ДАІ мяняе правілы. Кіроўцаў не спыталі

"Еўрарадыё"
27 августа 2009, 10:43
Змены ў Правілы дарожнага руху рыхтуюцца ў Беларусі. Магчыма, нашым кіроўцам давядзецца днём ездзіць з уключанымі фарамі, а дарожныя інспектары змогуць правяраць на алкаголь нават пешаходаў.

У Беларусі рыхтуюцца змены ў Правілы дарожнага руху, каб адаптаваць іх да еўрапейскіх стандартаў. Менавіта гэтага патрабуе новая рэдакцыя Венскай канвенцыі аб дарожным руху, падпісаная нашай краінай. Яна пачне дзейнічаць з 29 сакавіка 2011 года. А да гэтага часу даішнікам давядзецца прыняць шэраг паправак.

Як распавяла Еўрарадыё начальнік аддзела агітацыі і прапаганды мінскай ДАІ Жанна Трайно, сярод іншага разглядаецца і пытанне таніроўкі шкла аўтамабіляў, што ў Беларусі на сёння забаронена.

Жана Трайно: "Прынамсі пытанне таніроўкі зараз абмяркоўваецца на ўсіх узроўнях. Мы сапраўды таксама разглядаем гэтае пытанне".

Канкрэтней казаць пра магчымыя змены ў ДАІ адмаўляюцца, паколькі на сёння ўсе змены толькі абмяркоўваюцца. Па словах Жанны Трайно, туды ўваходзіць багаты пералік.

Жана Трайно: "Гэта тычыцца і грузавога транспарту, іспытаў, рэгістрацыі. Але ўсё роўна гэта пакуль што абмяркоўваецца, і будзе прапанова ўносіцца ў ДАІ МУС, а яны ўжо будуць разглядаць і выбіраць асноўныя, галоўныя і ўзгадняць іх з Венскай канвенцыяй, відавочна, і ўжо накіроўваць заканадаўцам. Тыя катэгорыі, якія ў нас ёсць – іх так, трошкі падвесці бліжэй да еўрапейскіх патрабаванняў. Некалькі катэгорыяў будуць дададзеныя".

Магчыма, нашым кіроўцам давядзецца ўдзень уключаць фары. Таксама ёсць прапанова аб зніжэнні хуткасці ў горадзе да 50 км/г пры кепскай бачнасці і ўначы. А дарожным інспектарам дазволяць правяраць на алкаголь нават пешаходаў. Спецыяльныя крэслы для дзяцей прапануецца зрабіць абавязковымі. На сёння, па словах Жанны Трайно, яны носяць рэкамендацыйны характар.

А вось аўтааматары занепакоеныя тым, што абмеркаванне зменаў у Правілы дарожнага руху адбываюцца без іх удзелу. Стваральнік сайта "Стоп-ДАІ" Аляксандр Старычэнка, лічыць падобны падыход недапушчальным. На яго думку, інфармацыя павінна быць даступнай.

Аляксандр Старычэнка: "Хаця б пакажыце нам гэтыя змены. Далей ужо грамадскасць – тры мільёны аўтааматараў – зірне, падтрымае: што, чаго, як… Ну што можна абмяркоўваць, нават не ведаючы, што задумала ДАІ?!"
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ ДАІ мяняе правілы. Кіроўцаў не спыталі