Сёлета абітурыенты не ведаюць, калі пачалася Другая сусветная вайна

"Еўрарадыё"
9 апреля 2009, 13:33
Сумоўе вялікіх цяжкасцяў сабой не ўяўляе. Хаця трапляюцца тыя, хто і з самымі лёгкімі пытаннямі не можа справіцца.

Намеснік дырэктара Інстытута журналістыкі БДУ Аляксандр Градзюшка кажа Еўрарадыё, што часам прыходзяць людзі з зусім нерэальным, рамантычным уяўленнем пра будучую прафесію.

Аляксандр Градзюшка: "Пытаеш, напрыклад, калі ў Беларусі Дзень Незалежнасці адзначаецца — не ведаюць. Ёсць людзі выпадковыя, у якіх ўяўленне аб журналістыцы вельмі такое рамантычнае — працаваць у тэліку, напрыклад, і ўсё". Аднак ёсць і падрыхтаваныя людзі, яны прыносяць па 20, па 30, па 70 публікацый.

Старшыня прадметнай камісіі Вольга Самусевіч, намеснік дырэктара Інстытута журналістыкі БДУ кажа, што сумоўе праводзіцца не для таго, каб пачаць адбор, а каб зразумець, хто да іх паступае.

Вольга Самусевіч: "Абітурыенты вельмі хвалююцца. А справа ў тым, што гэта ж не тэставанне, а проста сумоўе. Мы даведаемся, хто з абітурыентаў да нас прыязджае. Глядзім, ці ёсць у іх публікацыі, размаўляем, пагаворым пра іх выбар. Таму гэта больш на гутарку паходзіць людзей, якія з аднаго боку прафесіяналы, а з другога тыя, хто імкнецца імі стаць".

Па словах дэкана факультэта міжнародных адносінаў БДУ Віктара Шадурскага, у студэнтаў якія не прайшлі прафесійна-псіхалагічна сумоўе, няма шанцаў паступіць.

Віктар Шадурскі: "Была абітурыентка, якая ўжо была ва ўзросце. Яе спыталі: "А вось Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — што такое?" Яна сказала: "Ня ведаю". "Калі пачалася 2-я сусветная вайна?" — "Не ведаю". Ну, вядома ж, такой абітурыентцы рэкамендацыя выдадзена не была. З іншага боку, калі такія абітурыенты не могуць адказаць на пытанне зараз, то я лічу, што яны і не атрымаюць неабходны бал на тэставанні па спецыяльнасці. Яны ўвогуле не паступяць ва ўніверсітэт".

Па словах дэкана, рэкамендацыі не атрымалі толькі адзінкі. Збольшага нават слабым абітурыентам іх выдавалі як шанец.

Віктар Шадурскі: "Мы, можа, і далі рэкамендацыі з аднаго боку, таму што не трэба закрываць перспектывы, бо яны могуць закрыцца ад таго, што яму там не хопіць ведаў па замежнай мове, па той жа рускай ці беларускай мове, калі ён будзе тэставанне здаваць. Але ім былі нейкія парады дадзеныя, што — гэта цяжка, вы падумайце, што вялікі конкурс".

Адзін з абітурыентаў музыка Віталь Зыблюк, які паступае на спецыяльнасць "міжнароднае права і міжнародныя адносіны" распавёў Еўрарадыё пра тое, як ён сёння праходзіў гэта сумоўе.

Віталь Зыблюк: "Пыталіся трывіяльна: якое хобі, навошта ідзяце на гэту спецыяльнасць. Тлумачу: у мяне адна вышэйшая адукацыя ёсць (выкладчык сербскай мовы і літаратуры), вось хачу цяпер папрацаваць амбасадарам у Сербіі, а там у прэзідэнты падамся (для гэтага ж 2 адукацыі трэба). Яны паўсміхаліся. Сказалі, раз у мяне вышэйшая ёсць — то ўсё са мной ясна. Адзін дзед адкрыў пашпарт і пытаецца: вы жывяцё на вуліцы Лермантава, а што вы чыталі з Лермантава? Выратаваў іншы дзед – падказаў мне: скажы "Мцыры" і інш. Я так і сказаў. Я яму кажу, навошта нам Лермантаў? Я ж не расійскім амбасадарам еду, а беларускім. Вось у белліце я — як рыба ў вадзе. Тады яны папыталіся пра маладых пісьменнікаў: каго ведаю? Кажу: Жыбуля. Яны: о, Жыбуль, ага-ага. Лабадзенка, Вальжына Морт — ківаюць. Хадановіч. Пытаюцца, ці ведаю я, хто яго тата, я кажу — не. Яны: во, а яшчэ і ў амбасадары ідзе. Што гэта значыла, я так і не даведаўся. Пажадалі мне шчаслівай будучыні. На гэтым і развіталіся".

Еўрарадыё здзівілася такому пытанню: няўжо ў Андрэя Хадановіча тата — дыпламат, ведаць якога абавязкова? Мы запыталіся ў літаратара — і ён шчыра парадаваўся пачуццю гумару прыёмнай камісіі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиБез галстука ❯ Сёлета абітурыенты не ведаюць, калі пачалася Другая сусветная вайна