Палітвязьня Арцёма Дубскага зьбілі ў ізалятары

"Малады фронт"
11 апреля 2009, 15:59
Арцём Дубскі здолеў перадаць ліст зь ізалятару, які не прайшоў цэнзуру. У лісьце да паплечніцы Насты Лойкі ён апісвае выпадак, калі мясцовы спэцназ зьбіў маладафронтаўца і вязьняў зь ягонай камэры...

" на днях быў выпадак: да нас у камэру зайшоў мясцовы спецназ да запатрабаваў скатаць нашыя спальныя месцы. Калі падсьледчыя выканалі патрабаваньні, старэйшы зь міліцыянтаў наказаў ськінуць іх у кут і дазволіў раскатаць матрасы за 30 хвілін да адбою. Самае цікавае, што ў правілах утрыманьня падсьледчых у СІЗА, якія вісяць у кожнай камэры, дакладна расьпісана, што спальнае месца ліквідуецца толькі ў карцэры! Атрымліваецца, што нашу камэру на роўным месцы адправілі ў карцэр нават не выводзячы з камэры? Уважліва азнаёміўшыся з правіламі, мае сукамэрнікі прыняліся раскручваць "скаткі". Літаральна праз 2 хвіліны нас вывялі разам з асабістымі рэчамі і спальнымі прыладамі “на баксы” (гэта нешта кшталту адстойніка, дзе знаходзяцца падсьледчыя падчас розных там мерапрыемстваў) – памяшканьне 2-5 мэтраў без мэблі.

Потым пачалі па адным выводзіць "на вобшук" – адбывалася гэта наступным чынам: калі мяне завялі ў пакойчык для даглядаў, у ім знаходзіліся 2 супрацоўніка сьледчага ізалятара, якія нават не глядзелі мае асабістыя рэчы, а запатрабавалі стаць тварам да сьцяны, пры гэтым максімальна шырока расставіць ногі і пачалося…

Зьбівалі гумавымі дручкамі жорстка, але прафэсыйна (гузаў амаль не засталося:)). Калі я паваліўся на падлогу, замест дручак пазнаёміўся з ботамі вайскоўскага зразку… Перыядычна патрабавалі "прызнацца" у тым, што гэта я падштурхоўваў сукамэрнікаў “да непадпарадкаваньня”.

Праз 15 хвілін мяне завялі ў суседні бокс, дзе знаходзілася большая палова маёй камэры – іх таксама зьбівалі. Калі закончыўся "вобшук", нас павярнулі назад у камэру, зь якой падчас нашай адсутнасьці пазьнікалі некаторыя рэчы без усялякіх там расьпісак ды пратаколаў аб выманьні ды захоўваньні на капцёрцы – іх папросту скралі супрацоўнікі СІЗА!

Як вынік, уся камэра (у тым ліку і я) склала калектыўную скаргу на імя кіраўніка СІЗА з патрабаваньнем растлумачыць адбыўшыся інцыдэнт, які ніяк не падпадае пад акрэсьленьне “шэраговых”.

Аха, ледзь не забыўся – калі мяне заводзілі ў камэру, да мяне падышоў адзін зь “герояў” зьбіцьця замест вобшуку і гучна так, каб усе чулі, папярэдзіў мяне ,"каб я не дадумаўся скардзіцца". Вось такая вось у нас "лібэралізацыя":( Хачу падкрэсьліць, што пасьля вышэйапісаных падзей увага міліцыянтаў да нашай камэры вырасла разоў на 5 – лічы, кожныя 3-4 хвіліны “вочка” на дзьвярах адчынялася і пільнае вока канваіра агледжвала памяшканьне…

А самае цікавае, што немагчыма нікому паскардзіцца, таму што ўсе лісты, якія мы адпраўляем, прымаюцца незапячатанымі – цэнзар працуе спраўна. Таму ўся надзея на нешматлікія незалежныя сродкі масавай інфармацыі! :)"

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиПолитика ❯ Палітвязьня Арцёма Дубскага зьбілі ў ізалятары