Недзяржаўную прэсу прымусяць “падымаць“ шклоўскі завод паперы?

БАЖ
4 декабря 2009, 11:20
З гэтага тыдня ўсе рэспубліканскія дзяржаўныя газеты пачалі друкавацца на паперы вытворчасці РУП "Завод газетнай паперы" ў Шклове - адзінага ў Беларусі вытворцы такой прадукцыі.

Пра гэта паведаміў ГА "БАЖ" намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Беларускага Дома друку Станіслаў Казак. З яго словаў, дагэтуль шмат якія выданні друкаваліся на расійскай, а цяпер для дзяржаўных газет Дом друку будзе закупляць шклоўскую паперу цэнтралізавана. Не закрыта пакуль толькі пытанне з паперай для "Советской Белоруссии": па словах сп-ра Казака, да апошняга часу яна друкавалася на расійскай паперы, зараз — на беларускай, а там, маўляў, будзе бачна.

Намеснік галоўнага рэдактара "СБ" Міхаіл Лябедзік пацвердзіў прэс-службе БАЖ, што "ў якасці эксперыменту" на гэтым тыдні выданне выходзіць на беларускай паперы. Зыходзячы з вынікаў гэтага "эксперыменту", рэдакцыя будзе вызначацца, на чым друкаваць газету далей.

Па словах сп-ра Казака, новаўвядзенне тычыцца толькі дзяржаўнай прэсы, а недзяржаўная будзе па-ранейшаму купляць паперу самастойна.

Тым часам, некаторыя падзеі апошніх дзён сведчаць пра тое, што недзяржаўныя выданні гэты працэс таксама не абміне.

Гэтак, 2 снежня ў рэдакцыю недзяржаўнай рэгіянальнай газеты "Брестская газета" патэлефанавала супрацоўніца Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі РБ і сказала, што "па заданні ўраду" ёй трэба зрабіць пробы ўсёй імпартнай паперы, якая выкарыстоўваецца для друку газет. Яна прапанавала рэдактару "Брестской газеты" Віктару Марчуку прадаставіць ёй па 1 метры ад кожнага рулона паперы, якая належыць "БК" і знаходзіцца на складах.

Рэдактар адмовіўся выконваць патрабаванне, заявіўшы, што не дасць псаваць паперу, бо пачатыя рулоны забруджваюцца і рвуцца. На гэтым размова пакуль скончылася, але жанчына папярэдзіла, што гэта "вельмі сур’ёзна".

3 снежня ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі РБ прэс-службе БАЖ неафіцыйна пацвердзілі існаванне даручэння Савета Міністраў ад 20 лістапада, якое сапраўды прадпісвае супрацоўнікам Дзяржстандарту праверыць усю імпартную газетную паперу да 10 снежня г.г.

Прычым, як падкрэслілі супрацоўнікі камітэту, "патэнцыйна" непадпарадкаванне можа пацягнуць за сабой санкцыі — паводле закона "Аб тэхнічным нарміраванні і стандартызацыі" (арт. 13, які акрэслівае правы дзяржаўнага інспектара) і Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (арт. 23.2). (У прыватнасці, закон дае права інспектарам "забараняць юрыдычным асобам альбо індывідуальным прадпрымальнікам перадачу прадукцыі, выкананне працэсаў яе эксплуатацыі (выкарыстання), захоўвання, перавозкі, рэалізацыі і ўтылізацыі альбо аказанне паслуг". Кодэкс жа прадугледжвае накладанне штрафу ад 10 да 50 базавых велічыняў.)

Тэма пераводу беларускіх выданняў на айчынную паперу раз-пораз гучала з дзяржаўных СМІ. Гэтак, у верасні "Столичное телевидение" зрабіла сюжэт, прысвечаны працы Шклоўскага завода газетнай паперы, які цяпер выпрабоўвае новае імпартнае абсталяванне.

"Як запэўнівае кіраўніцтва "Беллесбумпрама", уся раённая і абласная перыёдыка ў Рэспубліцы Беларусь выходзіць на беларускай паперы. А вось з рэспубліканскімі газетамі больш складана. На іх паперу даводзіцца купляць за мяжой. І такое становішча трэба выправіць як мага хутчэй… Прэзідэнт Беларусі даў час да студзеня 2010 года…", — паведамляла СТВ. "Дарэчы, паперу на заводзе зараз вырабляюць самай высокай якасці, — упэўненыя тэлежурналісты. — Цяпер галоўнае дадаць у колькасці".

Між тым, прадстаўнікі недзяржаўных СМІ, чый дабрабыт залежыць найперш ад прывабнасці для чытача і нармальных стасункаў з прадпрыемствамі-партнёрамі, не так упэўненыя ў перавагах шклоўскай паперы.

Напрыклад, па словах галоўнага рэдактара "СНплюс. Свободные новости плюс" Васіля Зданюка, яго газета друкуецца на расійскай, бо якасць беларускай не задавальняе ні рэдакцыю, ні друкарні. "Машыны рвуць гэтую паперу, і шмат адходаў. Некаторыя друкарні проста адмаўляюцца працаваць з ёй", — кажа рэдактар.

Некаторыя выданні перайшлі на шклоўскую паперу з меркаванняў эканоміі — напрыклад, "Информ-прогулка" (Лунінец) выходзіць на беларускай паперы са студзеня мінулага года. Аднак, па словах рэдактаркі выдання Святланы Гарды, на працягу ўсяго года ад друкарні паступалі заўвагі наконт якасці паперы, і толькі апошнім часам яна крыху палепшылася.

"Наша Ніва" пакуль друкуецца на паперы расійскай вытворчасці. "Мы пабачым, з якой якасцю будуць выходзіць на шклоўскай паперы дзяржаўныя газеты, і потым вырашым, — зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ шэф-рэдактар выдання Андрэй Дынько. — З аднаго боку, пачуццё патрыятызму падказвае, што лепей было б друкавацца на беларускай паперы. Але, калі будуць праблемы з якасцю — напрыклад, будзе расплывацца фарба, — мы на гэта не пойдзем, бо гэтага нашы чытачы не зразумеюць…"
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Недзяржаўную прэсу прымусяць “падымаць“ шклоўскі завод паперы?