File engine/modules/canonical_cat.php not found.
15 год "Рок-Каранацыі". Летапіс цырымоніі на UDF.BY

У 2011 годзе прэмія "Рок-Каранацыя" святкуе сваё 15-годдзе. Штогод на яе абрынаюцца з крытыкай, шматкроць яе хавалі, з яе здзекваліся і кпілі. Аднойчы яе згарнулі, а потым адрадзілі. Канцэрты перамяшчалі з тэатру ў канцэртны зал, а потым у раённы ДК, а адтуль — у клуб. Але пры ўсіх скандалах, недарэчнасцях і нежартоўных спрэчках, "Рок-Каранацыя" застаецца падзеяй у беларускім музычным жыцці і адзінай маштабнай беларускай музычнай прэміяй, якая дае тое, без чаго не абыйсціся творчай асобе — прызнанне. І няхай сабе ўручаюць пераможцамм не залатую статуэтку, а крышталёвы выраб шклозаводу "Нёман". Галоўнае, што "Рок-Каранацыя" стварыла кантэкст, у якім існуе сучасная беларуская рок-музыка. Летапіс цырымоніі, усе пераможцы за 15 год і рарытэтныя відэа ў сумесным праекце інтэрнэт-партала "Тузін Гітоў" і партала навінаў UDF.BY.

Рок-Каранацыя 1994
Ідэя правядзення "беларускага Грэмі" нарадзілася ў коле мінскіх журналістаў і музыкаў. У "Рок-Каранацыі" некалькі аўтараў — гэта паэт, журналіст і выдавец Юрый Цыбін, Генадзь Шульман, які зарэгістраваў у Беларусі першае канцэртна-прадзюсарскае агенцтва, журналіст Віталь Сямашка, вядомы з тэлепраграмы "Крок", а таксама Лявон Вольскі і Кася Камоцкая. Першая цырымонія прайшла 12 студзеня 1995 году ў Альтэрнатыўным тэатры. Гэта была адзіная ў гісторыі прэмія, на якой прысутнічаў міністр культуры Беларусі (ім быў на той час Анатоль Бутэвіч). У зале на 300 чалавек сабраўся ўвесь тагачасны мінскі бамонд. Сярод гледачоў былі Эдуард Ханок, Віктар Вуячыч і нават Генадзь Карпенка, са сцэны спявалі не толькі рок-гурты, але і Ліка Ялінская ды ансамбль "Сябры". "Кароны" уручылі тады толькі чатыры, а пасля канцэрту ўсе перамясціліся на шыкоўны фуршэт, які зладзіла фірма "Дайнова".

"Ніхто не разумеў, што адбываецца, але было відавочна, што падобнага мерапрыемства ў Беларусі бракавала", — скажа потым Юрый Цыбін.

Рок-карона — Крама
Альбом — Сон у трамваi (Новае Неба)
Традыцыі і сучаснасць — Палац
Дэбют — Why Not

Глядзець выступ "Крамы" на "Рок-Каранацыі" ►
Рок-каранацыя 1995
Другая цырымонія адбылася 19 студзеня 1996 году на той жа сцэне Альтэрнатыўнага тэатра. Спонсарская падтрымка дазволіла арганізатарам у дадатак да кароны ўручаць матэрыяльныя прызы — аўдыё- і відэатэхніку. Цікава, што ў гэтым годзе быў хіба адзіны выпадак, калі карону хацелі набыць: дырэктар аднаго з гуртоў, які быў па сумяшчальніцтве дырэктарам мозырскага рынка, прапаноўваў за прыз немалыя грошы. Кароны не далі, але выступіць запрасілі.
Выбар уладальніка галоўнай Рок-Кароны таксама ўпершыню быў успрыняты неадназначна. Адказнасць на сябе ўзялі сам Цыбін і Сямашка, якія дагэтуль мяркуюць, што Алег Мінакоў — адзіны з беларускіх музыкаў, які ўмее спяваць па-англійску. Але з такім выбарам далёка не ўсе пагадзіліся. Лявон Вольскі ў адным з інтэрв'ю выказаў сумнеў, што Rouble Zone была варта адзначэння, бо "не была асабліва папулярнай, мала выступала і выскачыла ў апошні момант". Cамі музыкі N.R.M. выступілі на прэміі не вельмі ўцямна, падчас іх выступа гледачы пачалі разыходзіцца. Але яны возьмуць яшчэ сваё.

