Ціхановіча не запрасілі ў новую каманду “Еўрабачання“

"Еўрарадыё"
26 мая 2009, 09:34
Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволеным вынікамі "Еўрабачання", стала вядома, што цяпер адборам на конкурс хутчэй за ўсё будзе займацца канал АНТ.

Пра гэта кажуць і на самім канале, але пакуль не дакладна. Паводле слоў прэс-сакратара АНТ Аліны Праваторавай, спачатку канал увойдзе ў Еўрапейскі вяшчальны саюз.

Аліна Праваторава: "Рэч у тым, што займацца "Еўрабачаннем" можа толькі канал, які з'яўляецца чальцом Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Пакуль АНТ не з'яўляецца чальцом гэтага саюза. Вядуцца перамовы на стадыі афармлення дакументаў. Калі дакументы будуць падпісаныя, я змагу сапраўды сказаць, што гэта робім мы. Пакуль у нас няма афіцыйнага распараджэння па тэлеканале, што мы гэтым займаемся".

Еўрарадыё: "Ну, а гэта плануецца?"

Аліна Праваторава: "Так. Гэта плануецца. Але сказаць на 100 адсоткаў я змагу, калі будуць падпісаныя дакументы".

На Першым беларускім тэлеканале здзівіліся, што АНТ ужо рыхтуе такія дакументы!

Першы канал: "Калі ў яго (А. Лукашэнкі — Еўрарадыё) была працоўная паездка ў Шклоў, ён агучыў гэта. Там было сказана, што ўсё будзе змяняцца, будзе іншая каманда і кампанія. Што ён хацеў сказаць гэтымі словамі — не зразумела. Але пра АНТ нічога не казалі. І Аляксандр Іванавіч Мартыненка, дарэчы, таксама нічога не ведае".

Аляксандра Ціхановіча, кіраўніка "Еўрафэсту", ніхто ў новую каманду не запрашаў. Але тое, што "Еўрабачаннем" цяпер будзе займацца АНТ, ён ужо ведае.

Ціхановіч: "Пакуль са мной ніхто на гэтую тэму не гутарыў афіцыйна. Цяпер гэтым будзе займацца іншы канал. Я ведаю, што гэта будзе канал АНТ".

Прэс-сакратар АНТ Аліна Праваторава распавяла, што новая каманда, якая будзе працаваць над "Еўрабачаннем" і пра якую ўжо казаў прэзідэнт, яшчэ не створаная:

Праваторава: "На сённяшні дзень я вам не магу сказаць, хто з АНТ уваходзіць у гэтую каманду".

Еўрарадыё: "Значыць, можна сказаць, што яе пакуль што няма?"

Праваторава: "Так".

Аляксандр Ціхановіч упэўнены, што новай камандзе давядзецца ўсё пачынаць "з нуля".

Аляксандр Ціхановіч: "Сваю задачу каманда выканала на 1000 адсоткаў. Той, хто пачне гэта рабіць, ён усё роўна пачне з нуля, бо "Еўрабачанне" — гэта спецыфічны конкурс, там іграюць ролю не толькі прафесійныя навыкі, але і асабістыя адносіны. А гэта складаецца гадамі, гэта ўсё не проста".

Анастасія Ціхановіч, дырэктар "Еўрафэсту", калі што, будзе займацца сваім сольным праектам замест адбору на "Еўрабачанне".

Анастасія Ціхановіч: "Я гэтак жа, як і вы, усё ведаю з заяў у прэсе. Яны, па-мойму, вельмі афіцыйныя былі, ад самых афіцыйных асоб зыходзілі. А ў мяне вельмі шмат планаў — у асноўным творчых, вядома. У мяне ёсць сольны праект, якім трэба займацца. Таму, я думаю, усё будзе добра".

А калі так, то, магчыма, мы пабачым Анастасію Ціхановіч сярод удзельнікаў "Еўрабачання" ў наступным годзе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиБез галстука ❯ Ціхановіча не запрасілі ў новую каманду “Еўрабачання“