Аляксандр Кулінковіч: Еўрабачанне – жвачны конкурс для жвачных людзей

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
26 мая 2010, 17:18
Лідэр рок-гурта Neura Dubel Аляксандр Кулінковіч лічыць, што поспех гурта "3+2" не будзе для Беларусі гонарам. З ім пагаджаецца культуролаг Максім Жбанкоў, які мяркуе, што нават першае месца песні "Butterflies" не прынясе аніякай карысці беларускай культуры.

Гурт "3+2" прайшоў праз паўфінал конкурсу "Еўрабачанне" і паўтарыў дасягненне Дзмітрыя Калдуна. Другі раз за шасцігадовую гісторыю ўдзелу ў гэтым музычным форуме Беларусь будзе прадстаўлена ў фінале.

Лідэр рок-гурта Neura Dubel Аляксандр Кулінковіч прызнаецца, што ў дадзеным выпадку патрыятычных пачуццяў не адчувае. "Гэта фестываль з жорстка рэгламентаваным фарматам, жвачны конкурс для жвачных людзей. Няхай нават наш гурт выканае патрабаванні фармату на 100 працэнтаў. Але гэта не будзе для нас гонарам. Зрэшты, як і не будзе ганьбай параза. Асабіста мяне не кранае ані песня, ані манера выканаўцаў, ані іх падача".

Максім Жбанкоў называе беларускіх прадстаўнікоў на "Еўрабачанні" "службоўцамі". "Дзяржава наймае спевакоў, паэтаў, музыкаў і прадзюсараў з іншых краінаў дзеля поспеху на гэтым свяце пасрэднай еўрапопс-фарматнасці, каб у выпадку поспеху ўсе дасягненні прысабечыць. "Еўрабачанне" – гэта спаборніцтва тэхналогіяў уплыву, выканаўцы тут граюць толькі службовую функцыю".

Культуролаг згодны, што выступ "3+2" адпавядае навязаным стандартам конкурсу і дапускае, што беларусы могуць дасягнуць сёлета вяршыняў. "Але гэты поспех аніяк нельга разглядаць як унёсак у нацыянальную культуру, бо ён нічога не варты. Ён хутчэй закрые перспектывы нашай сапраўднай культуры, чым іх адкрые", - заўважае аналітык.

Фінал конкурсу з удзелам беларусаў "3+2" пройдзе 29-га мая.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Аляксандр Кулінковіч: Еўрабачанне – жвачны конкурс для жвачных людзей