Рок-карона — Rouble Zone
Альбом — Put Your Money… Now! (Rouble Zone)
Традыцыі і сучаснасць — Палац
Дэбют — Парадокс
Шоўмэн — Алег "Джагер" Мінакоў (Rouble Zone)
Лепшы тэкст — "Бывай" — N.R.M.
За вернасць жанру — Крама
Рок-князёўна — Кася Камоцкая

Глядзець выступ Rouble Zone на "Рок-Каранацыі-1995" ►
Рок-каранацыя 1996
У гэтым годзе "Рок-Каранацыя" змяніла звыклую пляцоўку неіснуючага ўжо Альтэрнатыўнага тэатра на сцэну кіназалы "Кастрычнік". Цырымонія прайшла 23 студзеня 1997 году. Рокеры гралі пад расцяжкай Дзяржаўнага камітэта па справах моладзі, які ўзяўся выкупіць частку квіткоў. Пафаснасці цырымоніі падыграў гурт "Палац", які прыехаў да кінатэатра на лімузіне і расклаў чырвоную дарожку, па якой і ўвайшоў у залу. "Карону" далі гурту "Ляпіс Трубяцкой", іх немудрагелістая песенька з прыпевам "Ау, ау, ау, я тебе всё равно найду" гучала з кожнага шапіка, дзе прадаваліся касеты. Але ў часткі публікі тое выклікала непрыманне — тагачасную творчасць "Ляпіса" да рок-музыкі цяжка было аднесці. Міхалок на тое паабяцаў "больш не таптаць сцэну "Каранацыі" сваімі папсовымі пяткамі" і сапраўды некалькі год у прэміі не ўдзельнічаў. На той жа цырымоніі здарыўся казус з песняй гурта N.R.M. — ім планавалася ўручыць карону за апалітычную песню "Мела мамка тры сыночкі", але музыкі выканалі свой сапраўдны востры хіт "Партызанская", і ў арганізатараў не было іншага выйсця, як прызнаць сваю памылку і назваць "песняй года" менавіта яе.

Рок-карона — Ляпіс Трубяцкой
Альбом — Ранетое сердце (Ляпіс Трубяцкой)
Традыцыі і сучаснасць — Палац
Дэбют — The Stokes
Песня — "Партызанская" (N.R.M.)
Тэксты — Ляпіс Трубяцкой
За лепшую інтэрпрэтацыю шлягера — Neuro Dubel ("Здравствуй, чужая милая")

Глядзець выступ "Ляпiс Трубецкой" на "Рок-Каранацыі" ►
Рок-каранацыя 1997
У гэтым годзе "Каранацыя" ізноў пераехала — яна прайшла ў кіназале "Масква" 29 студзеня 1998 году. У якасці дэкарацыі на сцэне паставілі імітацыю цаглянай сцяны, на якой былі накрэмзаныя надпісы вядучых беларускіх рок-гуртоў. Роўных N.R.M. у тым годзе ў беларускай музыцы сапраўды не было — к каманда следам за яркім альбомам "Одзірыдзідзіна" выдала свае галоўныя песні ў выглядзе касеты "Made in N.R.M." і ўзяла ўдзел у запісе супольнага праекту "Народны альбом", дзе Вольскі выканаў большасць песень. Арганізатары ўрэшце знайшлі пераемніцу Касі Камоцкай на пасадзе рок-князёўны, праўда Хрысціна Мендзялеева неўзабаве спыніць сваю кар'еру ў гурце Hasta La Fillsta ды з'едзе за мяжу.

