“Ісці на прэзідэнцкія выбары з “пустымі кішэнямі“ – смяротная рызыка“

Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Партыі БНФ, для UDF.BY
18 июня 2013, 09:28
Напрыканцы мая-пачатку чэрвеня 2013 года ў межах краін постсавецкай прасторы адбылося шэраг разнастайных палітычна-эканамічных падзей і сустрэчаў.

Гэта – паседжанне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане, паседжанне Рады кіраўнікоў урадаў краін СНД у Мінску, іншыя нарады.

Хаця знешне кіраўнікі дэлегацый, удзельнікі нарадаў на разнастайных прэс-канферэнцыях,сустрэчах з журналістамі пастаянна сцвярджалі, што ў краін-удзельніц няма разыходжванняў у падыходах да палітычных і эканамічных стасункаў, усё ж увачавадкі адчувалася, што кожная дэлегацыя імкнулася менш звяртаць увагі на агульныя інтарэсы і рабіла ўсё, каб прапіхнуць свае. Кожны дзейнічаў па прынцыпу – “свая кашуля бліжэй да цела”.

Для расійскага кіраўніцтва, каб, нарэшце, паказаць сваім грамадзянам хоць якія поспехі на фоне аднаўлення расійскай імперыі ў межах былога СССР, выкананне праекта па стварэнню Еўразійскага саюза з’яўляецца першаснай задачай. Хаця да наступных прэзідэнцкіх выбараў 2018 года яшчэ і шмат часу, расійскае кіраўніцтва разумее неабходнасць поспеху ў гэтым накірунку, каб надалей мець запас часу для ўцягвання ў працэс інтэграцыі іншых краін СНД.

У рамках СНД гэта зрабіць ужо немагчыма. Іншыя разнастайныя аб’яднаўчыя праекты таксама чаканага поспеху не мелі. Праект Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі застаецца нерэалізаваным. Прайшло ўжо паўтара дзясятка гадоў, а да гэтай пары не вырашана пытанне па прыняццю Канстытуцыйнага акта, па пераходу да адзінай валюты. Пытанне аб расійскай авіябазе на тэрыторыі Беларусі застаецца падвешаным. Не прасоўваюцца і праекты па стварэнню сумесных расійска-беларускіх прадпрыемстваў.

Нават узаемны таваразварот краін у межах Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы знізіўся у 2013 годзе на 15% да ўзроўню мінулага году.
Аб сур’ёзнасці намераў па стварэнню Еўразійскага саюза сведчаць паводзіны прэзідэнта і прэм’ер-міністра РФ у час мерапрыемстваў у Астане і Мінску, калі ў першым выпадку Пуцін адмовіўся сустракацца на перамовах сам-насам з Лукашэнкам. Дый па выніках сустрэчы Лукашэнкі з Мядзведзевым ў заслаўскай рэзідэнцыі беларускаму боку і пахваліцца было нечым.

Беларускаму кіраўніцтву толькі і застаецца спадзявацца, што пад маркай еўразійскай інтэграцыі краіна атрымае доступ да танных расійскіх энэрганосьбітаў пасля зняцця Расійскай Федэрацыяй з 2015 года ўсіх тарыфных абмежаванняў. Гэта дасць магчымасць для аднаўлення гандлю нафтапрадуктамі з Еўропай.

У той жа час беларускае чынавенства разумее, што расійскім бокам могуць быць уведзены новыя механізмы вяртання экспартных мытаў на нафтапрадукты.

31 мая ў час сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый Урадаў краін СНД у Мінску з вуснаў Лукашэнкі нават прагучалі словы разумення навязваемай расійскім бокам глыбіні эканамічнай інтэграцыі ў рамках Еўразійскага саюза і занепакоенасці за палітычную незалежнасць нашай краіны:

"Все-таки есть определенные опасения сторон и по глубине экономического сотрудничества, и цене этого сотрудничества. Есть опасения за политическую независимость", — выказаўся ён.

Цікава выглядаюць паводзіны іншых краін, якія абвясцілі пра свае інтарэсы супрацоўніцтва з Еўразійскім саюзам. За падпісаннем у Мінску Украінай і Кіргістанам мемарандума аб паглыбленні ўзаемадзеяння з Еўразійскім саюзам праглядаецца кантрастная пазіцыя краін да гэтага аб’яднання. У той час, калі кіргізы актыўна выказваюць жаданне аб далучэнні ў еўразійскую інтэграцыю, то Кіеў зрабіў гэта толькі дзеля таго, каб на дадзены момант ад яго проста адчапіліся, што дазволіць яму выйграць час да лістапада 2013 года, калі адбудзецца саміт “Усходняга партнёрства” ў Вільнюсе.

Найбольш прагматычнымі застаюцца у дадзенай сітуацыі паводзіны прэзідэнта Казахстана Назарбаева. Разумеючы аднабаковасць інтарэсаў кіраўніцтва РФ у стварэнні Еўразійскага саюза, ён умела скарыстоўвае магчымасці адстойвання інтарэсаў Казахстана на іншых палітычных накірунках.

Ужо праз некалькі дзён пасля сустрэчы ў Астане, 3 чэрвеня 2013 года, Назарбаеў правёў перамовы са старшынёй Еўрапейскай камісіі Барозу.

Асноўнымі тэмамі перамоваў былі пытанні пашырэння супрацоўніцтва Казахстана з Еўрасаюзам і ўступлення Казахстана ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

У адрозненне ад кіраўніцтва Беларусі, прэзідэнт Казахстана мае рэальную ацэнку адносінаў у Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы і ўзамен на зніжэнне таваразварота ў межах гэтых міждзяржўных аб’яднанняў шукае перспектыўныя шляхі пашырэння гандлю з Еўропай. Праз пашырэнне ўзаемаадносін з Еўрасаюзам Казахстан імкнецца атрымаць магчымасці для рэфармавання і мадэрнізацыі эканомікі.

На што застаецца спадзявацца Лукашэнку ў дадзенай сітуацыі, калі ён практычна сваімі паводзінамі і рашэннямі загнаў Беларусь у "рэзервацыю"?

А спадзяецца ён толькі на тое, што на працягу года-паўтара, не пазней за 1 студзеня 2015 года расійскім бокам будуць зняты ўсе тарыфныя і нетарыфныя абмежаванні ў гандлі нафтай і газам з Беларуссю. Што ў сваю чаргу паспрыяе падвышэнню тэмпаў росту беларускай эканомікі і заробкаў у краіне.

Бо 2015 год – гэта год чарговых прэзідэнцкіх выбараў. І ён рэальна ацэньвае магчымую сітуацыю. Ісці на прэзідэнцкія выбары з “пустымі кішэнямі” – гэта смяротная рызыка.

Калі ж сітуацыя будзе развівацца так, што чакаемыя спадзяванні на расійскую нафту і газ не падцвердзяцца далейшымі рашэннямі расійскага кіраўніцтва, то Лукашэнка вымушаны будзе шукаць іншыя варыянты развіцця палітычных падзей на Беларусі дзеля захавання ўлады ў краіне.

А гэта азначае, што цалкам верагодным можа быць варыянт абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі на 2014 год, пакуль у краіне канчаткова не праедзены фінансавыя рэзервы для ўтрымання заробкаў на належным па беларускіх мерках узроўні.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиПолитика ❯ “Ісці на прэзідэнцкія выбары з “пустымі кішэнямі“ – смяротная рызыка“