Сайт UDF.BY блокируется из Беларуси. Пожалуйста, пользуйтесь нашим зеркалом: https://udf.name

Эфект Трусіка

"Мы"
12 июня 2009, 11:22
Этыс! Атыс! Аніматыс! Этыс! Атыс! Аматыс! Музыкі ды эксперты спрабуюць расшыфраваць код "Чароўнага Трусіка" Юрыя Дземідовіча. Беларусь накрыла хваля трусікаманіі.

Заварожваючы нумар да дзіцячага "Еўрабачання" абмяркоўваюць не менш, чым расейскі крэдыт ці малочную вайну. Меркаванні – самыя розныя: ад захаплення новым беларускім псіхадэлам да абвінавачанняў хлопчыка Юры Дземідовіча ледзь не ў сатанізме. У сеціве ўжо нават гуляюць дзясяткі версій перакладу трусікаўскай лаціны.

Кампазітар і выканаўца Васіль Раінчык падкрэслівае, што не можа публічна ацэньваць нумар Юры Дземідовіча, бо з’яўляецца старшынём журы адборачнага конкурсу да дзіцячага "Еўрабачання".

- Я адно скажу: калі нешта ў любым мастацтве выклікае спрэчкі, значыць, – цікава. Больш пакуль нічога не магу сказаць з-за этычных прычынаў.

Пры гэтым Васіль Раінчык задаў сваё пытанне карэспандэнту "Мы":

- А вам спадабалася песня?

- Разоў 5-6 праглядзеў. Уражвае.

- Ну вось бачыце – такая колькасць праглядаў кажа сама за сябе: неардынарна.

На думку ж Сяргея Будкіна, галоўнага рэдактара музычнага парталу "Тузін Гітоў", мы маем справу з сеансам масавага гіпнозу, які свядома ці несвядома ўдалося правесці маленькаму хлопчыку.

- Гэта нейкі медыя-вірус. З’ява кшталту ролікаў вулічнага мага Дэвіда Блэйна, які таксама мае шалёны поспех у сеціве.

Будкін адзначае, што ў музычным плане "Чароўны Трусік" поўнасцю адпавядае апошнім тэндэнцыям.

- Тут можна пачуць і тое, што зрабілі ў апошнім альбоме Prodigy, нешта ёсць і ад Massive Attack.

Што да музычнай будучыні аўтара "Чароўнага Трусіка", то Сяргей Будкін зазначае:

- Калі глядзець іншую версію роліка (дзе Дземідовіча мы бачым не толькі на сцэне), то перад намі зусім другі чалавек – поўнасцю адэкватны. І калі гэты хлопчык так лёгка ўваходзіць у ролю на сцэне, то ён можа стаць проста афігенным артыстам цягам нейкага часу.

Лідэр гурта "Палац" Алег Хаменка сказаў, што нічога звышнатуральнага ў "Чароўным Трусіку" не бачыць.

- Гэта такія самародачкі, сапраўды нейкі паралельны сусвет. І гэта вельмі добра, што яны ёсць і што такое з’явілася і ў Беларусі. Такія фенамены ўзнікаюць увесь час – і ў Расіі, і ў Польшчы, паўсюль.

- Не думаю, што "Чароўны Трусік" – доўгатэрміновы праект, - лічыць Хаменка. - Але зазначу, што такі не тое, што крэатыў, а так званы inside, адсочваецца і аналізуецца прадзюсерамі ўсяго свету. Іншая рэч, што звычайна – як паказвае сусветны досвед – гэта не бывае доўгатэрміновымі праектамі.

Лідэр "Палацу" не згодны з меркаваннем, што такія нумары належаць фрык-культуры.

- Гэта – не фрык. Яго песня была створана дзякуючы таму культурнаму фонe, у якім Юры жыў і развіваўся. Менавіта ягоныя бацькі стварылі вось такі сусвет, у якім ён можа сябе так вольна і нечакана сам сябе адчуваць. І менавіта таму ў свеце да такога ставяцца вельмі сур’ёзна. Як з’ява – твор Дземідовіча, без сумневу, варты ўвагі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники

Новости других СМИ