Рок-карона — N.R.M.
Альбом — Народны альбом
Традыцыі ды сучаснасць — KRIWI
Дэбют — Thank You Jesus
Песня — "Я знаю любовь" (Новый Иерусалим), "Танец" (Пани Хида)
Тэксты — Міхал Анемпадыстаў (Народны альбом)
Падзея года — трыб'ют-складанка "Песнярок"
Відэакліп — "Слёзы на соснах" (Пани Хида)
Рок-князёўна — Хрысціна Мендзялеева (Hasta La Fillsta)

Глядзець выступ гурта "N.R.M" на "Рок-Каранацыі-1996" ►
Рок-каранацыя 1998
29 студзеня 1999 году "Рок-Каранацыя" прайшла ў канцэртнай зале "Мінск", якая стане ад гэтага моманту пастаяннай яе пляцоўкай. У гэты год пераможцам з двубою N.R.M. — Neuro Dubel выйшла каманда Кулінковіча. Карону музыкантам уручаў Уладзімір Мулявін, які без праблем пагадзіўся выйсці на сцэну "Каранацыі" і выступіць там з "Песнярамі", не выстаўляючы ніякіх умоваў. Момант атрымання Кароны з рук Мулявіна Кулінковіч дагэтуль згадвае, як адзін з самых яскравых у сваім творчым жыцці. Кіраўнік "Песняроў" разам з Анатолем Кашапаравым вырашылі нават адгукнуцца на творчы эксперымент і выканалі "Вологду" разам з "дзюбелямі" у панк-рок-інтэрпрэтацыі.

Рок-карона — Neuro Dubel
Альбом — Охотник и сайгак — Neuro Dubel
Традыцыі ды сучаснасць — Троіца
Дэбют — Happy Face
Песня — "Я буду ждать" (Аляксей Шадзько)
Рок-князёўна — Вераніка Круглова (KRIWI)
Відэакліп — "Охотник и сайгак" (Neuro Dubel)
Тэксты — Аляксей Шадзько
Музыка — Піт Паўлаў (N.R.M., KRIWI)

Глядзець выступ Neuro Dubel на "Рок-Каранацыі-1998" ►
Рок-каранацыя 1999
29 студзеня 2000 году ў канцэртнай зале "Мінск" каранавалі фолк-групу KRIWI. Нейкім чынам музыканты даведаліся пра сваю перамогу загадзя, таму яшчэ перад пачаткам цырымоніі замовілі фуршэт у рэстарацыі. Разам з рок-каронай гурт атрымаў і матэрыяльны прыз — на сцэну вынеслі пральную машыну, на якую адразу ўзабраўся ўдзельнік гурта Зміцер Вайцюшкевіч. Праўда, у далейшым, падзялілі між сабой прыз музыканты з складанасцямі, таму і арганізатары вырашылі нічога падобнага больш не ўручаць. "Каранацыя-99" запомнілася таксама заявай Аляксея Шадзько, што на цырымоніі ён больш граць не будзе праз няветлівае стаўленне да яго; тым, што лепшыя дэбютанты ТТ-34 жорстка напіліся перад сваім выступам, але адыгралі свой сэт без праблем, і тым, што адзін з адзначаных выканаўцаў за сцэнай выпадкова разбіў сваю карону.

Рок-карона — KRIWI
Альбом — Ворсинки и катышки (Neuro Dubel)
Традыцыі ды сучаснасць — Крама
Дэбют — ТТ-34, Exist
Песня — "Паветраны шар" (N.R.M.)
Рок-князёўна — Вераніка Круглова (KRIWI)
Відэакліп — "За туманам" — KRIWI
Тэксты — Аляксей Шадзько
Праект — супольны музычны праект «Святы вечар»
Музыка — Сяргей Трухановіч

