Самыя беларускамоўныя на Віцебшчыне

Абвешчаны ў Віцебску конкурс "З родным словам" працягваўся чатыры месяцы – з пачатку гэтага года. Паводле вынікаў, найбольшая колькасць матэрыялаў на беларускай мове змяшчаецца ў рэгіянальнай прэсе.

Конкурс "З родным словам" меў на мэце стымуляваць выкарыстанне роднай мовы ў перыядычным друку. У студзені ўсе друкаваныя выданні Віцебшчыны – дзяржаўныя абласныя, гарадскія і раённыя газеты, а таксама недзяржаўныя СМІ – атрымалі запрашэнні да ўдзелу.

Паводле ўмоваў спаборніцтваў, журы ў складзе актывістаў Таварыства беларускай мовы, журналістаў і пісьменнікаў мусіла вызначыць, як часта ў друкаваных СМІ Віцебшчыны публікуюцца беларускамоўныя матэрыялы. Аналізаваліся як тэксты, падрыхтаваныя супрацоўнікамі рэдакцый, так і наяўнасць беларускамоўных публікацый на літаратурных старонках ды ў раздзелах прыватных паведамленняў – рэкламы і аб’яваў.

Паводле старшыні Віцебскай рады ТБМ Іосіфа Навумчыка, паміж раённых газет пераможцай была аднагалосна прызнана Шумілінская "раёнка" "Герой працы": там не толькі амаль заўжды пішуць па-беларуску самі журналісты, але нават выступы загадчыка ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Міхаіла Кузьміча перакладаюць на беларускую мову.

Разам з "Героем працы" першае месца падзяліла раённая газета "Браслаўская звязда". Другое месца журы прысудзіла "Міёрскім навінам" і "Пастаўскаму краю", трэцяе – "Дняпроўскай праўдзе" з Дуброўна.

Сярод недзяржаўных выданняў безумоўным лідэрам стала таксама рэгіянальная газета – "Вольнае Глыбокае", бо ў штотыднёвіку "Витебский проспект" матэрыялы на беларускай мове друкуюцца толькі час ад часу.

З шасці наяўных у Віцебскай вобласці аб’яднаных, гарадскіх і абласных газет найбольш адказна паставіўся да конкурсу "Полацкі веснік": супрацоўнікі газеты нават зрабілі адмысловы альбом з беларускамоўнымі публікацыямі за чатыры апошнія месяцы. І менавіта гэтаму выданню дасталося першае месца, бо ў "Аршанскай газеце", "Віцьбічах", "Народным слове" і "Віцебскім рабочым" і наваполацкай "Новай газеце" тэксты па-беларуску друкуюцца значна радзей.

Абласная рада ТБМ вырашыла адзначыць і 15 аўтараў найбольш цікавых беларускамоўных матэрыялаў: журналістаў Мікалая Марозава з шумілінскай "раёнкі" "Герой працы", Веру Буланаву і Мікалая Дзянісава з "Браслаўскай звязды", Аляксандра Лазюка з "Голаса Сенненшчыны", Галіну Варатынскую з вушацкай раённай газеты "Патрыёт" ды іншых.

Памятныя падарункі для ўдзельнікаў конкурсу прадаставілі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і ГА "Згуртаванне Беларусаў Свету "Бацькаўшчына". Дыпломы і прызы журналістам і рэдакцыйным калектывам актывісты ТБМ дашлюць па пошце цягам траўня.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиОбщество ❯ Самыя беларускамоўныя на Віцебшчыне