Легенда рок-музыкі Міхаіл Барзыкін: Тут стабільнасць, як на могілках

www.udf.by
5 ноября 2009, 16:03
Напярэдадні канцэрта ў Мінску лідэр гурта "Телевизор" даў вялікае інтэрв’ю www.udf.by. З Беларуссю ў групы "Телевизор" адносіны доўга не складаліся. Канцэрт 21 лістапада ў Мінску – іх першы за 20 год выступ тут. Лідэр гурта Міхаіл Барзыкін кажа, што звярталіся за гэты час з прапановамі не аднойчы, але да канцэртаў справа не даходзіла.

- Заўсёды знаходзіліся нейкія перашкоды нашым канцэртам у Мінску. Пра сітуацыю з рок-музыкай у Беларусі я чуў неаднойчы, пра тое, што ў вас нямала праблемаў, што ёсць правілы, згодна з якімі дазваляюць канцэрт альбо не.

- Які ў прынцыпе вобраз сучаснай Беларусі склаўся ў вас?

- Падаецца, што ў Беларусі рэчаіснасць закансерваваная. Ёсць нібы шчасце, якога на самой справе не існуе, яно палягае ў тым, што цябе ахоўвае міліцыя і паўсюль адносная чысціня. А на самой справе там пэўна гэтак жа крадуць, як і колісь у СССР, займаюцца такім жа спажываннем, як у Расііі, толькі пры гэтым са страхам азіраюцца наўкол. Сітуацыя шмат у чым падобная да нашай, таталітарная спадчына далася нам у знакі, пазбавіцца яе цалкам мы пакуль не ў змозе.

- У нас паўсюдна гаворыцца пра стабільнасць, пра якую і вы пяеце ў апошнім альбоме і вобразна задаеце пытанне: смерць гэта ці шчасце.

- Як у вашым, так і ў нашым выпадку за стабільнасцю намагаюцца схаваць адсутнасць хоць нейкага руху, стагнацыю, якая бокам выйдзе наступным пакаленням. Гэта шыльда, за якой можна нічога не рабіць. У Расіі гэта вельмі адчувальна, тут стабільнасць такога характару, як на могілках.

- Гэта тэма – цэнтральная ў вашым альбоме "Дэжавю". Але няўжо сітуацыя цяперашняя нічым не розніцца ад сітуацыі тых застойных часоў?

- Сёння больш прыватнай свабоды, але грамадзянскія свабоды пакрысе забіраюць. І робіцца гэта мякка і ціха, як пазбаўленне права на сумленныя выбары, на незалежныя СМІ. Ці вось прыняццё закону аб экстрымізме, пад парушэнне якога можна прыпісаць кожнага і без перашкодаў трапіць у яго кватэру. Альтэрнатыўнае меркаванне можа існаваць, але агучыць яго на тэлебачанні і радыё нельга. Паказальна, што цяпер большасці часопісаў цяжка даваць інтэрв’ю, бо ўсё, што тычыцца іншага погляду на палітычныя справы – выразаецца.

- І чорныя спісы непажаданых асобаў існуюць?

- Так, яны ёсць. І ўключаныя туды тыя людзі, якія маюць прынцыповую пазіцыю па палітычных пытаннях, якая пярэчыць крамлёўскай. У яго ўваходзяць такія людзі, як Каспараў, Лімонаў ды шмат якія іншыя дзеячы, што прадстаўляюць праваабрончыя і грамадскія арганізацыі.

- А вы сябе да грамадскіх актывістаў ці палітыкаў залічаеце?

- За маё жыццё было нямала прапаноў рэалізаваць сябе ў прафесійнай палітыцы, але лічу сябе найперш рок-музыкантам. Таму пакуль адмаўляюся ад сяброўства ў партыях і рухах. Хіба што пагадзіўся стаць дэпутатам нацыянальнай асамблеі – такі альтэрнатыўны протапарламент, але гэта хутчэй дэманстрацыя ідэі, што афіцыйнаму меркаванню няма веры.

- Увага да беларускай рок-музыкі часам якраз прыцягвалася за кошт палітычнага складніка, за мяжой, канешне, калі на афішах канцэртаў пісалася: "Забаронена Лукашэнкам". Ці мусяць музыканты настолькі гуляцца з палітыкай?