Глядзець KRIWI выступ на "Рок-Каранацыі-1997" ►
Рок-каранацыя 2000
На цырымоніі, што прайшла 26 студзеня 2001 году, панавала адна група. N.R.M. знаходзілася ў найлепшай форме, музыкі выдалі альбом "Тры чарапахі", актыўна канцэртавалі па ўсёй краіне, таму нараканняў наконт таго, што гэтая каманда забрала ажно шэсць каронаў, не было чуваць. Удзельнікі гурта выходзілі па ўзнагароды па чарзе, а на фінальны сэт гітарыст гурта Піт Паўлаў выйшаў на сцэну голым, пад прыкрыццём адно толькі гітары. Гэты выступ паказалі на беларускім тэлебачанні, і ў аддзеле культуры Мінгарвыканкама сур'ёзна разважалі над пытаннем, ці з'ўляецца гэта прапагандай парнаграфіі. Але палічылі гэта за эротыку. Праўда, "Каранацыю" па дзяржаўным тэлебачанні больш не паказвалі.

Рок-карона — N.R.M.
Альбом — Тры чарапахi (N.R.M.)
Традыцыі і сучаснасць — Ur'ia
Дэбют — Без Білета
Песня — "Тры чарапахi" (N.R.M.)
Відэакліп — "Чыстая, светлая" (N.R.M., рэжысёр — Анатоль Вечар)
Тэксты — N.R.M.
Падзея — Я нарадзіўся тут
Гурт стагоддзя — "Песняры" Уладзіміра Мулявіна
Музыка — Лявон Вольскі (N.R.M.)

Глядзець выступ N.R.M. на "Рок-Каранацыі-2000" ►
Рок-каранацыя 2001
Прэмія прайшла 24 лютага 2002 году ў канцэртнай зале "Мінск". У той вечар вядучыя цырымоніі Анатоль і Аксана Вечары ў белых халатах уручалі кожнаму з выступоўцаў даведку аб тым, што ён "хворы на рок-н-рол". Атмасфера была ўрачыстая, але не надта радасная. Са сцэны нават прагучала фраза, што гэтая прэмія можа быць апошняй. Галоўную карону нечакана атрымаў прадзюсар Алесь Суша — прычым за праекты, адзначаныя ўжо на ранейшых цырымоніях. З'явіліся нават размовы пра тое, што бізнесовец Суша сам сабе набыў ўзнагароду, але арганізатары па сёння заўпэўніваюць, што проста вырашылі падтрымаць яго прадзюсарскія пачынанні.

Рок-карона — Алесь Суша (прадзюсар праектаў "Святы вечар" і "Я нарадзіўся тут)
Альбом — Хавайся ў бульбу (Крама)
Традыцыі і сучаснасць — Зміцер Вайцюшкевіч
Дэбют — Impatt
Песня — "Мая краіна — Беларусь!" (Без білета)
Рок-князёўна — Дана (Impatt)
Відэакліп — "На турэцкіх палях" (Палац)
Сайт году — "Любовь и Спорт"
Тэксты — Леанід Дранько-Майсюк
Музыка — Зміцер Вайцюшкевіч

Глядзець выступ праекта "Я нарадзіўся тут" ►
Рок-каранацыя 2002
На пачатку 2003 году пайшоў пагалосак, што "Рок-Каранацыі" не будзе. Цырымонія ўсё ж прайшла са значным спазненнем — ажно ў траўні месяцы і была прысвечаная памяці Уладзіміра Мулявіна, а само ўручэнне неяк адыйшло на другі план. Кожнаму з выступоўцаў прапанавалі выканаць твор "Песняроў" на выбар — "Стары Ольса", напрыклад, узялі "Молодость моя, Белоруссия", а "Ляпіс Трубяцкой" падзівілі каверам "За полчаса да весны". На гэтай "Каранацыі" упершыню прайшоў сур'ёзны перагляд сістэмы вызначэння пераможцаў — быў напісаны дакладны рэгламент, былі адкінутыя такія намінацыі, як "Рок-Князёўна", "Музыкант года", "Тэксты". Па выніку тры кароны сабраў новы праект Лявона Вольскага "Крамбамбуля". Вольскі сімвалічна перадаў на сцэну галоўную Рок-Карону сынам Мулявіна — Валерыю і Уладзіміру. Пад натхненнем ад поспеху "Крамбамбуля" запіша пасля лепшы свой альбом "Каралі раёну" з удзелам двух рок-каралей — Міхалка і Куллінковіча. Але ўсе працы, запісаныя ў 2003 годзе, пад разгляд журы не трапяць — прэмія ўзяла паўзу амаль на тры гады, і наступны раз вынікі падводзіліся адразу за два гады.

