Рыгор Кастусёў: Старая песня на новы лад

Намеснік старшыні БНФ, Рыгор Кастусёў, для праекта UDF.BY "ПОЛИТИКА"
29 октября 2013, 13:20
22 кастрычніка 2013 года на паседжанні Прызідыюма Савета Міністраў РБ міністр эканомікі М.Снапкоў заявіў, што ў 2014 годзе плануецца ўзняццё ўзроўня пакрыцця насельніцтвам страт на жыллёва-камунальныя паслугі да 50%.

Меры па пераходу на аплату насельніцтвам 100% страт на камунальныя паслугі беларускім кіраўніцтвам прымаліся і шмат год таму. Яшчэ Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №943 ад 14 ліпеня 2003 году “Аб Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь да 2015 года” планавалася завяршыць, у асноўным, перавод ЖКГ на работу ў рэжыме безстратнага функцыянавання з улікам пераходу на поўную аплату насельніцтвам страт на ўтрыманне і рамонт жылых памяшканняў, камунальных паслугаў пры забяспячэнні адраснай сацыяльнай абароны насельніцтва

Ужо ў 2000-2005 гадах рост тарыфаў для насельніцтва на жыллёва-камунальныя паслугі яўна апярэджваў агульны паказчык інфляцыі. Пры росце
спажывецкіх коштаў за 2000-2005 гады ў 6,1 разы, тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, уключаючы электра- і газазабяспячэнне, павялічыліся ў 50,7 разоў. Найбольш хуткімі тэмпамі раслі тарыфы на ацяпленне, тэхнічнае абслугоўванне жылфонда, электразабяспячэнне.

У выніку ўзровень пакрыцця плацяжамі насельніцтва страт на прадастаўленыя жыллёва-камунальныя паслугі, акрамя электра- і газазабяспячэння, для стандартнай двухпакаёўкі, згодна статыстычных дадзеных, узрос з 12% у 2000 годзе да 42,4% у 2005.

Разам з тым доля жыллёва-камунальных паслугаў у спажывецкіх расходах насельніцтва ўзрасла з 3% да 9,1%.

Падобнай практыкі ў сферы ЖКГ беларускія ўлады прытрымліваліся і ў наступнай пяцігодцы. Згодна Пастановы Савета Міністраў РБ №720 ад 7 чэрвеня 2006 года аб “Праграме развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады”, адным з прыярытэтных накірункаў рэфармавання і развіцця жыллёвай гаспадаркі краіны на гэтыя гады станавілася павышэнне ўзроўню пакрыцця тарыфамі страт на прадастаўленне паслуг для насельніцтва шляхам збліжэння тарыфаў з сабекоштам па рэгулюемых паслугах.

Зноўку кошты на разнастайныя камунальныя паслугі для насельніцтва, уключаючы электра- і газазабяспячэнне ўзраслі за гэтыя гады ў дзесяткі разоў.
Але, нягледзечы на гэта, згодна разлікаў Міністэрства ЖКГ РБ і статыстычных дадзеных, узровень пакрыцця насельніцтвам страт за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі ў 2010 годзе склаў 24,2%, ў 2012 годзе ўсяго толькі 15,3%.

І як заявіў 28 чэрвеня 2013 года ў час прамой лініі ў газеце “Звязда” міністр ЖКГ Андрэй Шорэц, у сярэдзіне бягучага года насельніцтва нашай краіны аплочвала ўсяго толькі 16,3% затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг, што, па ягоных словах, адпавядае 2,8% дахода сям’і з чатырох чалавек, пры двух працуючых.

Падобная заява міністра пайшла нават у разрэз са словамі А.Лукашэнкі, які ў красавіку 2013 года, даючы даручэнне старшыні КДК А.Якабсону разабрацца з парадкам фармавання сабекошту паслугаў ЖКГ, сцвярджаў, што насельніцтва ўжо зараз аплочвае больш 60% затрат на аказанне
жыллёва-камунальных паслугаў.

І як дакладваў старшыня КДК 25 ліпеня 2013 года, згодна даручэння кіраўніка краіны, сапраўды, у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі маюцца шэраг сур’ёзных праблемаў, якія не ўкладваюцца ў дырэктыўныя дакументы, звязаныя з рэсурса- і энэргазберажэннем. Павелічэнні сабекошту работ у выніку кладуцца на тарыфы.

Узнікае пытанне, дык што ж такое дзеецца ў сістэме ЖКГ? Хто з прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны дасць адказ грамадзянам?

