Уладзімір Някляеў: Іду на выбары, бо ў мяне ёсць прэтэнзіі да Лукашэнкі

Анастасія Зелянкова, Аляксандр Старыкевіч, "Салідарнасць"
17 октября 2013, 11:42
У межах спецпраекта "Кампанія-2015" Уладзімір Някляеў распавёў "Салідарнасці", якія задачы ставіць на наступныя выбары і чаго чакае ад Масквы.


"Не надта спяшаюцца беларусы мяняць быка на індыка"

— Давайце спачатку вызначымся, як вы бачыце кампанію 2015 года?

— Яна бачыцца мне ў двух варыянтах. Першы – гэта ўжо звыклы варыянт, калі танцуе адзін Лукашэнка на ўсёй пляцоўцы, выдзеленай і дамам, і кавалерам. Ён там з баянам пасярэдзіне і нікога ў круг не пускае. Тады рабіць на гэтых выбарах у якасці кандыдата ў прэзідэнты не будзе чаго. Трэба будзе думаць (і мы думаем) пра іншы фармат уделу.

У 2010 годзе сітуацыя была іншая – чаму я тады і згадзіўся пайсці на выбары. Расія, як вы помніце, раптам "кінула" Лукашэнку — ва ўсякім выпадку, вонкава. А для электарата гэта сутнаснае. У людзей узніклі пытанні: нашто нам гэты чалавек, калі ён без патрэбы Расіі, а значыць, ад яго болей ніякага толку? Бо не будзе тых грошай і прэферэнцый, якія мы ад Расіі мелі.

І такія настроі ў людзей былі да 9 снежня 2010 года, пакуль Лукашэнку не паклікалі ў Маскву і зноў не пачаліся размовы пра вечнае сяброўства. Я добра помню свае сустрэчы з выбарнікамі 8 і 10 снежня. Гэта былі розныя ў сваіх настроях людзі. Калі 8-га не меней як палова з іх прыглядалася да мяне, як да чалавека, які можа замяніць Лукашэнку, дык 10-га такіх людзей значна паменела.

Другі варыянт выбараў (які разглядаецца амаль пад кожную прэзідэнцкую кампанію) – гэта якраз нейкія змены ў адносінах Расіі да Лукашэнкі. Тут шмат што звязана з 1 студзеня 2015 года – прызначанай датай падпісання дамовы па стварэнні Еўразійскага звязу.

І тут таксама два варыянты: Расія корміць Лукашэнку так, што ў яго няма праблем з выбарамі, і ў падзяку за гэта будзе чакаць падпісання ўсіх пунктаў пагадненняў. Але падпісанне ўсіх пунктаў, найперш палітычных,абазначыць не толькі рэальную пагрозу страты незалежнасці Беларусі, але і канец палітычнай кар’ерыЛукашэнкі. І ён гэта разумее. Ужо цяпер па заявахЛукашэнкі відавочна, што палітычны блок пагадненняў ён можа і не падпісаць.
Тады сітуацыя насамрэч можа змяніцца: Расія паспрабуе (ёсць ужо першыя прыкметы гэтага) ціскануць усур’ёз. І, можа быць, здзейсніць даўнюю мару беларускай апазіцыі: зробіць стаўку на альтэрнатыўнага кандыдата. Гэта не будзе, зразумела, кандыдат ад апазіцыі, гэта можа быць толькі чалавек з наменклатуры, але ў любым выпадку гэта зменіць сітуацыю на "танцпляцоўцы".

Дык вось зыходзячы з таго, як яно ўсе складзецца, мы і будзем прымаць рашэнне па выбарах. Удзельнічаць неабходна ў любым выпадку. Але гэта не азначае, што ў такім жа фармаце, як у 2010 годзе.

— То бок апазіцыя існуе ў рэжыме чакання, як будзе паводзіць сябе Масква?

— На жаль, гэта класічны рэжым для беларускай апазіцыі, якая не мае ў грамадстве дастатковай падтрымкі для таго, каб самастойна вырашыць праблему ўлады. Не надта спяшаюцца беларусы мяняць быка на індыка, кідацца ў нейкую рэвалюцыю, калі сённяшні рэжым забяспечвае той мінімум, які задавальняе большасць.

Тым не менш, незадавальненне ёсць – і яно расце. Людзі штодня сутыкаюцца з карупцыяй, з нібыта "бясплатнымі" медыцынай і адукацыяй, якія насамрэч даражэй за платную, з непавагай, хамствам, з тым, што з імі абыходзяцца не як з людзьмі. Ім абрыдла ўлада, пры якой дзеля чаркі і скваркі трэба стаяць на каленях.