Гурт году — Крамбамбуля
Альбом году — Застольны альбом (Крамбамбуля)
Песня году — "Абсэнт" (Крамбамбуля)
Традыцыі і сучаснасць — Стары Ольса
Прадзюсары году — Руслан Макараў, Андрэй Халадзінскі, Адам Старповіч (Personal Depeche)
Падзея году — адкрыццё Першага музычнага канала
Адкрыццё году — Куклы

Глядзець выступ "Крамбамбулі" на адкрыцці "Рок-Каранацыі-2004-2005" ►
Рок-каранацыя 2004-2005
Цырымонія, што прайшла 28 лютага 2006 году ў канцэртнай зале "Мінск" можа па праву лічыцца самай скандальнай з усіх ранейшых і наступных. Адрадзілася яна ў не надта спрыяльны час — якраз існавала негалосная забарона на выступ шэрагу вядучых рок-камандаў. Напярэдадні прэміі на беларускім тэлебачанні паказвалі фільм аўтарства Азаронка, які прайшоўся па ідэі "Каранацыі" ды яе ўдзельніках. Але "забароненыя" усё ж з'явіліся на сцэне, пайшоўшы на хітрыкі. Так, на час цырымоніі "Крама" стала групай "Варашкевіч і Ка", а Neuro Dubel узяў назву "VIP" (што расшыфроўвалася, як "Выпіць і паплакаць"). Градус падвысіла і тое, што цырымонія праходзіла напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і ў зале знаходзіўся Аляксандр Мілінкевіч. Палітык узняўся двойчы з месца, каб уручыць кветкі новай рок-князёўне Русі і павіншаваць "выканаўцу году" Лявона Вольскага. А вось галоўных пераможцаў факт прысутнасці апазіцыйнага кандыдата напужаў — абвешчаныя рок-каралямі выканаўцы з гурта J:Морс на сцэну выходзіць адмовіліся, а потым распаўсюдзілі заяву, у якой назвалі "Рок-Каранацыю" палітычнаафарбаванай дзеяй.

Рок-карона — J:Морс
Прыз глядацкіх сымпатый — Фляўс і Кляйн
Альтэрнатыўны гурт году — ТТ-34
Блюз-рок выканаўца — Крама
Фольк-выканаўца — Іван Кірчук
Праект году — Прэм'ер Тузін 2005
Выканаўца году — Лявон Вольскі
Спявачка году (Рок-князёўна) — Руся (Indiga)
Дэбют году — Tav.Mauzer
Кліп году — "Турысты" (Крамбамбуля)
Песьня году — "Белакрылы анёл" (Zet)
Альбом году — Таnki (Neuro Dubel)

Глядзець выступ рок-князёўны Русі і гурта Indiga на "Рок-Каранацыі-2004-2005" ►
Рок-каранацыя 2006
На цырымоніі 25 лютага 2007 году ў канцэртнай зале "Мінск" сутыкнуліся два розных музычных лагеры. Арганізатары "Каранацыі" узяліся разбурыць стэрыятып наконт таго, што гэта цырымонія выключна для рокераў і выключна для беларускамоўных. Сярод іншых, узнагароды атрымалі гомельскія паслядоўнікі Сярогі — "Городская тоска", адэпт рускага року Атмараві, а галоўную Рок-Карону забралі англійскамоўныя металісты з гомельскага гурта Rasta.

