Ня стала Галіны Сямдзянавай

"Радыё Свабода"
19 сентября 2011, 01:30
18 верасьня ад цяжкой хваробы памёрла Галіна Сямдзянава, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адна зь лідэраў беларускай дэмакратычнай незалежніцкай апазыцыі, паведаміў у сваім блогу Вінцук Вячорка.

Галіна Георгіеўна Сямдзянава нарадзілася 28 лютага 1947 году ў Гдыні (Польшча), у сям’і ўдзельнікаў вайны – марскога афіцэра і старшай апэрацыйнай сястры ваеннага шпіталя. Айчым Якаў Іванавіч Казлоў, які выхоўваў Галіну, быў ваенным лётчыкам. У вайну ягоны самалёт быў зьбіты, сам ён сур’ёзна паранены, аднак вярнуўся ў шыхт. Пасьля вайны служыў таксама ў Беларусі, закончыў службу генэрал-маёрам.

Галіна Сямдзянава закончыла Куйбышаўскі політэхнічны інстытут, працавала ў абароннай прамысловасьці на інжынэрскіх пасадах. Але сумавала па Беларусі, зь якой былі зьвязаныя найлепшыя ўспаміны дзяцінства.

Вярнуўшыся ў Беларусь, Галіна Сямдзянава пачала працу ў Камітэце народнага кантролю, узначальвала Наваградзкі раённы КНК.

Яе сумленнасьць, чуласьць да людзей забясьпечылі ёй вялікі аўтарытэт, і ў 1990 годзе Галіна Сямдзянава была выбраная народным дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларускай ССР ад Наваградзкай выбарчай акругі № 262.

У Вярхоўным Савеце Галіна Сямдзянава стала адным з найбольш прафэсійных і запатрабаваных дэпутатаў. Яна зрабіла свой ідэйны выбар: увайшла ў Дэпутацкую групу БНФ у Вярхоўным Савеце, была старшынёй яе Рэвізійнай камісіі. Працавала ў Камісіях Вярхоўнага Савету па экалёгіі і рацыянальным выкарыстаньні прыродных рэсурсаў; па таварах народнага спажываньня, гандлі і паслугах насельніцтву; у Часовай камісіі Вярхоўнага Савету па прывілеях.

Галіна Сямдзянава – адна з тых, хто дамогся абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе. Неацэнныя заслугі Галіны Сямдзянавай у стварэньні заканадаўчай базы незалежнасьці нашай краіны. Яна суаўтар Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР да рынкавай эканомікі (восень 1990). Удзельнічала ў распрацоўцы і прыняцьці дзясяткаў заканадаўчых актаў, у тым ліку Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусі, законаў для спэцыяльнай сэсіі Вярхоўнага Савету 24-25 жніўня 1991 году, калі была абвешчаная незалежнасьць.

Яна была аўтарам заканадаўчых прапановаў, накіраваных на стварэньне арміі Рэспублікі Беларусі. Старшынявала ў Беларускай асацыяцыі вайскоўцаў "Вяртаньне", якая пасьля распаду Савецкага Саюзу дапамагла вярнуцца ў Беларусь больш як чатыром тысячам вайскоўцаў, у тым ліку з зонаў узброеных канфліктаў.

У 1996-1997 гадах уваходзіла ў Сакратарыят Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які працягваў працу пасьля гвалтоўнага разгону 1996 году.

У Партыі БНФ Галіна Сямдзянава была адным з найбольш аўтарытэтных лідэраў і экспэртаў. Займала пасады намесьніцы старшыні (2002-2006), старшыні Юрыдычнай камісіі, старшыні Рэвізійнай камісіі (да 2010).

У 2008 годзе была накіраваная ад БНФ у Цэнтральную камісію па выбарах і рэспубліканскіх рэфэрэндумах, у 2010-м - у Менскую гарадзкую камісію па выбарах прэзыдэнта. Прынцыпова адстойвала законнасьць, прафэсійна выкрывала фальсыфікацыі, адважна заяўляла асобную думку. За гэта ня раз цярпела перасьлед і спробы запалохваньня ад уладаў. Але зь ёй былі вымушаныя лічыцца нават зацятыя апанэнты.

Ад нас адышоў выдатны чалавек, гістарычная постаць. Мы жывем у незалежнай краіне і дзякуючы Галіне Сямдзянавай. Сьветлая памяць.

Інфармацыя пра месца і час пахаваньня Галіны Сямдзянавай будзе пазьней.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиОбщество ❯ Ня стала Галіны Сямдзянавай