Мы якраз хадзілі ў Мінску па кватэрах, калі Лукашэнка, услаўляючы сябе самога і тое, што зрабіў для народа, выступаў перад журналістамі расійскіх СМІ. І палова людзей адмахваліся: ведаю, што выступае, але слухаць яго не хачу. А нехта пытаў: што ён брэша пра добрыя заробкі ў Беларусі, калі мае дзеці з’ехалі на заробкі за мяжу? Яны ад добрых заробкаў з’ехалі?..

Сёння, сапраўды, чвэрць працаздольнага насельніцтва з’ехала. Мы жахаліся, калі ў савецкія часы нам казалі, што кожныга чацвёртага беларуса страцілі ў час вайны. А тут без усялякай вайны мы страцілі кожнага чацвёртага!

Так што, калі меркаваць па настроях людзей, усё ж ёсць надзея на тое, каб сабраць у кулак пратэстны рух пад 2015 год. Але для гэтага трэба з людзьмі папрацаваць і тлумачыць, што яны рэальна могуць зрабіць. Таму мы і распачалі палітычную кампанію "Народны рэферэндум". Гэта кампанія, якой мы мяркуем актывізаваць, зварухнуць і прыгарнуць на свой бок людзей. Тую большасць, якая сёння ў большасці сваёй пасіўная.

— Рабіць стаўку, што ў 2015 годзе Расія пачне шчаміць Лукашэнку, ведаючы, як яна чапляецца за сваіх хаўруснікаў, няхай і спецыфічных (як было з Мілошавічам, Хусейнам і г.д.), пакуль не выпадае. Які можа быць сцэнар дзеянняў апазіцыі ў гэтай кампаніі, калі стаўленне Масквы застанецца нязменным?

— Калі б вы мяне спыталіся пра гэта ў 2010 годзе, сказаў бы: толькі Плошча, толькі рэвалюцыйны шлях. Але тыя падзеі паказалі:наша памылка была якраз у тым, што мы прадумалі толькі адзін сцэнар і не мелі іншага.

Пасля 9 снежня 2010 года (калі Расія падтрымала Лукашэнку) я паспрабаваў скарыстаць запасны варыянт, але ён ужо не спрацаваў, бо не быў падрыхтаваны. Аднаму мне здымацца з выбараў у той сітуацыі ну ніяк не выпадала (мяне б прыляпілі да сцяны здраднікаў і стралялі б з усіх кулямётаў), а пераканаць хаця б палову з тых кандыдатаў, якія ішлі на выбары, не заставался ўжо часу, ды і ніхто на гэта не быў настроены.

Таму не выключана, што на выбарах 2015 года мы будзем ставіць не толькі на Плошчу. Але ў любым выпадку мы павінны выкарыстаць не толькі гэтыя выбары, але і ўвесь працэс падрыхтоўкі да іх, каб змяняць светаадчуванне беларусаў. Давесці ім, што вось гэты шматок сала, які яны маюць, – гэта не самае вялікае шчасце.Зрабіць ўсё магчымае, каб людзі заўважылі, што ёсць рэальныя палітычныя сілы, апроч рэжыму, і гэтыя сілы здольныя ўладкаваць жыццё лепш, чым гэта робіць рэжым.

Мы думаем не толькі пра 2015 год, але і пра тое (і нават больш пра тое), што будзе адбывацца пры змене ўлады ў Беларусі. Хто ў той час будзе мець вагу, каб у гэтыя працэсы ўключыцца? Каб не даць гэта зрабіць толькі Расіі, толькі сілавым структурам ды наменклатуры...

Для гэтага трэба ўсім дэмакратам аб’яднацца. Я разумею, што гэта мантра, якая ўжо надакучыла. Але паасобку мы не знойдзем сілы, неабходнай для таго, каб паўплываць на будучыя – і ўжо недалёкія – вырашыльныя палітычныя працэсы.

Дарэчы, многія лічаць кепскім з’яўленне дзвюх кааліцый. Мы (з рухам "За Свабоду", партыяй БНФ ды іншымі), праўда, не стваралі ніякай кааліцыі, але такой бяды: няхай і ў нас будзе кааліцыя. Бо дзве кааліцыі – гэта лепш, чым разрозненыя структуры. І дамовіцца паміж іх лідарамі намнога прасцей, чым паміж 10 кандыдатамі.

Калі будзе большасць за тое, каб адзіны кандыдат ішоў на выбары – будзе так. Калі большасць дамовіцца пра тое, каб байкатаваць выбары, значыць, будзем байкатаваць. Галоўнае – выйсці з гэтых выбараў не разбітымі ўшчэнт, як у 2010 годзе, а арганізавана адной, выбачайце за дзяжурнае слова, калонай.

