Справа ксяндза Лазара. Справа, якая складаецца з пытанняў

Кастусь Шыталь, для UDF.BY
6 августа 2013, 13:58
Справа ксяндза Уладзіслава Лазара – унікальная. Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі каталіцкага святара бяруць пад варту па крымінальнай справе.

Дагэтуль былі выпадкі, што святароў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, былі выпадкі, калі святароў-грамадзянаў Польшчы вымушалі з’ехаць з краіны, не працягваючы ім візы.

Але ў следчы ізалятар садзяць упершыню.

Справа ксяндза Лазара – загадкавая. Мы дакладна ведаем толькі дзве рэчы. Першая – што святар арыштаваны, і другая – што асобы, якія валодаюць інфармацыяй, не жадаюць ёй дзяліцца.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар 1 чэрвеня быў у гасцях у бацькоў, якія жывуць у вёсцы Канюхі Маладзечанскага раёна. Паехаў ад іх у Барысаў, дзе служыць, і па дарозе знік. Толькі праз два тыдні патэлефанаваў, папрасіў, каб маліліся за яго, і нічога не патлумачыў.

Пра акалічнасці справы застаецца толькі здагадвацца. У час, калі ксёндз Лазар знаходзіцца пад вартай, Лукашэнка зрабіў заяву пра нейкага "здрадніка, які быў звязаны з замежжам праз каталіцкіх святароў". Таму мы здагадваемся, што арышт ксяндза Лазара можа быць звязаны з гэтай – рэальнай або сфабрыкаванай – “шпіёнскай справай”.

КДБ адмаўляецца каментаваць арышт ксяндза Лазара – і гэта наводзіць на думку, што менавіта ў СІЗА КДБ яго трымаюць. Менавіта ў Амерыканку кіруюць лісты падтрымкі святару неабыякавыя людзі.

Прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ксёндз Юры Санько ведае, што ксёндз Лазар арыштаваны, але кажа, што не ведае, у чым яго абвінавачваюць. Не жадае казаць, або сапраўды не ведае? Журналісты датэлефанаваліся да маці ксяндза Лазара, але і яна не змагла сказаць, што "шыюць" яе сыну.

Па словах ксяндза Санько, справай ксяндза Лазара займаецца Апостальская Нунцыятура – дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду ў Беларусі. Пра што ватыканскія дыпламаты могуць перамаўляцца з беларускім кіраўніцтвам?

Цалкам верагодна, што, трымаючы ў турме каталіцкага святара, улада спрабуе чагосьці дамагчыся ад Касцёла. Толькі незразумела, чаго? Якія інтарэсы Лукашэнка мае ў Ватыкане?

Магчыма, гаворка ідзе пра дыпламатычную падтрымку Лукашэнкі на Захадзе. Або пра большую лаяльнасць Касцёла ў Беларусі. (Хоць іерархі Касцёла і так лаяльныя да кіраўніцтва дзяржавы).

А можа, мэтай арышту ёсць звычайнае запалохванне?

Справа ксяндза Лазара амаль цалкам складаецца з пытанняў.

Рана ці позна мы даведаемся адказы на іх.

А пакуль што адзінае, што мы павінны зрабіць – быць салідарнымі. Пісаць лісты святару (220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, а. с. 8, СІЗА КДБ, Лазару Уладзіміру Міхайлавічу – Увага! Па пашпарце ксёндз Уладзіслаў запісаны Уладзімірам.). Пісаць лісты ў КДБ і Генпракуратуру з патрабаваннем растлумачыць, за што арыштаваны святар. Падтрымліваць сваякоў святара. Хто верыць у Бога – маліцца за ксяндза Лазара.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиПолитика ❯ Справа ксяндза Лазара. Справа, якая складаецца з пытанняў