Кіраўнік “Аўтарадыё“: Такі судовы працэс даўно наспяваў

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
1 февраля 2011, 15:48
У Вышэйшым гаспадарчым судзе прайшло папярэдняе слуханне па справе "Аўтарадыё", якое аспрэчвае рашэнне камісіі па радыё і тэлебачанні аб спыненні вяшчання адзінай камерцыйнай станцыі ў FM-дыяпазоне. Кіраўнік "Аўтарадыё" Юрый Базан лічыць, што працэс будзе няпростым, але вельмі неабходным для айчыннага радыёвяшчання.

Суд вывучыў дакументы і пазнаёміўся з довадамі абодвух бакоў. Міністэрства інфармацыі лічыць, што "Аўтарадыё" парушыла творчую канцэпцыю і распаўсюдзіла заклікі да экстрымісцкай дзейнасці, паставіўшы ў эфір выбарчы ролік Андрэя Саннікава. На гэтай падставе радыё пазбавілі магчымасці вяшчаць. Кіраўніцтва радыё абсалютна з гэтым рашэннем не згоднае.

"Дзіва, што чыноўнікі з камісіі вызначылі, што ролік меў экстрэмісцкі змест. Гэта прызнаць можа толькі суд", - кажа дырэктар "Аўтарадыё" Юрый Базан, які пакуль абараняецца самастойна. Ён мяркуе, што працэс будзе няпростым, але вельмі важным: "Ніколі яшчэ ў Беларусі не было сур’ёзных працэсаў з удзелам радыёстанцыі, хаця ён даўно наспяваў. Урэшце рэшт, мы зразумеем, якія наступствы могуць мець выказванні палітыкаў у эфіры, а таксама ўздымем пытанне "творчай канцэпцыі", якую ў рэальнасці выканаць немагчыма. Да палітыкі наша радыё не мае ніякага дачынення, мы былі хутчэй "музычнай апазіцыяй", бо ставілі тую музыку, якая не гучала на іншых станцыях".

Першае судовае паседжанне па справе "Аўтарадыё" прызначана на 9 лютага.

Юрый Базан канстатуе вялікую цікавасць да гэтага працэса. "Мы раздалі неімаверную колькасць інтэрв’ю СМІ з усяго свету. Мяне ўразіла колькасць лістоў, паведамленняў, тэлефанаванняў у сувязі з нашым закрыццём. Людзі пішуць, што не могуць сядаць у машыну, выкідаюць прыймач, бо знікла наша хваля. Спадзяюся, што мы вернемся ў эфір".

"Аўтарадыё" адсутнічае на звыклых хвалях 105,1 FM у Мінску з 12 студзеня.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиОбщество ❯ Кіраўнік “Аўтарадыё“: Такі судовы працэс даўно наспяваў