— Ага, "пятай" :)

(смяецца)

— Такім чынам, пераможных задач і сцэнароў на гэтыя выбары няма?

— Я ў 2010 годзе ішоў толькі дзеля таго, каб перамагчы. Больш у мяне ніякай задачы не было. Нават пасля 9 снежня. І як у 2010-м я не выключаў поспеху– так не выключаю яго і ў 2015-м. У палітыцы можа ўсё радыкальна змяніцца ў адзін дзень.

Але пераможны сцэнар не можа быць адным, бо мы апякліся на гэтым. Таму зараз і распрацоўваем іншыя варыянты.


"Не лічу мэтазгодным удзельнічаць у праймерыз. Будзем праводзіць кангрэс"

— Мы Анатолю Лябедзьку абяцалі задаць вам адно пытанне. У інтэрв’ю нам ён сказаў, што ніяк не атрымліваецца падпісаць пагадненне на праймерыз з вашым бокам. Мяркуе, прычына ў тым, што вы не ўпэўнены ў сваёй перамозе…

— А ён, значыць, упэўнены?

Не, зусім не таму. У сённяшніх варунках праймерыз не можа даць ніякага выніку. Хоць бы таму, што няма механізму падліку галасоў, пры якім вынік не падлягаў бы сумневу.

Незалежна ад таго, ці згодзіцца тая каліцыя (а я спадзяюся, што ўсё ж згодзіцца), мы будзем праводзіць кангрэс дэмакратычных сіл. Калі пасля папярэдняга кангрэсу і ўзніклі нейкія сумневы, дык не ў падліку галасоў. А гэта – давер, што сёння найгалоўнае.

І яшчэ вось што. Кангрэс (як, між іншым, і рэферэндум) – рэч больш звыклая для нашых людзей. Больш зразумелая. А пастукайце у дзверы і скажыце людзям: мы да вас з праймерыз. У адной кватэры нават думалі, што гэта інфекцыя такая.

А калі Лябедзька думае, што мы хочам правесці кангрэс, каб нехта з нашых выйграў, дык няхай успомніць кангрэс 2006-га. Там усё было падрыхтавана, каб Лябедзька стаў адзіным кандыдатам. А стаў у выніку Мілінкевіч.

Кангрэс ёсць кангрэс. Адкрытая працэдура. Бюлетэні, падлік: колькі за каго? А пры праймерыз я вам скажу, які будзе падлік. У офісе АГП усе бюлетэні будуць за Лябедзьку, у офісе "Гавары праўду" – за Някляева.

— То бок вы такая калектыўная Ярмошына?

— (усміхаецца) І што: паставіць да скрыняў у офіс АГП трох назіральнікаў ад “Гавары праўду”, а ў штаб-кватэру "Гавары праўду" – ад АГП?
А самае немагчымае – гэта галасаванне па кватэрах. Уявіце: я прыходжу з гэтым праймерыз. Ну добра, разабраліся, нарэшце, што гэта такое. І што гэты чалавек павінен напісаць? Што ён за Някляева ці за Лябедзьку супраць Лукашэнкі? Прычым пазначыць гэта ў нейкіх бюлетэнях па нейкіх выбарах, вынікаў якіх ён не ведае?

Тым не менш я нікога не змушаю адмаўляцца ад тых ідэй, якія яны генерыруюць. Рабіце. Вазьміце хаця б адну акругу і паспрабуйце тамправесці праймерыз. Як мы на парламенцкіх выбарах правялі байкот у адной акрузе. І будзе відаць, што з гэтага атрымаецца. Дык не, ім трэба, каб усе ўдзельнічалі ў тым, што ёсць нішто.

— І ўсё ж праз кангрэс Вы хочаце стаць тым адзіным?

— Я гэтага не сказаў.

— Вы не хочаце стаць адзіным?

— Я не супраць таго, каб стаць адзіным і пазмагацца за прэзідэнтцтва, бо ў мяне ёсць прэтэнзіі да Лукашэнкі. І не толькі асабістыя: маўляў, мяне ні за што адмалацілі, голага кінулі ў турму, што, мякка кажучы, непрыгожа з боку майго апанента. Асабістыя рахункі таксама нешта значаць у палітыцы, але не яны галоўныя. Галоўнае тое, што Лукашэнка завёў краіну ў эканамічны і палітычны тупік, выйсці з якога Беларусь зможа толькі з іншым кіраўніком.
Праблема яшчэ ў тым, што на сённяшні дзень мы не можам знайсці чалавека, які не толькі з нашага гледзішча адпавядаў бы пасадзе прэзідэнта, але і сам быў гатовы ўзяць на сябе гэтую ношу. Усе рэальна баяцца. Усім вядомы самы верагодны фінал іх удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі.