- Неад’емная частка рок-музыкі, якая прыцягвае ўвагу – тэкст, у якім ёсць сэнс, у якім у тым ліку выказваецца і грамадзянская пазіцыя. Музыканты як такія – у кансерваторыях, рок-музыканты – паняцце зусім іншае. Такія асобы як Ленан, Сцінг, Гэбрыэль заўжды адрозніваліся ад астатніх наяўнасцю пазіцыі. Спекуляваць на "забароненасці" не варта, але і скарацца просьбам займацца толькі музыкай не варта. У нас якраз галоўны крамлёўскі ідэолаг Суркоў цяпер спускае лозунг наконт таго, што музыкант мусіць займацца музыкай і няма чаго яму лезці ў палітыку.

- Ці павінны рок-музыканты наогул ісці на размовы з ідэолагамі і чыноўнікамі? Такія сустрэчы якраз праходзілі у прэзідэнцкіх адмістрацыях, як Беларусі, так Расіі.

- У кожнага свая матывацыя да такіх сустрэч, пытанне ў іншым – як сябе паводзіць пры такіх размовах, на што пагаджацца і якія высновы рабіць. На жаль, большасць нашых, хто хадзіў на сустрэчу ў адміністрацыю, цяпер ходзяць "улюблёнымі ў Крэмль", таму не дазваляюць сябе ў тэкстах вастрыні і яршыстасці нават мінімальнай. За гэта іх паказваюць па тэлевізары. Выйшла такая камерцыйная дамова.

- Зразумела, што вы на такую дамову не ідзяце, калі прысвяцілі песню "Твой папа – фашист" у свой час Гарбачову, а цяпер Пуціну ды Мядзведзеву. Беларускі гурт Deviation, дарэчы, палічыў гэты твор актуальным і для нашых рэаліяў ды пераспяваў яго па-беларуску.

- Я чуў гэты варыянт пад назвай "Твой бацька – фашыст" і мне спадабалася, хоць не магу ацаніць, наколькі гэты пераклад таленавіта выкананы. Абсалютна не супраць, калі яе будуць праектаваць на беларускія рэаліі, калі такім чынам яна адгукаецца ў людзях. Гэта песня старая, у 86-м годзе яшчэ з’явілася. Яна пра таталітарны тып мыслення "айцоў нацыі", калі людзі забываюцца на гуманістычны аспект і адзінай матывацыяй для іх з’яўляецца ўлада, нажыва ды ўціск нязгодных.

- У вас няма праблемаў з канцэртамі ў сувязі з такой прынцыповай пазіцыяй?

- Нас проста не запрашаюць на буйныя расійскія рок-фэсты, па радыё не круцяць, па тэлевізары не паказваюць, таму мы граем па невялікіх клубах, хоць часам і ў клубы засцерагаюцца запрашаць. Гэта непрыемна, але нічога не паробіш. Спадзяюся, што ў Беларусі ўсё пройдзе нармальна і канцэрт наш не згарнуць.

- А вам не крыўдна, што ўдзельнікі той сустрэчы ў адміністрацыі прэзідэнта Расіі граюць у палацах спорту і стадыёнах, а вы даяце канцэрты ў клубах на 300 чалавек?

- У свой час мы схапілі стадыённай славы, калі цягам пяці год выступалі на велізарных пляцоўках, але цяпер мяне цалкам задавальняюць залі да 1000 чалавек. Крыўда і зайздрасць – даўно пройдзены этап і ў мяне няма аніякага жадання ўключацца ў гэты гастрольны "чос" і ў сістэму шоў-бізу. Гляджу на сваіх калегаў і мне іх часам шкада, бо колькасць канцэртаў такая, што яны не паспяваюць асэнсаваць, што з імі самімі адбываецца.

- Тым не менш, жывеце вы з музыкі?

- Так, жыву і мне хапае таго, што маю, бо няма занадта высокіх патрабаванняў да ўласнага спажывецкага кошыку. Заўжды можна знайсці баланс, калі памятаць пра тое, што трэба задавальняцца малым. Да ўсяго – творчасць вольных людзей заўжды цікавейшая і шматзначная. Веру ў тое, што ўсім варыянтам капіталістычнага таталітарызму наканавана смерць.

Размаўляў Сяргей Будкін, для www.udf.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиМультимедиаВидео ❯ Легенда рок-музыкі Міхаіл Барзыкін: Тут стабільнасць, як на могілках