"Рок-Каранацыя прайшла пад знакам свінні", — пісалі журналісты, маючы на ўвазе не толькі дзіўнага персанажа, які перыядычна выходзіў на сцэну. Перад пачаткам цырымоніі адмовілася выступаць група Indiga, якая заявіла пра непаважлівае стаўленне да сябе з боку арганізатараў, а некалькі асноўных дзеючых асобаў, у тым ліку Куллінковіч і Вольскі, у гэты год на сцэну цырымоніі не выйшлі, спаслаўшыся на хваробу.

Рок-карона — Rasta
Выканаўца году — Ян Маўзэр (Tav.Mauzer)
Цяжкая музыка — Rasta (альбом "The Age of Moverment")
Спеўная паэзія — Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra (альбомы "Танга з ружай" і "Песні з доўгай шуфляды")
Традыцыі і сучаснасць — Ur'ia (альбом "Калі-чакра")
Пазітыўная музыка — Нагуаль (альбом "У земли под юбкой")
Поп-рок выканаўца году — J:морс (альбом "Босиком по мостовой")
Рок-выканаўца году — Atmoravi (альбом "Романтика")
Хіп-хоп выканаўца году — Городская тоска (альбом "С миром")
Кліп году — "Яблочный чай" (Apple Tea)
Хіт году — "Гадзючнік" (N.R.M.)
Праект году — Прэм'ер Тузін-2006
Альбом году — "Босиком по мостовой" (J:морс)

Глядзець выступ гурту "Rasta" на "Рок-Каранацыі 2006" ►
Рок-каранацыя 2007
У гэтым годзе "Каранацыя" перажыла чарговую клінічную смерць. З усіх бакоў на яе накінуліся з татальнай крытыкай, колішняя "Рок-князёўна" Кася Камоцкая нават назвала дзею "рок-імітацыяй", зазначыўшы, што зараз "Каранацыя" не мае сэнсу, бо камерцыйныя праекты ў гэтай краіне пакуль немагчымыя, абвінаваціўшы арганізатараў у тым, што яны намагаюцца трапіць у афіцыёз з сабакамі ды парсюкамі на сцэне: "Але ім гэта не ўдаецца. Ладзіць афіцыйныя мерапрыемствы пры дыктатуры — гэта, па меншай меры, жаданне прыўкрасіць сітуацыю".

Як бы там ні было, цырымонія прайшла 29 лютага 2008 году ў канцэртнай зале "Мінск", і кожны з герояў году быў ушанаваны "кавалкам крышталя". Другі раз за гісторыю прэміі гуртом году быў прызнаны Neuro Dubel, які атрымаў прыз з рук пісьменніка Уладзіміра Арлова.

Рок-Карона (гурт году) — Neuro Dubel
Выканаўца году — Лявон Вольскі
Адкрыццё году — Детидетей
Прарыў году — Фляўс і Кляйн
Кліп году — Капітал (Ляпіс Трубяцкой)
Песня году — Капітал (Ляпіс Трубяцкой)
Традыцыі і сучаснасць (лепшы фольк-выканаўца году) — OSIMIRA
Рок-князёўна— Вольга Самусік (Tarpach, zygimont VAZA)
Праект году — "Калыханкі", дзіцячы фонд ААН UNICEF
Альбом году — Stasi (Neuro Dubel)

Глядзець выступ Neuro Dubel на "Рок-Каранацыі-2007" ►
Рок-каранацыя 2008
14 сакавіка 2009 году "Каранацыя" упершыню прайшла на выездзе — у доме культуры Маладзечна. Ды яшчэ і з сімфанічным аркестрам з мясцовай музычнай вучэльні імя Агінскага. Арганізаваная дзея была звышпафасна, сцэна выглядала, як дэкарацыя з фільма "Стиляги", праўда, абыйшлося без "дам з сабачкамі". Безумоўным фаварытам цырымоніі стаў "Ляпіс Трубяцкой". Сяргей Міхалок, згробшы ў рукі тры кароны, у танальнасць такой пампезнасці прамовіў пару сваіх іранічных вершаў ды паставіў залю на вушы хітамі з альбомаў "Капітал" і Manifest.