І яшчэ адна прычына, па якой я проста не магу, не маю права не браць удзелу ў выбарах. Можа, гэта і не вельмі сціпла, але на сённяшні дзень ёсць вынікі апытанняў Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (па сутнасці, той самы праймерыз), паводле якіх кампанія "Гавары праўду" займае лідарскія пазіцыі.Канешне, гэтага абсалютна недастаткова, каб казаць пра сур’ёзныя шансы на перамогу, але тым не менш. І калі я ў гэтай сітуацыі скажу: дзякуй за давер, але няхай гэта паспрабуе зрабіць хто-небудзь іншы, гэта будзе не пазіцыя лідара, не пазіцыя палітыка.

— Заўсёды звяртаем увагу, як чалавек рэагуе на пытанні кшталту, ці хоча ён быць адзіным кандыдатам, прэзідэнтам. Чаму і Вы не адказваеце наўпрост, а ходзіце ваколіцамі?

— Я хачу стаць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Я хачу змяніць жыццё нашай краіны. Я хачу, каб Беларусь выйшла з тупіка, у якім знаходзіцца, а разам з гэтым – выйшла з хамства, з нялюдства, з брыды.

Гэта не азначае, што я некага заклікаю біцца са спецназам. Я нікога з вас не збіраюся кідаць не тое што пад кулі, а нават пад міліцэйскія палкі. Але ўсё, што залежыць ад мяне для таго, каб мы перамаглі, я зраблю.

Тым больш, што ўва мне ёсць адчуванне віны за 2010 год. І яно да гэтай пары мяне не пакідае. Усё-такі я пацярпеў паразу. Ёсць тое, што ёсць: я патрапіў у турму, а Лукашэнка застаўся на пасадзе кіраўніка краіны. Якімі метадамі гэта было дасягнута — ужо іншая рэч. А я не толькі не здолеў ажыццявіць свой план на Плошчы — я нават не дайшоў да Плошчы. Гэта мая віна і віна майго штаба. І гэта яшчэ адна прычына, па якой я не магу стаць убаку і глядзець, хто там і што зробіць зараз без мяне.

— Пра ўсе гэтыя рэйтынгі, абавязкі мы ўжо чулі ад некаторых дэмакратычных лідараў, якія жадалі стаць адзінымкандыдатам у розныя выбарчыя гады. Вам не падаецца, што вы з часам ператвараеццеся ў такога заскарузлага апазіцыянера, з пэўным шлейфам параз, які зноў і зноў збіраецца ісці на выбары…

— Дзе і калі я пахваліўся нейкім там рэйтынгам? Тут няма чым хваліцца. Я не для таго зараз пра гэта сказаў. Я проста растлумачыў адну з прычын, па якіх не магу з палітыкі сысці, хаця пры іншых абставінах ужо даўно сышоў бы.

Для мяне займацца літаратурай значна цікавей. У мяне ўсё там – сябры, амбіцыі, прэтэнзіі да гэтага жыцця і датаго, што я ў гэтым жыцці зрабіў. А тут у мяне ёсць толькі абавязкі.


"Максімальная задача — перамагчы ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года"

— А калі па часе павінен з’явіцца адзіны?

— Ясна, што ў 2013-м ніхто ўжо не паспее. Няхай, сапраўды, “Талака” правядзе тое, што задумала. І па выніках будзе відаць, хто мае перавагу ў прасоўванні сваіх ідэй далей.

Калі ж па розуме, то трэба было б ужо ў лістападзе-снежні сабраць кангрэс. Але ж розуму не заўсёды хапае.

— Ці маеце Вы права балатавацца на наступных выбарах з улікам судзімасці?

— Я не адбываў рэальнага пакарання ў турме (тое, што быў у “амерыканцы” – не лічыцца, як бы абсурдна гэта не гучала). А паколькі суд не прыгаварыў мяне да адбыцця пакарання, ніякіх абмежаванняў для мяне няма. Таму няхай Лазавік (гэта з яго заявы пачалося) не вярзе лухту.
Іншая справа, што ніхто ў нас ні на які закон не зважае. Калі уладам трэба будзе, яны і рэцыдывіста зарэгіструюць, і з тэлефоннай кнігі яму 100 тысяч галасоў для рэгістрацыі напішуць.

— Сфармулюйце коратка задачу на кампанію 2015 года.

— Задача-максімум— перамагчы. Задача-мінімум – выйсці з гэтых выбараў аб’яднанай апазіцыяй і набраць палітычную сілу, каб у бліжэйшай перспектыве ўдзельнічаць у працэсах, звязаных са зменай улады ў Беларусі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиПолитика ❯ Уладзімір Някляеў: Іду на выбары, бо ў мяне ёсць прэтэнзіі да Лукашэнкі