Сваякі асуджанага на смерць вераць у прэзідэнта (+аўдыёзварот)

Алесь Пехціеў, www.udf.by
11 ноября 2009, 11:23
Бацькі асуджанага да смяротнага пакарання Андрэя Жука з надзеяй захаваць свайму сыну жыццё звярнуліся да прэзідэнта. "Вы шчыра любіце сваіх трох сыноў, у нас іх пакуль два, і мы спадзяемся, што столькі іх і застанецца", - напісала Лукашэнку маці асуджанага Святлана Жук.

Святлана кажа, што мела апошняе спатканне з сынам у следчым ізалятары №1 Мінска 5 лістапада. "Да гэтага надзеі ў яго не было ўратаваць жыццё, - распавядае маці асуджанага. – Але калі ён дазнаўся, што мы падалі дакументы ў міжнародны суд, то нейкі пробліск з’явіўся. Канечне, вялікае спадзяванне і на памілаванне прэзідэнтам".

Бацькі Андрэя Жука самі надзеі не губляюць нават пры тым факце, што Лукашэнка толькі аднойчы памілаваў асуджанага да смерці. "Наш прэзідэнт можа памілаваць. Я з самага пачатку за яго галасаваў, Андрэй таксама", - прызнаецца бацька Андрэя – Сяргей. "Мы можам перажыць гэты шэпт за спінамі: "Во пайшла маці забойцы". Але ведаць, што сына расстраляюць – гэта тое самае, што пахаваць сябе жывой", - дадае Святлана Жук.

Бацькі сказалі, што Андрэй цалкам асэнсаваў сваю віну і пакаяўся перад сваякамі двух забітых ім людзей. Праўда, тыя не даравалі. Муж забітай жанчыны ў ранейшым інтэрв’ю зазначыў: "Той, хто забраў жыццё – павінен аддаць сваё".

Праваабаронцы актыўна падтрымліваюць сям’ю Жукоў. "Калі б людзі ведалі, як выконваецца смяротны прысуд, то наўрад ці выказваліся за яго. Гэта катаванне для сваякоў, якія не дазнаюцца пра дату смерці сваіх родных, гэта катаванне для саміх вязняў, якія чакаюць смерці кожную хвіліну. Такая мера не павінна існаваць", - мяркуе Хеза Магкіл з арганізацыі "Міжнародная амністыя".

Зараз справу Жука разглядаюць у Жэневе ў камітэце па правах чалавека ААН. Офіс камісара камітэта патрабаваў у беларускіх уладаў прыпыніць выкананне смяротнага прысуду.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиМультимедиаАудио ❯ Сваякі асуджанага на смерць вераць у прэзідэнта (+аўдыёзварот)