Рок-Карона (гурт году) — Ляпіс Трубяцкой
Песня году — "Зорачкі" — "Ляпис Трубяцкой"
Альбом году — Manifest (Ляпіс Трубяцкой)
Выканаўца году — Віталь Артыст (гурт beZ bileta)
Рок-князёўна — Ганна Хітрык (Детидетей)
Адкрыццё году — ESPRIT
Кліп году — Мечтатели (beZ bileta)
Традыцыі і сучаснасць — этна-трыё "Троіца"

Глядзець выступ Ляпic Трубецкой на "Рок-Каранацыі-2007" ►
Рок-Каранацыя 2009
Негледзячы на абяцанні, што прыстаўка "рок-" у назве прэміі будзе адкінута, цырымонія-2010 прайшла пад ранейшай назвай. Упершыню яна адбылася ў клубным фармаце — узнагароджвалі ў звыклым для ўсіх наведнікаў рок-канцэртаў мінскім клубе "Рэактар" 4 сакавіка 2010 году. Атрымалася меней пафасна і больш жыва. "Каранацыя" запомнілася не толькі выступам БЕЗ БИЛЕТА, якія забралі тры кароны, але і выхадам на сцэну гурта Neuro Dubel, якія начапілі на сябе парыкі ды старэчыя бароды, эфектным выступам цяжарнай на той час спявачкі і актрысы Насты Шпакоўскай з гурта Naka, якая атрымала статус новай рок-князёўны, дэбютам на "Каранацыі" самага паспяховага беларускага рэп-гурта "Нестандартны варыянт" і харавым спевам пры канцы песні, дзе ёсць толькі адзін радок: "Лайлайлайлайлай, мая краіна Беларусь".

Рок-Карона (гурт году) – БЕЗ БИЛЕТА
Песня году — "Ружовыя акуляры" (Ляпіс Трубяцкой)
Дэбют году — The Toobes
Традыцыі і сучаснасьць — Крама
Поп-рок праект году — Open Space
Рэп-праект году — Нестандартны варыянт
Выканаўца году — Зміцер Вайцюшкевіч
Рок-князёўня — Наста Шпакоўская, гурт Naka
Падзея году — канцэрт да 15-годдзя N.R.M.
Праект году — "Тузін. Перазагрузка"
Вяртанне году — Жнюв
Кліп году — Африка (БЕЗ БИЛЕТА)
Альбом году — Африка (БЕЗ БИЛЕТА)

Глядзець выступ БЕЗ БИЛЕТА на "Рок-Каранацыі-2009" ►
Рок-Каранацыя 2010
На цырымоніі, якая пройдзе 18 лютага ў КЗ "Мінск", прызоў за мінулы год уручаць не будуць. Вырашана падвесці рысу пад 15-гадовай гісторыяй і сімвалічна назваць лепшых з лепшых — "Лепшы беларускі гурт 15-годдзя" і "Лепшы беларускі альбом 15-годдзя". На перамогу прэтэндуюць усе ранейшыя ўладальнікі Галоўнай рок-кароны і пераможцы ў намінацыі "Альбом году".

На прэмію паклікалі ўсіх дзеяздольных "каралёў", праўда, не ўсе возьмуць удзел. Заяўленыя гурты Neuro Dubel, Крама, N.R.M., БЕЗ БИЛЕТА, KRIWI, Rasta. Так што гэта будзе рэдкая магчымасць пабачыць герояў ранейшых гадоў на адной сцэне. Галоўная інтрыга вечара — ці ўз'яднаецца хоць бы дзеля аднаго выступлення гурт N.R.M., удзельнікі якога актыўна рэпетуюць без Лявона Вольскага. Магчыма, на гэтай прэміі будзе пастаўленая кропка, і "Рок-Каранацыя" скончыць сваё існаванне.