“Наша ніва“ атрымала два папярэджанні за “Хроснага Бацьку“

"Наша ніва"
28 июля 2010, 13:34
На працягу аднаго тыдня газета "Наша Ніва" атрымала два папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі. У загалоўках артыкулаў, у якіх былі знойдзеныя "парушэнні", фігуруе "Хросны бацька". Абодва папярэджанні непасрэдна тычацца нумару "НН", які чытачы па ўсёй краіне не знайшлі ў кіёсках "Белсаюздруку".

У папярэджанні, датаваным 22 ліпеня, Мінінфармацыі вінаваціць газету ў распаўсюдзе звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Падставай для абвінавачання стаў загаловак "Хросны бацька сканфіскаваў" ("НН" № 26). "Паводле артыкула 244 Грамадзянскага кодэкса РБ канфіскацыяй з’яўляецца безвыплатнае выманне маёмасці ва ўласніка ў выглядзе санкцыі за здзейсненае злачынства ці іншае правапарушэнне", — адзначае Мінінфармацыі. Далей прадстаўнікі міністэрства спасылаюцца на інфармацыю РУП "Белсаюздрук" аб тым, што наклад "НН" № 25 ад 7 ліпеня 2010 г. "быў накіраваны для рэалізацыі ў гандлёвыя аб’екты прадпрыемства". Адпаведна, лічыць Мінінфармацыі, "канфіскацыя выдання не ажыццяўлялася".

Інфармацыя, змешчаная ў артыкуле "Хросны бацька сканфіскаваў", як адзначаецца ў лісце за подпісам міністра Алега Праляскоўскага, "можа нанесці шкоду ў тым ліку і дзяржаўным інтарэсам, паколькі скажае практыку ўзаемадзеяння дзяржавы з сродкамі масавай інфармацыі".

Другое папярэджанне, датаванае 26 ліпеня, тычыцца артыкула "БРСМ рэкламуе фільм "Хросны бацька", змешчанага ў "НН" № 25. "Згодна інфармацыі грамадскага аб’яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" актывістамі згаданага аб’яднання 6 ліпеня ў г. Мінску была зладжаная акцыя, зместам якой не з’яўлялася рэклама згаданага фільма", — адзначаецца ў лісце. Адпаведна, лічаць у Мінінфармацыі, "апублікаваная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і ганьбіць рэпутацыю дадзенай юрыдычнай асобы".

Папярэдні раз "Наша Ніва" атрымлівала папярэджанне ў лістападзе 2009 года. Тады газету звінавацілі ў публікацыі неправераных звестак пра эпідэмію грыпу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ “Наша ніва“ атрымала два папярэджанні за “Хроснага Бацьку“