыгледзелася, у якіх касцюмах ходзіць шэф, і выказала нам сваю версію.

Марына Аўсянік: "Напэўна, у айчынных".

Да таго ж міністр у крызісны час не саромеецца ездзіць на айчынных "Волгах", бо зроблены аўтамабілі ў саюзнай Расіі.

Марына Аўсянік: "Можа паехаць на "Волзе", можа на "Мерседэсе", можа на службовай "Шкодзе". На тым транспарце, які вольны".

А вось чалавекам, які прынцыпова заўсёды выбіраў беларускія прадукты, аказаўся старшыня Камітэта дзяржкантролю Зянон Ломаць.

Яго сусед па дачы Віктар расказаў Еўрарадыё, што старшыня КДК купіў просценькі цагляны дом з айчынных матэрыялаў у пасёлку Ракаў, трымае чыста беларускага сабачку, вырошчвае чыста беларускія памідоры.

"Яму патрэбныя звычайныя выгоды, каб было цёпла і ўтульна. І каб была нармальная звычайная ежа. Свая, са свайго гарода, каб для здароўя было больш карысці, - лічыць Віктар. — Цалкам вырошчвае ўсё сваё: памідоры, бульбу. Працуюць з вясны да восені. Адчуваецца, што ёсць у ім вясковая жылка. Ён ведае, што ўсё пачынаецца з зямлі".

Віктар расказаў, што ў Зянона Ломаця ёсць някідкі аўтамабіль, такі звычайны, што нават на марку яго ніхто не звяртае ўвагі.

Віктар: "Ёсць там нейкая машынка ў гаражы. Самая звычайная, як у звычайнага абывацеля".

Еўрарадыё абзваніла яшчэ тузін беларускіх міністэрстваў. Але, у адрозненне ад вышэйназваных перадавікоў, іншыя міністры не спяшаюцца выконваць праграму імпартазамяшчэння і абыходзіцца выключна беларускімі таварамі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Міністры пераходзяць на беларускія тавары