Хто можа адказаць, чаму згодна Пастановы Савета Міністраў РБ №97 ад 8 лютага 2013 года раптам прызнана страціўшай сілу даўняя Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №943 ад 14 ліпеня 2003 году “Аб Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь да 2015 года”, згодна якой усе гэтыя 10 год прымаліся разнастайныя праграмы развіцця і рэфармавання ЖКГ краіны, пад гэтыя праграмы выдзяляліся і асвойваліся кожны год аграмадныя фінансавыя сродкі з дзяржаўнага бюджэту, сфармаванага грамадзянамі краіны, адпавядаючыя мільярдам долараў ЗША?

А адказ вельмі просты. Выкананне запланаваных на гэтыя гады разнастайных праграм, якія прадугледжвалі павелічэнне эфектыўнасці працы ўсёй галіны і павышэнне якасці камунальных паслугаў, проста правалены. Сродкі, выдзяляемыя ўсе гэтыя гады на рэфармаванне і развіццё ЖКГ былі, мягка кажучы, патрачаны “неэфектыўна”, і ляглі велізарным цяжарам на тарыфы.

Праваліўшы ўсе свае папярэднія Пастановы і Праграмы Урад краіны імкнецца ў плане фармавання тарыфаў ЖКГ распачаць з белага ліста, зноўку пераклаўшы ўсе хібы ў сваёй дзейнасці на плечы грамадзянаў.

Для выхаду на ўзровень пакрыцця насельніцтвам у 2014 годзе 50% страт на камунальныя паслугі, з улікам інфляцыйных працэсаў, кошты на паслугі ЖКГ адносна бягучага часу прыйдзецца павялічваць у 4-5 раз. Але, як паказвае досвед мінулых гадоў, гэта не значыць, што пры павелічэнні тарыфаў для насельніцтва ў 4-5 раз, Ураду ўдасца дасягнуць узроўня пакрыцця насельніцтвам 50% страт. Хутчэй за ўсё гэты паказчык будзе зноўку правалены.

Ведучы гаворку аб тарыфах для насельніцтва і аб узроўні пакрыцця страт на жыллёва-камунальныя паслугі дзяржавай з бюджэту(да 84,7%), кіраўніцтва Беларусі рэгулярна прыпадносіць гэта грамадзянам як сваю заслугу, забываючы пры гэтым, што бюджэт краіны фармуецца тымі ж самымі грамадзянамі.Праз падаткі насельніцтва, як яўныя, так і прыхаваныя, падаткі прадпрыемстваў, на якіх працуюць нашыя грамадзяне, іншыя разнастайныя плацяжы.

А вось у плане карыстання бюджэтнымі сродкамі, пры такім узроўні пакрыцця страт з дзяржаўнага бюджэту, складваецца парадаксальная сітуацыя. У больш выйграшным становішчы знаходзяцца багатыя грамадзяне краіны, маючыя ва ўласнасці або карыстанні кватэры з вялікімі жыллёвымі плошчамі, падключаныя да камунальных выгод. Зразумела, што ў гэты разрад уваходзіць і шматлікая армія чыноўнікаў, у тым ліку і тыя, што прымаюць рашэнні па рэфармаванню сферы ЖКГ.

І, што самае парадаксальнае, найменш сродкаў з бюджэту на пакрыццё сабекоштаў камунальных паслугаў такім чынам атрымліваюць бяднейшыя слаі насельніцтва, сацыяльна найменш абароненыя, тыя, хто жыве ў маленькіх кватэрах, у сваіх прыватных дамах, непадключаных да камунальных выгод, асабліва – ў сельскай мясцовасці.

Дзела паспяховага выканання свайго рашэння аб павелічэнні ўзроўню пакрыцця насельніцтвам страт на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Ураду краіны неабходна тэрмінова аднавіць рэфармаванне ЖКГ згодна Канцэпцыі 2003 года, што значна павысіць эфектыўнасць галіны. І надалей, праз фонды заработнай платы, праз сацыяльныя фонды размеркаваць бюджэтныя сродкі, скіроўваемыя прадпрыемствам ЖКГ на пакрыццё страт, сярод насельніцтва краіны, каб грамадзяне самі цалкам вызначаліся з аплатай камунальных паслугаў. Дадзены крок дазволіць узняць узровень пакрыцця насельніцтвам страт за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі да 100% і прымусіць прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі эфектыўна выкарыстоўваць атрыманыя ад грамадзян сродкі.
Статьи в рубрике "Мнение" отражают точку зрения исключительно автора. Позиция редакции UDFudf.name может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Рыгор Кастусёў: Старая песня на новы лад