Як адпачываюць беларускія палітыкі?

"Мы"
7 июля 2009, 15:28
"Мы" вырашылі даведацца, як адпачываюць ці плануюць адпачываць сёлета беларускія палітыкі. Як высветлілася – амаль ніяк.

Лідэр Руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч свой вымушаны адпачынак – рэабілітацыю пасля перанесенай аперацыі на тазасцёгнавым суставе праводзіць ў вёсцы Бершты на Гарадзеншчыне. Рэабілітацыйны перыяд зойме не менш за два месяцы. У сувязі з гэтым асноўны цяжар працы па арганізацыі Беларускага еўрапейскага форуму, які пройдзе ў лістападзе, лёг на плечы намесніка Мілінкевіча Віктара Карняенкі. Спадар Віктар калі і разлічвае на адпачынак, дык не раней зімы. А выпаўшыя вольныя дні плануе праводзіць дома ў Фаніпалі пад Мінскам.

Сустаршыня "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі" Павал Севярынец сёлета мае так званы творчы адпачынак. У вёсцы Унорыца на Дняпры ён піша раман. А наяўнасць побач з хатай рэчкі, лесу ды клубніцаў з суніцамі "вельмі дапамагае пісаць", кажа палітык.

Былы старшыня Вярхоўнай Рады 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч марыць пра мора. Аднак з-за працы паехаць туды ні летам, ні восенню, хутчэй за ўсё, не зможа. Усё тая ж праца не пакідае часу і заняцца любімым лецішчам. Да магчымасці паехаць на мора ўзімку палітык ставіцца скептычна:

- Мора павінна быць цёплым, каб прыемна было купацца.

Нават традыцыйны для зімовага адпачынку Егіпет з даволі цёплым зімой Чырвоным морам Шушкевіч катэгарычна адкідвае.

- Калі я даведаўся, што ў сталіцы Егіпту Каіры ўсяго 15 светлафораў, дык у такую краіну ехаць я не хачу! Хаця мае ўплывовыя сябры з Егіпту часцяком мяне туды завуць.

Лідэру Ліберал-дэмакратычнай партыі Сяргею Гайдукевічу адпачыць сёлета замінае Аляксандр Лукашэнка, а дакладней, актыўная падрыхтўка да прэзідэнцкай кампаніі. Адзінае, на што спадзяецца палітык, дык гэта вырвацца на некалькі дзён парыбачыць на Вілейку ды Нарач.

Старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што хто як працуе, той так і адпачывае. Сваю сёлетнюю працу палітык не ацэньвае станоўча, таму і адпачынку мець не будзе. Прынамсі, улетку ды ўвосень. Калі сітуацыя будзе спрыяць, дык Лябедзька з задавальненнем адпачне ўзімку на адным з гарналыжных курортаў. Тым больш, што апошнім часам з-за статусу невыязнога зімовыя курорты былі для яго недасяжнымі.

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін таксама раней восені пра адпачынак нават не думае. Мае шмат працы ды шэраг неадкладных сямейных справаў. А хацеў бы паехаць на мора: "туды, дзе цёпла".

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч – адзіны з палітыкаў, хто распавёў "Мы" пра сапраўдны адпачынак. Ужо ў ліпені ён плануе на тыдзень схавацца ад людзей у намёце на Нёмане з вудай. Апошнія 15 год палітык адпачывае толькі такім чынам – з’язджаючы ад усіх у самыя глухія мясціны Беларусі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиБез галстука ❯ Як адпачываюць беларускія палітыкі?