Пра самы “чэсны і справядлівы“ суд у свеце

www.udf.by
22 октября 2009, 19:55
Кіраўніцтва міністэрства юстыцыі падзялілася сваім бачаннем сістэмы судаўладкавання ў Беларусі. На думку чыноўнікаў, цяперашні механізм прызначэння суддзяў выходзіць ці не найлепшы ў свеце. Нават у Швайцарыі сітуацыя выглядае не так добра, як у нас. Але самі беларускія суддзі абвяргаюць гэтыя словы.

Міністр юстыцыі Віктар Галаванаў лічыць гарантыяй незалежнасці беларускіх суддзяў тое, што яны прызначаюцца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Такое меркаванне чыноўнік выказаў на сустрэчы з нагоды презентацыі праекту Еўрасаюзу і ААН, скіраванага на больш шырокае прымяненне стандартаў у вобласці правоў чалавека ў беларускім правасуддзі.

"Наша судовая сістэма – цалкам незалежная. Сапраўды ўсіх суддзяў у нашай краіне прызначае прэзідэнт, за выключэннем паловы суддзяў Канстытуцыйнага суду. Наша бачанне, што ў гэтым і ёсць гарантыя іх незалежнасці, бо калі суддзі абіраюцца, то яны ў большай ступені залежаць ад іншых структураў",
- зазначыў міністр і дадаў, што на сёння не ведае фактаў умяшальніцтва ў працу суддзяў.

Намеснік міністра Аляксандр Сіманаў прывёў прыклад Швайцарыі, дзе ён недаўна быў.

- Там суддзю абірае мясцовы парламент. Дык вось двойчы не абралі выдатнага суддзю, які проста не спадабаўся дэпутатам. Вы лічаце гэта незалежнасцю?, - запытаў у прысутных чыноўнік.

Цяжка пагадзіцца з чыноўнікамі Мінюсту адносна поўнай незалежнасці беларускіх суддзяў. Асабліва, калі згадаць адну з самых знакамітых фраз Лукашэнкі: "Я прэзідэнт дзяржавы, і гэта дзяржава будзе, пакуль я прэзідэнт".

Дарэчы, паводле закону суддзі маюць немала прывелегіяў і льготаў ад дзяржавы: так, напрыклад, маюць права на асобную кватэру цягам шасці месяцаў пасля свайго прызначэння, пасля працы на пасадзе ў 20 год службовыя кватэры перадаюцца ў поўную ўласнасць.

Праўда, шэраг апошніх выпадкаў лішні раз абверглі міф пра незалежнасць і непадкупнасць айчынных суддзяў. Згадаць хоць бы Валерыя Есьмана, Алену Ільіну і Тацяну Паўлючык, якія неаднаразова выносілі прысуды на палітычных працэсах, а па выніку былі абвінавачаны ў карупцыйных махінацыях. Ці справу суддзі Ігара Цішкіна, якога абвінавацілі ў атрыманні хабару, але той папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. І пэўна што грамадскасць яшчэ дазнаецца пра шматлікія справы, якія здолеюць абвергнуць тэзіс пра беларускі суд, як "самы чэсны і справядлівы суд у свеце".

Алесь Пехціеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Пра самы “чэсны і справядлівы“ суд у свеце